Зарплата — галоўная крыніца даходаў беларусаў
За што жывуць беларусы? Большасць — за заробак. Але кожны пяты рубель — пенсіі, дапамогі і іншыя выплаты ад дзяржавы.
Страшны праклён «Каб ты жыў на адну зарплату!» з легендарнага кінафільма «Брыльянтавая рука», мяркуючы па статыстыцы Белстата, даўно стаў для беларусаў рэальнасцю, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Пра крыніцы сродкаў, якімі валодае насельніцтва, нядаўна распавёў Нацыянальны статыстычны камітэт.
- Па выніках студзеня-ліпеня 2023 года ў агульнай масе даходаў большую частку (64,7%) складаюць сродкі, атрыманыя ў выглядзе заработнай платы.
- Акрамя таго, кожны пяты рубель беларусы атрымліваюць у выглядзе трансфертаў. Гэта розныя пенсіі, дапамогі і іншыя выплаты, якія прадастаўляе дзяржава.
- Толькі 8,2% усіх даходаў прыпадае на сродкі ад прадпрымальніцкай дзейнасці.
- І, нарэшце, тыя 4,6%, што засталіся, складаюць даходы ад уласнасці і іншыя віды грашовых паступленняў.
Такая структура даходаў адносна стабільная. Але дынаміка дазваляе зрабіць некаторыя высновы. Так, за год доля аплаты працы знізілася на 0,4 працэнтныя пункты — з 65,1% да 64,7%, а доля трансфертаў, наадварот, вырасла з 21,9 да 22,5%. Доля даходаў ад прадпрымальніцтва захавалася на тым жа ўзроўні. Даходы ад уласнасці і іншыя віды даходаў знізіліся на 0,2 працэнтныя пункты.
Рост долі трансфертаў кажа пра залежнасць насельніцтва ад дзяржавы ў фінансавым плане. Прычым яна ўзрастае.
Зніжэнне долі аплаты працы, хутчэй за ўсё, з'яўляецца следствам адтоку вялікай колькасці высокааплатных спецыялістаў.
Нарэшце, тое, што доля даходаў ад прадпрымальніцтва стабільна нізкая, кажа пра ролю, якую ў бягучай канструкцыі сацыяльна арыентаванай эканомікі адводзяць прыватнаму бізнесу.
Нагадаем, самыя вялікія заробкі ў Беларусі ў Мінску. Прычым у зарплатным рэйтынгу лідзіруе сфера «інфармацыя і сувязь». Акрамя таго, у тройку самых высокааплатных відаў дзейнасці ўвайшлі фінансавая і страхавая дзейнасць, а таксама прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць.
Зрэшты, рост заробкаў у Беларусі, як пісаў «НЧ» — гэта не паказчык прадукцыйнасці працы, а паказчык толькі дэфіцыту кадраў у краіне. Высокія заробкі людзей абумоўлены менавіта становішчам на рынку працы ў Беларусі.