«Замест візіту Лукашэнкі пачаліся затрыманні». Работнікі Мёрскага металапракатнага завода кажуць, што іх кіраўніцтва «забралі»
Адразу некалькі работнікаў Мёрскага металапракатнага завода распавялі TUT.BY, што да іх на прадпрыемства нібыта прыходзілі спецслужбы. «Увесь завод гудзе пра тое, што арыштавалі генеральнага дырэктара, бухгалтара і яшчэ некалькіх супрацоўнікаў», кажуць завадчане. Таксама яны паведамляюць, што да іх на прадпрыемства сёння, 11 чэрвеня павінен быў прыехаць Аляксандр Лукашэнка, але візіт не адбыўся.
Да прыезду Лукашэнкі на заводзе, як кажуць супрацоўнікі, рыхтаваліся некалькі дзён. Аднак, варта адзначыць, што афіцыйнай інфармацыі пра тое, што ён збіраецца прыехаць на мёрскае прадпрыемства, не праходзіла.
— Прыляцець Лукашэнка павінен быў сёння. Поўным ходам ішла падрыхтоўка з усімі спадарожнымі імпрэзамі — як арганізацыйнымі, так і ў плане бяспекі. Склалі спісы слухачоў, маршруты і іншае. У горадзе таксама наводзілі марафет, — распавядае працаўнік. — Але ўчора ўсе падрыхтоўчыя працы рэзка спыніліся. Сёння раніцай пайшлі размовы, што ўчора спецслужбы затрымалі вышэйшае кіраўніцтва завода ў Мёрах і ў мінскім офісе. Але поўнай і дакладнай інфармацыяй я не валодаю.
Прыкладна такое ж паведамленне даслаў яшчэ адзін супрацоўнік прадпрыемства.
— Учора забралі ўсё кіраўніцтва — асноўнага заснавальніка, генеральнага дырэктара, бухгалтара, — пералічвае працаўнік. — Іх, накшталт, павезлі ў Віцебск. Кажуць, працуюць спецслужбы. Мінскае кіраўніцтва таксама нібыта затрымалі — фінансавага дырэктара, галоўнага бухгалтара. Па якіх прычынах — можна толькі здагадвацца...
Гэты працаўнік таксама пацвердзіў, што «на сёння планаваўся візіт Лукашэнкі, усё і ўсе рыхтаваліся».
— Нават верталёт прылятаў, рэпетаваў пасадку, — працягвае мужчына. — Але позна ўвечары ў сераду стала вядома, што Лукашэнка не прыляціць. А ўчора ўжо зусім іншыя пытанні ўзніклі. Атрымалася замест візіту — затрыманні.
Пра візіт Лукашэнкі расказаў і яшчэ адзін чалавек.
— Ён быў запланаваны на пятніцу, гэта значыць на сёння. Але Лукашэнка не прыляцеў, — распавядае адзін з завадчан. — А з учорашняга дня ўвесь завод гудзе пра тое, 10 чэрвеня нашага генеральнага дырэктара нібыта ў кайданках з працы забралі. Разам з ім заснавальніка, бухгалтара і кладаўшчыка. Асабіста я гэтага не бачыў. Але дакладна магу сказаць, што ўчора ў нас ля прадпрыемства назіралася дзіўная актыўнасць: хадзілі нейкія людзі ў касцюмах, прыязджала машына міліцыі.
Па словах работніка завода, генеральнага дырэктара прадпрыемства ніхто не бачыў з учорашняга дня, а яго машына так і засталася ўвечары стаяць на паркоўцы. Там яна і сёння.
— Нам сказалі, што візіт Лукашэнкі перанеслі. Такое ўжо не першы раз. Усё збіраецца, але ўвесь час усё пераносіцца. Не першы год едзе, — кажа мужчына.
Пра прычыны, па якіх маглі забраць гендырэктара, работнік кажа так:
— Кажуць, што няма абсталявання, якое павінна быць.
Аператыўна звязацца з кім-небудзь з кіраўніцтва прадпрыемства не атрымалася.