Украінскае эмбарга — шчасце беларусаў
Пакуль усе абмяркоўвалі забарону ва Украіне расійскіх сацыяльных сетак, па-за ўвагай апынулася тое, што можа аказацца больш значным для нашай краіны. Гаворка пра чарговае эмбарга на прадукцыю
расійскай прамысловасці. Ад гэтага беларусы могуць атрымаць выгаду для сябе, калі паварушацца.
«Галодныя гульні» Масквы і Кіева
Мінэканамразвіцця Расіі накіравала Сусветнай гандлёвай арганізацыі і ўраду Украіны запыт на правядзенне кансультацый, паказаўшы на неправамоцнасць шэрагу забаронаў, якія ўвёў Кіеў у дачыненні да расійскіх тавараў і паслуг. Такі запыт — першы этап падачы позвы ў суд.
Як патлумачыў журналістам кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Максім Арэшкін, гаворка ідзе пра тое, што на тэрыторыі Украіны забараняецца або «дыскрымінацыйна абмяжоўваецца» дзейнасць сотняў расійскіх кампаній-вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў і паслуг. Сярод іх машынабудаўнічыя прадпрыемствы, банкі, распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння, авіякампаніі.
Не будзем пачынаць бясконцае абмеркаванне «хто там першы пачаў». Лепш паглядзім, як у гэтай сітуацыі можа выйграць Беларусь. Пакуль найбольш цікавыя для нашай эканомікі дзве групы ўкраінскіх санкцый: у дачыненні да расійскіх грузавікоў і аўтобусаў, а таксама ў дачыненні да расійскіх угнаенняў.
Акно магчымасцяў для МАЗа
Паводле ўказу прэзідэнта Украіны №133 ад 15 мая, на тэрыторыі краіны на тры гады ўводзяцца эканамічныя санкцыі супраць шэрагу буйных расійскіх аўтавытворцаў. У спіс патрапілі ў тым ліку «Група ГАЗ» і КамАЗ. Пры гэтым менавіта расійская прадукцыя была найбольш папулярнай на ўкраінскім аўтобусным рынку. Летась, па дадзеных «Укравтопрома», прадукцыя расійскага вытворцы аўтобусаў ПАЗ (ён уваходзіць у «Групу ГАЗ») стала лідарам аўтобуснага рынка Украіны. За год у краіну быў пастаўлены 401 аўтобус. За першы квартал 2017 года ва Украіне ўжо было прададзена 90 аўтобусаў «ПАЗ» і 350 аўтамабіляў маркі «ГАЗ».
У прэс-службе КамАЗа заявілі, што на кампанію рашэнне ўкраінскіх уладаў ніяк не паўплывае: «Супраць нас санкцыі ўвялі яшчэ ў кастрычніку 2016 года, таму новыя абмежаванні на нас не ўплываюць. Больш таго, кастрычніцкія санкцыі на нас таксама не паўплывалі, таму што яшчэ ў сакавіку 2014-га мы цалкам сышлі з Украіны, прадалі ўсе сэрвісныя і дылерскія цэнтры і закрылі бізнес там». Сапраўды, апошні час афіцыйна ва Украіну прадукцыя КамАЗа не пастаўлялася. Але гэта не значыць, што яе там не куплялі — на рынку працавала мноства дробных прыватных аўтадылераў. Зараз і іх праца стане немагчымай.
КамАЗ перад пачаткам канфлікту ва Украіне (у 2013 годзе) займаў 45% мясцовага рынка цяжкіх грузавікоў, прадаючы ў год каля 700 новых аўтамабіляў розных класаў. Папулярнасцю ва Украіне карысталіся сельскагаспадарчыя самазвалы КамАЗ — гэтыя мадэлі абіралі ўкраінскія аграхолдынгі і фермеры. Да папулярных мадэляў адносіліся бартавыя аўтамабілі КамАЗ, цяжкія самазвалы, шасі «КамАЗ», на якіх выраблялі спецтэхніку ўкраінскія заводы.
У сваю чаргу, МАЗ апошнія гадоў дзесяць — лідар украінскага рынка вялікагрузных аўто (седлавых цягачоў), аб’ём якога складае каля 3,97 тысячы адзінак. Яго рынкавая доля, па дадзеных AUTO-Consulting, у 2013-м складала 20,6% (818 грузавікоў). КамАЗ быў трэцім з доляй 12,4% (483 штукі).
Цяпер аб’ём продажаў МАЗа і МЗКТ ва Украіне расце: беларускія заводы паспяхова прадаюць свае цяжкія машыны ўкраінскаму войску і прадпрыемствам абарончага комплексу Украіны — як шасі для ўзбраенняў. Аднак вайна на ўсходзе краіны не можа доўжыцца вечна, таму арыентацыя на рынак грамадзянскіх грузавікоў — найлепшая доўгатэрміновая стратэгія.
І тут МАЗ апынуўся ва ўнікальнай сітуацыі: сваёй прадукцыяй ён можа замясціць амаль увесь «выпадаючы» асартымент расійскай тэхнікі — акрамя, натуральна, лёгкіх грузавікоў ГАЗ. Напрыклад, МАЗ вырабляе ўвесь спектр аўтобусаў: ад невялікіх, для мясцовых перавозак, і да вялікіх міжнародных.
Па дадзеных Асацыяцыі аўтавытворцаў Украіны («Укравтопром»), у лютым 2017-га МАЗ стаў лідарам на мясцовым рынку па аб’ёмах продажаў аўтобусаў і мікрааўтобусаў. За гэты месяц ва Украіне быў прададзены 51 беларускі аўтобус. Па выніках двух месяцаў 2017 года МАЗ заняў на ўкраінскім рынку трэцяе месца, саступіўшы ўкраінскаму «Атаману» (72 аўтобусы) і расійскаму ПАЗ (52). Але цяпер ПАЗ будзе вымушаны сысці з рынка.
Для параўнання: пастаўкі МАЗа ва Украіну ў 2016 годзе склалі 44 аўтобусы, у 2015-м — усяго 3. Украіна летась заняла па аўтобусным імпарце з Беларусі трэцяе месца (пасля Расіі і Сербіі). Пры гэтым у МАЗа ва Украіне — адзін дыстрыбутар па ўсёй тэхніцы (ТАА «Гандлёвы дом «МАЗ-Украіна») і сетка дылераў, якая ахоплівае Цярнопаль, Харкаў, Крамянчуг, Кіеў, Мікалаеў і Днепр.
Паводле ацэнках украінскіх экспертаў, зараз МАЗ патэнцыйна можа нарасціць свае продажы ва Украіне ў два разы па грузавіках і ў тры-чатыры разы па аўтобусах. І ўсё гэта — не за кошт укладанняў у маркетынг і дылерскую сетку, а «самацёкам», проста дзякуючы сыходу расійскіх канкурэнтаў.
Для таго, каб украінскі рынак занялі новыя МАЗы, а не ўжываныя Scania, беларускім вытворцам трэба праявіць такія-сякія дзелавыя якасці. Напрыклад, здольнасць хутка рэагаваць на змены. А гэта тое, чаго востра бракуе нашым прамыслоўцам, якія звыкліся, што ініцыятыва караецца, а жыць трэба па зацверджаных міністэрствам пяцігадовых планах.
Рост продажаў на рынку Украіны можа кампенсаваць МАЗу страту расійскага рынка. Яна паступова ідзе ўжо не першы год. Продажы новых грузавікоў Мінскага аўтамабільнага заводу ў Расіі знізіліся за 2016 год з 2618 да 2553 адзінак, або на 2,5%, паведамляе расійская кампанія «Автостат Инфо». У выніку МАЗ саступіў трэцяе месца на рынку японскай Isuzu (2586 прададзеных аўтамабіляў).
Варыянт для «Гродна Азот»
Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі Украіны 18 мая ўвяла антыдэмпінгавыя мыты ў 31,84% на карбамід і карбамідна-аміячную сумесь з Расіі. Расследаванне Мінэканомікі Украіны пацвердзіла дэмпінг расійскіх вытворцаў. Пры гэтым РФ — асноўны пастаўшчык угнаенняў ва Украіну (80–90% ад агульнага аб’ёму). Па дадзеных агенцтва «Химкурьер», у 2016 годзе экспарт карбаміду з Расіі ва Украіну склаў 255 тысяч тон.
Зараз у Мінэканомікі Украіны заяўляюць, што трэба дыверсіфікаваць пастаўкі і настойваюць на абнуленні мытаў на імпарт угнаенняў азотнай групы для пастаўшчыкоў з іншых краін (урад ужо ўхваліў адпаведны законапраект). І першае, і другое на руку беларускаму «Гродна Азот». Асноўная прадукцыя ААТ — вадкі аміяк, азотныя ўгнаенні (карбамід, карбамідна-аміячная сумесь — КАС, сульфат амонію, аміячная вада) і капралактам. Украінскія антыдэмпінгавыя мыты ўдараць па прамых канкурэнтах «Гродна Азоту» — расійскіх прадпрыемствах «Куйбышевазот», ААТ «Новомосковская акцыянерная кампанія «Азот» і «Невинномысский азот».
Адначасова шырэй адкрыецца ўкраінскі рынак, на якім беларускі вытворца прадстаўлены пакуль даволі слаба. Вось лічбы: у 2016 годзе Беларусь скараціла экспарт азотных угнаенняў на 23,4% да 362,9 тысяч тон у пераліку на дзеючае рэчыва. У грашовым выразе экспарт зваліўся на 43,1% да $154,9 мільёна, у асноўным з-за паніжэння коштаў на гэтыя ўгнаенні. Падзенне экспарту працягваецца і на пачатку 2017 года.
Экспарт азотных угнаенняў у студзені быў ніжэй, чым у 2016-м, на 34,2%. Усяго было экспартавана 27,5 тысячы тон у пераліку на дзеючае рэчыва, у грашовым выразе ён знізіўся на 38,3% да $12,9 мільёна. Найбуйнейшымі пакупнікамі азотных угнаенняў у студзені сталі Сенегал, куды было пастаўлена 10,2 тысячы тон, і Францыя з 4,4 тысячы тон. Больш за 3 тысячы тон атрымалі Вялікабрытанія, ЗША і Украіна.
Зараз агульнае падзенне экспарту азотных угнаенняў можна кампенсаваць за кошт Украіны. Па дадзеных «Саюза хімікаў Украіны», у краіне існуе дэфіцыт азотных угнаенняў. Па аміячнай салетры гэты дэфіцыт ацэньваецца ў 25%, па КАС — 39%, па карбамідзе — 40%. Санкцыі супраць расійскіх вытворцаў зробяць дэфіцыт сур’ёзнейшым, а кошты — вышэйшымі. Што на руку беларусам. «Аграрны рынак Украіны, які летась вырас на 30%, патрабуе вялікай колькасці ўгнаенняў», — прызнаюць і ў расійскім «Еврохиме», які якраз і патрапіў пад дзеянне ўкраінскіх санкцый.
Галоўная канкурэнтная перавага беларусаў — сабекошт. Вытворчасць азотных угнаенняў патрабуе вельмі шмат прыроднага газу, а ён для «Гродна Азоту» нашмат таннейшы, чым для яго ўкраінскіх канкурэнтаў.