У Беларусі прапрацоўваецца магчымасць укаранення дэпазітнай сістэмы абарачэння тары

У Беларусі прапрацоўваецца магчымасць укаранення дэпазітнай сістэмы абарачэння тары. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Анатоль Шагун на прэс-канферэнцыі "Перспектывы развіцця другасных матэрыяльных рэсурсаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.



000013_00000077505.jpg

"У гэтым годзе мы завяршаем распрацоўку абгрунтавання магчымасці ўкаранення дэпазітнай сістэмы збору тары ў Беларусі. Такая сістэма прадугледжвае ўвядзенне дэпазіту на ўсе віды шкляной тары, ПЭТ-бутэлькі і тару з алюмінію", — растлумачыў намеснік міністра.


Перавага дэпазітнай сістэмы ў тым, што яна дае магчымасць вярнуць у абарот амаль 80 працэнтаў адходаў. "У кожнага чалавека з'яўляецца зацікаўленасць прынесці тару назад у магазін, вярнуўшы яе залогавы кошт. Тыя, хто жыў у Савецкім Саюзе, помняць, як такая сістэма працавала тады. Цяпер усё больш складана, бо колькасць відаў упакоўкі вырасла ў шмат разоў — гэта і шкло, і ПЭТ-бутэлькі, і металічная тара. Дэпазітная сістэма вельмі добрая для збору другаснай сыравіны, але трэба ўлічваць і шмат іншых момантаў: як гэта паўплывае на цану тавару, як такая сістэма будзе функцыянаваць, як яна будзе ўспрынята людзьмі", — адзначыў Анатоль Шагун.


Такая сістэма прымяняецца цяпер у Германіі, Эстоніі, у бліжэйшыя гады павінна быць уведзена ў Літве. "Вывучыўшы міжнародны вопыт, прымяніўшы яго да нашых рэалій, мы можам прапанаваць ураду варыянты і магчымыя тэрміны ўкаранення такой сістэмы ў Беларусі. Калі яны будуць падтрыманы, то мы будзем распрацоўваць праекты нарматыўных актаў. Як орган, які каардынуе ў краіне дзейнасць у сферы абыходжання з камунальнымі адходамі, мы зацікаўлены ў дэпазітнай сістэме, там што яна дае магчымасць сабраць вялікую колькасць другасных рэсурсаў, вызваліць камунальныя адходы ад шкла, ПЭТ-бутэлек. Але мы разумеем, што гэта складанае мерапрыемства, і яно патрабуе ўліку меркаванняў усіх суб'ектаў гаспадарання, якія будуць у гэтым задзейнічаны", — канстатаваў намеснік міністра.

belta.by