У Мінску судзяць экс-кіраўніка кампаніі «Тамбаз» — пацярпелымі праходзіць 615 чалавек
Суд Заводскага раёна Мінска 21 жніўня прыступіў да слухання крымінальнай справы былога гендырэктара СТАА «Тамбаз» Льва Хаюціна. Яго вінавацяць у службовай халатнасці (арт. 428 КК), а таксама ў злоўжыванні ўладай або службовым становішчам (ч. 3 арт. 424 КК).
Працэс вядзе суддзя Святлана Чарапанава, абвінавачванне прадстаўляе Аляксандр Талстагузаў. Слуханні праходзяць у будынку суда Маскоўскага раёна, дзе больш прасторныя памяшканні.
У справе 615 пацярпелых. Больш за 400 з іх прыйшлі сёння ў суд, паведаміла суддзя. Людзі патрабавалі дазволіць відэаздымку ў судзе, але пракурор і абаронцы былі супраць. У выніку па рашэнні суда здымку забаранілі.
Хаюціна затрымалі ў канцы 2017 года. Падставай для распачынання крымінальнай справы стала праверка Камітэта дзяржкантролю і фінансавай міліцыі.
Паводле інфармацыі Генпракуратуры, у перыяд кіраўніцтва будаўнічай кампаніяй Хаюцін, «недастаткова ацаніўшы яе фінансавае становішча, ажыццяўляў выпускі жыллёвых аблігацый, якія прыцягваюцца для будаўніцтва шматкватэрных дамоў». Прынятыя на сябе абавязацельствы кампанія не выканала.
«Акрамя таго, здзяйсняючы ад імя СТАА «Тамбаз» эканамічна немэтазгодныя здзелкі, Хаюцін атрымаў выгаду маёмаснага характару, а грамадства недаатрымала грашовыя сродкі, якія маглі быць накіраваныя на будаўніцтва жылых дамоў. Агульная шкода, прычыненая СТАА «Тамбаз», скла больш за 1 млн рублёў», — гаварылася ў паведамленні пракуратуры.
Паведамлялася таксама, што абвінавачаны выдаткаваў сродкі, прызначаныя для фінансавання будаўніцтва двух жылых дамоў у межах вуліц Багдановіча - Амурская - Тургенева - Тыражная і Багдановіча - Корш-Сабліна - Тургенева - завулак Верхні, на выкананне абавязацельстваў кампаніі па будаўніцтве іншага жылога дома і на аплату будматэрыялаў, а таксама будаўніча-мантажных работ на іншых аб'ектах будаўніцтва. Сродкі былі прыцягнутыя пры дапамозе выпуску і рэалізацыі жыллёвых аблігацый.
У выніку «Тамбаз» не змог выканаць абавязацельствы па будаўніцтве прафінансаваных аб'ектаў, што пацягнула прычыненне шкоды пакупнікам жыллёвых аблігацый на 21,5 млн рублёў.
6 лістапада 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 430, які ўстанаўлівае ўмовы завяршэння будаўніцтва жылых дамоў у раёне вуліцы Багдановіча, заказчыкам якіх з'яўлялася ТАА «Тамбаз». Завяршаць будаўніцтва аб'ектаў даручана новаму заказчыку — дзяржпрадпрыемству «УКБ Савецкага раёна г. Мінска». Для завяршэння будаўніцтва Мінгарвыканкам прадаставіў зваротную бюджэтную пазыку ў памеры 30 млн рублёў.
naviny.by