Страты Украіны ад вайны з Расіяй дасягнулі 565 мільярдаў долараў
Ужо на гэты момант страты Украіны ад вайны з Расіяй дасягнулі 565 мільярдаў долараў. Пра гэта паведаміла віцэ-прэм'ер краіны. І страты працягваецца…
У Міністэрстве эканомікі Украіны дэталізавалі структуру стратаў эканомікі ад вайны з Расіяй. І страты працягваюць расці, паведамляе korrespondent.net.
Аднаразовыя страты Украіны праз уварванне Расіі ацэньваюцца ўжо ў 564,9 мільярдаў долараў. Пра гэта паведаміла першая віцэ-прэм'ер-міністр – міністр эканомікі Украіны Юлія Свірыдзенка.
«Існуюць, па меншай меры, два метады іх падліку. Першы — гэта ацэнка стратаў ад непасрэдных разбурэнняў, другі — разлік стратаў ад агульнага ўплыву баявых дзеянняў, гэта значыць усіх наступстваў, уключаючы пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў дзяржаве, рост беспрацоўя, блакаванне гандлю, зніжэнне спажывецкага попыту і гэтак далей», — патлумачыла яна.
Свірыдзенка падрабязна апісала структуру стратаў эканомікі Украіны:
119 мільярдаў долараў — страты інфраструктуры (разбураныя і пашкоджаныя амаль 8 тыс. км дарог, дзясяткі чыгуначных станцый, аэрапорты);
112 мільярдаў долараў — страты ВУП у 2022 годзе;
90,5 мільярда долараў — страты грамадзянскага насельніцтва (10 млн кв. м. жылля, 200 тыс. аўтамабіляў, харчовае забеспячэнне 5 млн чалавек);
80 мільярдаў долараў — страты прадпрыемстваў і арганізацый;
54 мільярды долараў — страты прамых інвестыцый ва ўкраінскую эканоміку;
48 мільярдаў долараў — страты дзяржаўнага бюджэту.
Пры гэтым міністр адзначыла, што лічбы працягваюць расці. «Менавіта таму Украіна, нягледзячы на ўсе перашкоды, будзе дамагацца спагнання з агрэсара кампенсацыйных выплат. Як па судовых рашэннях, так і за кошт перадачы нашай дзяржаве замарожаных актываў РФ», — адзначыла Свірыдзенка.