Балтыйскі Марш гонару-2025

У суботу 7 чэрвеня ў чарговы раз Вільня прыняла Балтыйскі Марш гонару ці проста Балтыйскі прайд. З 2 па 8 чэрвеня ў летувіскай сталіцы адбываюцца шматлікія літаратурныя, артыстычныя, палітычныя і акадэмічныя імпрэзы, зьвязаныя з прайдам і жыцьцём ЛГБТК+супольнасьці. 

img_9968_1.jpg

Марш гонару «За роўнасьць» сабраў больш за 15 тысячаў удзельнікаў-цаў, якія скандавалі: «Мы ўсюль», «Роўныя правы ўсім» і «Нас нельга не заўважыць». Прайд адбыўся пад лёзунгам «Вольныя быць (сабою)». 

img_9984_2.jpg

Дарэчы, сёлета ўпершыню ў гісторыі віленскага прайду была заяўленая і беларуская калёна. Такім парадкам, беларуская супольнасьць ЛГБТК+ у Вільні і ейныя сымпатызанты-ткі прайшлі асобнай калёнай у межах маршу. Сярод шматлікіх ЛГБТК+сьцягоў і транспарантаў лунаў вялізны беларускі сьцяг, а таксама адзін цікавы плакат «Квірней, Беларусь!».

img_9992_1.jpg

Праўда, на самым пачатку сьвята не абышлося без дробнай непрыемнасьці: да беларускай калёны падыйшлі дзьве дзівосныя жанчыны ў чорным, якія настойліва прасілі не выкідваць беларускі сьцяг і ня мяшаць бел-чырвона-белыя колеры з «маскарадам». Заўсёды застаюцца беларусы-скі, якія хочуць манапалізаваць права на сьцяг, прысабечыць нейкую праўду, быццам яны адныя прадстаўляюць нацыю. Кабеты пачалі здымаць беларускую калёну на тэлефоны, быццам гэта магло напалохаць тых, хто публічна ганарыцца як сваёй беларускасьцю, так і квірнасьцю.

img_9977_2.jpg

Дзякуючы вечна маладому дыска, якое лілося з суседніх плятформаў, інцыдэнт хутка быў забыты, і на маршы гонару залуналі ня проста беларускія сьцяжкі, а агромністы бел-чырвона-белы сьцяг, які прыцягнуў увагу ўсіх. Замежныя турысты не аднойчы набліжаліся і пыталіся, што гэта за сьцяг.

Марш завяршыўся на Белым мосьце вялікім музычным канцэртам ля Вяльлі.