ISW: дасягненне справядлівага міру магчыма толькі ў выпадку істотных баявых страт або паразы Расіі

Прымусіць Пуціна спыніць вайну ва Украіне могуць не санкцыі, а сіла, перакананыя ў ISW. Тым часам аналітыкі лічаць, што Расія можа атакаваць Украіну больш маштабна, чым яна зрабіла апошнім часам. Але ёсць розніца паміж маштабам атак і іх вынікам. Ідзе 1201-шы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі на франтах ва Украіне зафіксавана 193 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 чэрвеня.

З іх 65 наступальных дзеянняў прыйшлося на Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі расіян ў раёнах Палтаўкі, Міралюбаўкі, Мірнага, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Новасергіеўкі, Удалага, Котліна і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны адбілі 25 атак паблізу Багатіру, Вясёлага, Бурлацкага і Вольнага Поля.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 22 разы, спрабуючы прасунуцца паблізу Грэкаўкі, Новага свету, Рэдкадубу, Зялёнай Даліны.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 15 атак непадалёк Тарэцка і ў бок Дыліеўкі і Яблонаўкі.

На Краматорскім кірунку зафіксавана 11 баявых сутыкненняў у раёнах Часавага Яра, у напрамку Белай Гары і Прадцечына.

На Курскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 31 атаку расіян. Акрамя гэтага, расіяне нанеслі па сваёй тэрыторыі 34 авіяцыйныя ўдары з ужываннем 62 кіраваных авіябомбаў.

* * *

Расія акупавала вёску Локня ў Сумскай вобласці, паведамілі аналітыкі Deepstate. Расійцы, між тым, давалі справаздачу аб акупацыі вёскі больш за два тыдні таму.

На адным з участкаў фронту расійскім войскам удалося выйсці на 20-кіламетровую адлегласць да горада Сумы, таму з часам можна чакаць удары FPV-дронамі па абласным цэнтры.

«Асноўны рэсурс расійцаў — пераважная колькасць пяхоты, якая рухаецца як арда і проста не сканчаецца. Для гэтага праціўнік засяродзіў значныя сілы ў гэтым раёне пасля выцяснення ўкраінскіх падраздзяленняў на Куршчыне... Праціўнік амаль не ўжывае тэхніку, а ставіць свае намаганні на пяхоту (часта на матацыклах) і дроны, якія выбіваюць лагістыку і пазіцыі», — дадалі ў DeepState.

Deepstate таксама піша, што армія РФ прасунулася ў Кандрашоўцы Харкаўскай вобласці і Яблонаўцы Данецкай вобласці.

* * *

У ноч на 8 чэрвеня расіяне атакавалі Украіну 49-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў, а таксама супрацькарабельнай ракетай «Онікс», двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69.

СПА абясшкоджана 40 варожых БПЛА. 22 збіта агнявымі сродкамі паразы, 18 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

* * *

504936053_1062353949411016_1302879601508189405_n.jpg

* * *

Злучаныя Штаты лічаць, што абяцаны кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным адказ на аперацыю «Павуціна» яшчэ не адбыўся ў поўным маштабе і, верагодна, будзе «значным і шматпланавым», піша Reuters.

Тэрміны рэалізацыі адказу пакуль не ясныя. Адзін з суразмоўцаў агенцтва выказаў здагадку, што гэта можа адбыцца цягам некалькіх дзён. Іншы прадстаўнік ЗША адзначыў, што ў адказ могуць быць задзейнічаны розныя віды авіяўдараў, у тым ліку ракеты і беспілотнікі.

Чыноўнікі не раскрылі чаканыя мэты Расіі і не казалі пра дэталі. Адзін з іх заявіў, што атака Масквы будзе «асіметрычнай», гэта значыць адрознівацца па падыходу і мэтам ад украінскага ўдару па ваенных самалётах.

У пятніцу Расія ўжо ажыццявіла інтэнсіўную атаку ракетамі і дронамі на Кіеў і заявіла, што гэта быў адказ на спецаперацыю з боку Украіны. Аднак, паводле ацэнкі ЗША, гэта яшчэ не поўны адказ.

Адна з заходніх дыпламатычных крыніц паведаміла, што Расія, імаверна, толькі пачала адказ, які можа ўзмацніцца ўдарамі па сімвалічных аб'ектах, у тым ліку ўрадавых будынках у Кіеве.

* * *

Заходняя ваенная падтрымка, эканамічны ціск і страты расійскага войска на полі бою могуць змяніць уяўленні кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна пра вайну і заахвоціць яго да перамоў, лічаць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

«Узмацненне эканамічнага ціску на Расію хоць і з'яўляецца пазітыўным палітычным крокам, але само па сабе недастаткова, каб прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў або змяніць яго ўяўленні пра перамогу. Працяг заходняй ваеннай дапамогі Украіне застаецца ключавым для ажыццяўлення кампаніі ціску на Расію, якая можа прымусіць Пуціна перагледзець сваю тэорыю перамогі», — тлумачаць аналітыкі.

Пуцін і далей кіруецца ідэяй, згодна з якой расійская армія здольная паступова прасоўвацца даўжэй, чым Украіна зможа абараняцца, і даўжэй, чым Захад захавае падтрымку Кіева. Таму, верагодна, кіраўнік Крамля і далей будзе адмаўляцца ад змястоўных перамоваў з ЗША і Украінай.

ISW лічыць, што дасягненне справядлівага міру магчыма толькі ў выпадку істотных баявых страт або паразы Расіі. 

«Заходняя дапамога, у прыватнасці сістэмы ўзбраення, якія толькі Злучаныя Штаты могуць даць хутка і ў неабходным аб'ёме, дазволіць украінскім сілам лепш абараняць свае пазіцыі, запаволіць прасоўванне Расіі і нанесці яшчэ больш сур'ёзныя страты расійскім вайскоўцам», — дадалі ў справаздачы.

Акрамя таго, аналітыкі падкрэсліваюць, што рост страт арміі РФ, якія не суправаджаюцца прыкметнымі тэрытарыяльнымі набыткамі, могуць стварыць Пуціну сур'ёзныя выклікі — у прыватнасці, у захаванні ўнутранай падтрымкі і балансе паміж вайной і сацыяльнымі патрэбамі.

* * *

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё падчас размовы з міністрам замежных спраў Францыі Жан-Ноэлем Баро заявіў пра важнасць працягу мірных перамоў паміж Украінай і Расіяй.

Адной з тэм перамоў былі бягучыя намаганні, накіраваныя на спыненне вайны ва Украіне. «Рубіё падкрэсліў важнасць працягу прамых перамоў паміж Расіяй і Украінай для дасягнення ўстойлівага міру», — адзначаецца ў паведамленні Дзярждэпартамента ЗША.