У адказ на аперацыю «Павуціна» Расія атакавала Украіну з прынцыпам «на каго бог пашле»
У адказ на аперацыю «Павуціна» Расія нанесла свой камбінаваны паветраны ўдар — зноў па грамадзянскай інфраструктуры Украіны. Было выкарыстана больш за 400 дронаў і 40 ракет. А прэзідэнта ЗША Дональда Трампа змушаюць да падтрымкі Украіны. Ідзе 1199-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 204 баявых сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 чэрвеня.
Траціна атак была здзейснена на Пакроўскім кірунку —там абаронцы Украіны спынілі 76 штурмаў расіян у раёнах Палтаўкі, Міралюбаўкі, Малінаўкі, Шаўчэнка Першага, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Зверава, Удалага, Котліна, Новасергіеўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 26 штурмаў паблізу Багатіра, Канстанцінопалю, Навасёлкі, Зялёнага Поля і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 20 разоў, спрабуючы прарвацца ў раёнах Грэкаўкі, Новага Свету, Рэдкадубу, Зялёнай Даліны і іншых.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак каля Дыліеўкі, Тарэцку, Неліпаўкі, Шчарбінаўкі і іншых.
Па дзевяць боесутыкненняў зафіксавана на Харкаўскім і Краматорскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 16 атак расіян.
* * *
Расійскія войскі пачалі актыўныя наступальныя дзеянні на вёску Малінаўка Запарожскай вобласці з мінімальным выкарыстаннем вайсковай тэхнікі, паведаміў 5 чэрвеня аналітычны праект DeepState.
Аналітыкі ўдакладнілі, што штурмавыя групы расійцаў пачалі актыўныя наступальныя дзеянні раніцай 5 чэрвеня, нягледзячы на тое, што раней гэты ўчастак фронту доўгі час быў адным з самых спакойных.
Паводле іх звестак, расійскія войскі «шматлікімі групамі да сямі чалавек праводзяць наступальныя дзеянні з мэтай заняць Малінаўку, але за першыя суткі вораг уклініўся ў шэрую зону і пракраўся ў лесапалосы на ўсход ад вёскі. Некаторыя рухаліся прама пасярод поля ў надзеі заспець сілы абароны Украіны знянацку».
«Па ворагу працуе артылерыя і дроны», — адзначаюць у DeepState.
* * *
Расія ўначы 6 чэрвеня нанесла камбінаваны ўдар па Украіне. Армія РФ запусціла 407 беспілотнікаў і каля 44 ракет, паведаміў начальнік упраўлення камунікацый камандавання паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат у эфіры тэлемарафона.
«У цэлым аж 407 ударных БПЛА ўжылі сёння расіяне па тэрыторыі нашай дзяржавы. Таксама ёсць даныя па ўжыванні ворагам 6 балістычных ракет, і 38 крылатых ракет, большасць з іх знішчана», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, сілы СПА збілі да 30 ракет і да 200 беспілотнікаў, але падлікі працягваюцца.
Камбінаванай атацы з боку Расіі падвергнуўся Кіеў. У выніку падзення абломкаў і трапленняў пашкоджаны аб'екты грамадзянскай інфраструктуры, жылыя дамы, аўтамабілі, а таксама шляхі метрапалітэна. Чатыры чалавекі загінулі, 20 атрымалі раненні. Трое загінулых — ратавальнікі ДСНС Украіны, якія працавалі пад абстрэламі, каб дапамагчы людзям. Яшчэ 9 ратавальнікаў атрымалі раненні, сярод іх ёсць тыя, хто знаходзіцца ў цяжкім стане.
Расія ўсё часцей ужывае «паўторныя атакі», калі ўдары наносяцца ў месца папярэдняй атакі — дзе ўжо працуюць ратавальнікі.
Камбінаванай атацы крылатымі ракетамі «Калібр» і БПЛА падвергнуўся Цярнопаль. У выніку атакі пашкоджана прамысловая інфраструктура, пацярпелі 5 чалавек.
Расія ў ноч на 6 чэрвеня атакавала Крэменчуг Палтаўскай вобласці. Пацярпелі тры чалавекі.
Львоўскую вобласць таксама атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі і крылатымі ракетамі. Абышлося без ахвяр, але ёсць пашкоджанні.
У ноч на 6 чэрвеня расійскія войскі ажыццявілі масіраваны абстрэл Луцка, ужыўшы ракеты і дроны. У выніку атакі часткова разбураны жылы дом, пяць чалавек пацярпелі.
У ноч на 6 чэрвеня сілы абароны Украіны атакавалі нафтабазу ў горадзе Энгельс Саратаўскай вобласці Расіі, у выніку ўдару адбыўся маштабны пажар. Аб'ект выкарыстоўваецца для запраўкі стратэгічнай авіяцыі, якая ажыццяўляе ракетныя ўдары па тэрыторыі Украіны.
* * *

* * *
The Atlantic са спасылкай на трох чыноўнікаў адміністрацыі і вонкавага дарадцу Белага дома піша, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп быў абураны рашэннем Украіны нанесці ўдары па расійскіх вайсковых аэрадромах стратэгічнай авіяцыі. У Трампа гэтая атака выклікала гнеў і справакавала новую хвалю дыскусій аб мэтазгоднасці далейшай падтрымкі Кіева.
Паводле інфармацыі выдання, Трамп у прыватных гутарках выказаў незадаволенасць тым, што Украіна пайшла на такі крок без узгаднення са Злучанымі Штатамі. Прэзідэнт ЗША назваў лідара Украіны Уладзіміра Зяленскага «гарачай галавой», які, на яго думку, можа падштурхнуць свет да Трэцяй сусветнай вайны.
Са слоў дарадцы Белага дома, Трамп быў уражаны адвагай удараў, але мяркуе, што Зяленскі павінен засяродзіцца на перамовах паміж Украінай і Расіяй.
* * *
У той жа час спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг назваў спецаперацыю СБУ «Павуціна» па знішчэнні стратэгічнай авіяцыі РФ прыкладам эфектыўнага і смелага лідарства.
Келог адзначыў у сацсетцы X, што «адважнае лідарства і дзёрзкія дзеянні могуць змяніць характар поля бою», спасылаючыся як на свой вайсковы досвед, так і на гістарычныя прыклады.
«Гэтая падзея можа стаць штуршком да міру, але абодва бакі павінны заставацца адданымі місіі прэзідэнта Трампа — спыніць кровапраліцце і пакласці канец вайне», — мяркуе Келаг.
* * *
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц пасля перамоваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам адзначыў агульны абавязак Берліна і Вашынгтона ва ўзмацненні ціску на Расію, піша DW.
Пасля размовы з Трампам Мерц сказаў, што ён нагадаў кіраўніку Белага дома, што «Амерыка заўсёды была адказная ў глабальным маштабе за аказанне ціску на тых, хто збіраецца ваяваць». Канцлер таксама адзначыў, што дзве краіны «цяпер разам абавязаныя аказваць большы ціск» на Расію, каб яна спыніла вайну ва Украіне.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хоча і далей падтрымліваць Украіну. Але яго галоўнай мэтай з'яўляецца спыненне кровапраліцця, заявіў ён падчас сустрэчы з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам у Белым доме.
Журналісты спыталі ў Трампа, ці будзе ён працягваць падтрымку Украіны. «Так, я з Украінай. Мы толькі што падпісалі буйную здзелку па рэдказямельных металах з Украінай. І мы гэтага хочам. Ведаеце, я за спыненне забойстваў. Вось чаго я сапраўды хачу», — адказаў ён.