Еўропа наладзіць вытворчасць зброі па ўкраінскіх ліцэнзіях

Украіна і Еўропа будуць разам ствараць дроны, ракеты, боепрыпасы, сродкі РЭБ і іншыя віды ўзбраення, распрацаваныя ва Украіне. Прынамсі, пра гэта дамовіліся на «Рамштайне». «Дэмілітарызацыя» Украіны ад Пуціна прывяла да таго, што там з'явіліся цікавыя распрацоўкі зброі. Ідзе 1198-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

1643112009_8_hdpic_club_p_leleka_100_bespilotnii_letatelnii_apparat_19.jpg

За мінулыя суткі на франтах ва Украіне зафіксавана 169 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 5 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 61 атаку расіян у раёнах Малінаўкі, Міралюбаўкі, Гродаўкі, Лісоўкі, Новаўкраінкі, Удалага, Новасергіеўкі, Катляроўкі, Андрэеўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 25 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Грэкаўкі, Новага свету, Карпаўкі, Рэдкадубу і Торскага.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 13 штурмаў паблізу Атраднага, Свабоднага Поля, Навасёлкі, Багатіру.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 11 атак у раёнах Тарэцку, Раманаўкі і Русіна Яра.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 31 боесутыкненне. Расіяне нанеслі 17 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 31 кіраваную авіябомбу.

* * *

Расійцы ў ноч на 5 чэрвеня масіравана атакавалі беспілотнікамі Прылукі Чарнігаўскай вобласці. Пацярпелі дамы ў жылой забудове, у выніку атакі загінулі прынамсі пяць чалавек, якіх знайшлі пад заваламі. Сярод іх — аднагадовае дзіця. 

У ноч на 5 чэрвеня армія РФ нанесла ракетны ўдар па адным з раёнаў Харкава, і атакавала дронамі жылыя дамы. Зафіксавана трапленне па жылых шматпавярховіках Слабадскога раёна. Пацярпелі 19 чалавек, сярод якіх чацвёра дзяцей.

* * *

502987885_1060110129635398_5686406600051888455_n.jpg

* * *

ЗША адмаўляюцца даць супрацьпаветраную абарону для падтрымкі сіл стрымлівання, якія плануюць разгарнуць Вялікабрытанія і Францыя ва Украіне пасля заканчэння баявых дзеянняў, піша Bloomberg.

Са слоў крыніц Bloomberg, еўрапейскія хаўруснікі падчас абмеркаванняў з амерыканскімі калегамі прыйшлі да высновы, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не дасць гарантый, якіх яны патрабавалі для падтрымкі ўзначаленай Еўропай «кааліцыі рашучых».

Як адзначылі крыніцы, Вялікабрытанія і Францыя спадзяюцца на тое, што ЗША працягнуць прадастаўляць разведданыя і ажыццяўляць назіранне за ўкраінска-расійскай мяжой.

Некаторыя еўрапейскія чыноўнікі таксама чакаюць, што Трамп ўмяшаецца, калі брытанскія і французскія войскі стануць мішэнню Расіі ва Украіне, але лічаць, што ён наўрад ці будзе гарантаваць такое ў пісьмовай форме.

* * *

Уладзімір Пуцін выкарыстаў тэлефонную размову з кіраўніком Белага дома Дональдам Трампам, каб паспрабаваць адлюстраваць Украіну як «нелегітымнага партнёра» па перамовах, які «не зацікаўлены ў міры», лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Са слоў памочніка прэзідэнта Расійскай Федэрацыі у замежнапалітычных пытаннях Юрыя Ушакова, Пуцін абмеркаваў з Трампам сход цягнікоў з рэек 31 траўня ў Расіі, украінскія ўдары па расійскіх вайсковых авіябазах 1 чэрвеня, і ўкраінска-расійскія перамовы ў Стамбуле 2 чэрвеня.

Пуцін паскардзіўся Трампу, што Украіна нібыта нясе адказнасць за сход цягнікоў з рэек, зрэшты, як адзначыў Ушакоў, Масква «не паддалася» і ўсё ж прыняла ўдзел у перамовах у Стамбуле, нягледзячы на «правакацыі».

«Заявы Пуціна Трампу, імаверна, таксама накіраваныя на тое, каб адцягнуць увагу ад уласнай незацікаўленасці ў перамовах і прадаўжэння падрыхтоўкі да працяглай вайны, каб пазбегнуць магчымых будучых санкцый з боку ЗША, адлюстраваўшы Украіну як дрэннага гульца», — піша ISW.

* * *

Падчас сустрэчы ў фармаце «Рамштайн» было прынятае рашэнне запусціць новую ініцыятыву сумеснай вытворчасці ўкраінскай зброі ў краінах-партнёрах для патрэб Украіны, распавёў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў.

«Некаторыя з нашых бліжэйшых партнёраў — тыя, хто дае мільярдную ваенную дапамогу — пастаянна звяртаюцца да нас з прапановай будаваць заводы для вытворчасці сучаснага ўкраінскага ўзбраення ў сваіх краінах. Партнёры гатовыя вырабляць украінскую зброю, украінскія распрацоўкі ў сваіх краінах па афіцыйнай ліцэнзіі», — распавёў Умераў.

Паводле яго слоў, пазіцыя Украіны нязменная — першачарговым прыярытэтам з'яўляюцца патрэбы Сіл абароны Украіны.

«Партнёры пацвердзілі: усё вырабленае на такіх прадпрыемствах пойдзе на патрэбы ўкраінскага войска — пакуль ідзе вайна. Яны гатовыя цалкам прафінансаваць гэтыя вытворчасці і нават прадугледзець дадатковае фінансаванне. Гэтая ініцыятыва — гэта стратэгічны прарыў. Сумесна мы будзем вырабляць дроны, ракеты, боепрыпасы, сродкі РЭБ і іншыя віды ўзбраення», — адзначыў міністр.

Умераў выказаў надзею, што ініцыятыва будзе падтрымана ў рамках Еўрапейскай праграмы SAFE, якая прадугледжвае 150 млрд еўра на развіццё абароннай прамысловасці.

* * *

Расія працягвае ахвяраваць велізарнымі чалавечымі рэсурсамі, не дасягаючы ніякіх стратэгічных вынікаў на фронце. Нягледзячы на гэта, Крэмль дагэтуль не дэманструе гатоўнасці да міру, заявіў кіраўнік Мінабароны Германіі Борыс Пісторыус.

«Расія наогул не ўлічвае свае страты. За кожны сантыметр ўкраінскай зямлі яны ўскладаюць проста горы чалавечых жыццяў. Цяжка нават сабе ўявіць», — адзначыў міністр.

«Ваенны поспех Расіі — ён проста ніякі. Пуцін можа ў любы момант паставіць кропку ў гэтай вайне, але Расія заявіла выразна, што яны не хочуць шукаць мірнага ўрэгулявання вайны і працягваюць вылучаць свае завоблачныя ўльтыматумы. Але скажу, што Расія не дасягне таго, што задумала, бо Украіна смела абараняе сваю тэрыторыю, сваіх людзей», — дадаў ён.

Пісторыус падкрэсліў, што Германія падтрымлівае Украіну ў яе імкненні абараняць сваю тэрыторыю. Кіраўнік нямецкага Мінабароны распавёў, што ўкраінскія войскі «хутка» могуць атрымаць першую ўкраінскую дальнабойную зброю, вытворчасць якой прафінансавала Германія. «Атрыманне гэтай дальнабойнай зброі будзе магчымае яшчэ да канца гэтага года», — распавёў ён.

Пра якую менавіта зброю ідзе гаворка, Пісторыус не ўдакладняў.

* * *

Амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў, што Сенат гатовы найбліжэйшым часам даць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу «больш інструментаў» супраць кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна, «улічваючы ягоныя паводзіны».

Грэм у сацсетцы Х намякнуў Трампу на неабходнасць змяніць падыход да РФ: «Зразумела, што, улічваючы паводзіны Пуціна і ягоную адмову быць разважлівым, Сенат хутка дасць прэзідэнту Дональду Трампу яшчэ больш інструментаў у ягоным арсенале, і гэта будзе не пернік».

Ён адзначыў, што шануе той факт, што Трамп «уступіў у пазітыўны кантакт з Пуціным, каб паспрабаваць прымусіць яго сесці за стол перамоваў». «Я заўсёды падтрымліваў такі падыход, але для ўстанаўлення міру патрэбныя партнёры, гатовыя да гэтага», — заявіў сенатар.