Станіслаў Багданкевіч: падзенне долара — часовая з’ява
Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што “падзенне долара — часовая з’ява”.
Станіслаў Багданкевіч
Сёння на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы курс долары знізіўся чацвёрты раз запар — да 14.490 рублёў.
Увогуле ж, за апошнія чатыры дні долар згубіў 230 беларускіх рублёў, у той час, як за сакавік амерыканская валюта знізілася на 190 рублёў.
Станіслаў Багданкевіч: Я лічу, што гэта часовыя ваганні долара, якія звязаныя са скарачэннем грашовай масы, рублёвых даходаў насельніцтва, заробкаў. Калапс у эканоміцы вядзе да таго, што прадпрыемствы пераходзяць на няпоўны працоўны тыдзень, некаторыя часова спыняюцца. У людзей няма грошай на куплю валюты. Атрымоўваецца, што негатыўная сітуацыю ў эканоміцы вядзе да плюсаў на валютным рынку. Да таго ж, сказваецца палітыка Нацбанка, якая накіраваная на захаванне высокіх працэнтных ставак па дэпазітах і крэдытах.
РР: Як доўга можа зніжацца долар?
Станіслаў Багданкевіч: Калі пачнецца пасяўная кампанія, павялічыцца і грашовая маса. А значыцца курс долара ізноў пачне расці.
РР:У той час, як долар зніжаецца, расейскі рубель у апошнія дні наадварот расце. З чым гэта звязана?
Станіслаў Багданкевіч: З няпэўнай сітуацыяй на сусветным нафтавым рынку. Калі кошты на нафту ізноў пачнуць зніжацца, то і расейскі рубель пойдзе ўніз. Таму ўмацаванне расейскай валюты я б таксама назваў часовым. Ніхто не ведае, як адрэагуе нафтавы рынак на падзеі ў свеце, а, тым больш, якія падзеі нас чакаюць у бліжэйшай перспектыве. Ці будзе мір у арабскім свеце? Ці не ўспыхне з новай сілай вайна ва Украіне? Сёння мы не можам адказаць на гэтыя пытанні.
РР: Сёння можна казаць аб пэўнай стабілізацыі на валютным рынку Беларусі?
Станіслаў Багданкевіч: На дадзеным этапе — так. Але ўсё гэта вельмі няўстойліва. Насамрэч трэба было б зніжаць працэнтную стаўку, бо інакш не ажывіш эканоміку. І ў той жа час зніжэнне працэнтных ставак можа прывесці да абвалу на валютным рынку. Таму сітуацыя складаная.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя