Эксперты: Новы ўрад рэформы пакуль не пачаў
Прайшло роўна 100 дзён з моманту прызначэння новага кіраўніцтва ўрада і Нацбанка, але рэформы, у якіх так мае патрэбу беларуская эканоміка, пакуль не пачаліся. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эканамісты і фінансавыя аналітыкі, каментуючы першыя вынікі працы новага складу ўрада.
Нагадаем, 27 снежня 2014 года Аляксандр Лукашэнка прызначыў прэм'ер-міністрам Андрэя Кабякова, які раней займаў пасаду віцэ-прэм'ера. Яго першым намеснікам стаў былы кіраўнік "БПС-Ашчадбанка" Васіль Мацюшэўскі. Кіраўніком Нацбанка быў прызначаны Павел Калаур, былы старшыня праўлення ААТ "Белзнешэканамбанк".
Як зазначаюць аналітыкі, палітыка эканамічных улад пасля кадравых перастановак звялася да мер па макраэканамічнай стабілізацыі, якія былі неабходныя ў сувязі з фінансавым крызісам, што ўзнік у краіне
ў снежні 2014 года.
"Былі распачатыя стабілізацыйныя меры, якія насілі характар тушэння пажару. Аднак да ліквідацыі прычын, якія гэты пажар спарадзілі, пакуль так і не падабраліся", —
зазначыў у каментары эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
Тым часам, лічыць ён, валютныя крызісы і запаволенне тэмпаў эканамічнага росту, якія ўзнікаюць у апошнія гады, — вынік, галоўным чынам, унутраных, а не знешніх фактараў.
"У аснове праблем, з якімі сутыкалася беларуская эканоміка, — структурныя фактары, звязаныя з недастатковай канкурэнтаздольнасцю нашых прадпрыемстваў, і гэта фарміруе аснову
макраэканамічных дысбалансаў", — адзначае Дзмітрый Крук.
Аналітыкі канстатуюць, што новы склад урада і Нацбанка правёў змены ў сферы грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі, якія мелі важны ўплыў для забеспячэння фінансавай стабільнасці. Аднак
гэтага недастаткова — для павышэння эканамічнага патэнцыялу краіны неабходныя структурныя рэформы.
"Жорсткая грашова-крэдытная і бюджэтна-падатковая палітыка апошніх месяцаў — гэта стандартная рэакцыя на праблемы, з якімі сутыкнулася эканоміка ў снежні 2014 года. У апошнія
пяць гадоў мы бачылі перыяды і ўзмацненне жорсткасці, і змякчэння эканамічнай палітыкі. Навізна цяперашняй сітуацыі заключаецца ў тым, што, нягледзячы на зніжэнне прамвытворчасці і прастой
прадпрыемстваў, жорсткая палітыка працягваецца", — заўважыў старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб.
Ён выказаў меркаванне, што кіраўнік дзяржавы падтрымлівае цяперашні эканамічны курс. "Сёння, мабыць, у палітычнага кіраўніцтва ёсць воля прайсці гэты цяжкі этап у эканоміцы без таго, каб
запускаць друкаваны станок і хутка рабіць таннымі крэдыты", — лічыць эксперт.
Нагадаем, на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова і кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што не патрабуе
сёлета ад урада эканамічнага росту ў краіне. "Дай бог нам выйсці на тыя паказчыкі, якія мы з вамі азначылі", — сказаў ён.
Афіцыйны прагноз на 2015 год прадугледжвае мінімальны рост ВУП (на ўзроўні 0,2—0,7%). За студзень—люты ВУП знізіўся на 0,6% у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН