«Правільных» дармаедаў чапаць не будуць, а «няправільныя» — плаціце!
Улады не ведаюць, як бы яшчэ садраць з людзей грошы, таму заціскаюць гайкі афіцыйна незанятым у эканоміцы, якіх, паводле савецкай традыцыі, называюць «дармаедамі».
У Беларусі ўступіла ў дзеянне пастанова ўрада №756, згодна з якой грамадзянам краіны, якія выехалі за мяжу, пералічаць плату за жыллёва-камунальныя паслугі з моманту рэлакацыі. Гэта закране не толькі тых, хто пакінуў краіну, баючыся палітычнага пераследу, але і эканамічных мігрантаў.
Нюанс пастановы ў тым, што ў адпаведную базу даных не ўключаюць грамадзян Беларусі, якія афіцыйна працуюць у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Гэта значыць, дармаедамі будуць лічыцца тыя, хто з'ехаў у «недружалюбныя» краіны альбо проста па-за межы ЕАЭС, піша «Deutsche Welle».
Як у Беларусі з'явіліся дармаеды?
Варта нагадаць, што першая версія дакумента, які тычыўся дармаедаў, была прынятая ў Беларусі яшчэ ў 2015 годзе. Тады гэта быў дэкрэт прэзідэнта пад назвай «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць за мяжой альбо пераехалі туды на працяглы тэрмін, згодна з гэтым нарматыўным актам, дармаедамі не лічыліся.
А вось тых з ліку працаздольных грамадзян, хто афіцыйна не працаваў, беларускія ўлады абавязвалі аплаціць спецыяльны збор. Дэкрэт выклікаў незадаволенасць і масавыя пратэсты ў краіне, у выніку чаго праз тры гады дакумент сур'ёзна перапрацавалі і назвалі «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Збор для дармаедаў адмянілі, але грамадзян, не задзейнічаных у эканоміцы краіны, прымусілі аплачваць некаторыя паслугі па больш высокіх тарыфах. У першую чаргу гэта тычылася жыллёва-камунальных паслуг.
Акрамя таго, з дакумента знікла норма, згодна з якой беларусы, якія пражываюць за мяжой, не з'яўляюцца дармаедамі. Выключэнне пакінулі толькі для тых, хто знаходзіцца ў краінах ЕАЭС і афіцыйна там працаўладкаваны. Больш за тое, людзі, якія з'ехалі больш чым на 30 дзён за мяжу, павінны плаціць за паслугі газазабеспячэння, ацяплення і падагрэву вады па поўных тарыфах (акрамя тых, хто выехаў на аздараўленне або лячэнне).
«Мы лічымся нейкімі ізгоямі»
На пачатку лістапада 2023 года пастановай Савета Міністраў РБ №756 былі ўнесены новыя змены ў сістэму аплаты паслуг ЖКГ грамадзянамі, якія з'ехалі з краіны, але застаюцца ўласнікамі жылля ў Беларусі. Цяпер ім пералічаць суму плацяжоў па поўным тарыфе за «камуналку», пачынаючы з перыяду, калі ўладальнік жылля трапіў у «спіс дармаедаў» (самі спісы абнаўляюцца чатыры разы на год).
Як стала вядома DW, некаторыя грамадзяне Беларусі, якія працуюць за мяжой, ужо атрымліваюць ад уладаў па месцы жыхарства ў РБ адпаведныя паведамленні. «Пакуль езджу па Еўропе, жонка пераслала ліст з райвыканкама, дзе мне паведамляюць, што я як уласнік жылля павінен падаць дакументы, якія пацвярджаюць занятасць», — расказвае дальнабойшчык Віталь.
Паводле яго слоў, ён ужо тры гады працуе на літоўскую транспартную кампанію і возіць грузы выключна па краінах ЕС. У Беларусь Віталь прыязджае толькі ў адпачынак і калі назапашваецца шмат выхадных. «Сям'я ў мяне засталася ў Беларусі, жонка працуе ў бюджэтнай арганізацыі, але цяпер аказваецца, што, паколькі я з'яўляюся ўладальнікам кватэры і працую не на радзіме, плаціць за камунальныя паслугі давядзецца па поўных тарыфах», — наракае Віталь.
Ён адзначае, што гэтую тэму актыўна абмяркоўваюць у чатах беларускіх дальнабойшчыкаў у Еўропе: такія «лісты шчасця» атрымалі многія. Кіроўцы згаджаюцца, што па еўрапейскіх мерках аплата за ЖКГ у Беларусі не вельмі цяжкая, але сам факт уключэння ў «спіс дармаедаў» пазітыўных эмоцый не дадае.
«Калегі дзеляцца парадамі, як не трапіць у "дармаеды": хтосьці прапануе рэгістравацца самазанятым або здаваць кватэру, калі яна пустуе, — кажа дальнабойшчык. — Але прысутнічае пачуццё нейкай гідлівасці адносна такога стаўлення ўладаў да сваіх грамадзян. Мы ж перасылаем грошы сваім сем'ям у Беларусі, яны трацяць іх на прадукты і паслугі ўнутры краіны, а ўсё роўна ўважаем за нейкіх ізгояў».
База даных незанятых у эканоміцы — анахранізм?
У базу дармаедаў не ўключаюць беларусаў, якія працуюць у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Аднак факт працаўладкавання павінен быць пацверджаны дакументальна, а зрабіць гэта менавіта так, як патрабуе беларускае заканадаўства, часам праблематычна.
Паводле слоў мінчука Сяргея, апошнім часам ён амаль увесь час пражывае ў Расіі, але не прывязаны да нейкага аднаго працадаўцы. «За год-паўтара я магу змяніць дзясятак кампаній, з якімі заключаю працоўныя адносіны, — адзначае Сяргей. — У Беларусі застаецца нерухомасць, і цяпер з'яўляецца неабходнасць збіраць копіі сваіх працоўных дамоваў і кантрактаў, іншыя дакументы — толькі для таго, каб на радзіме мяне не ўнеслі ў спісы дармаедаў».
Суразмоўца DW у цяперашніх умовах лічыць анахранізмам сам факт, што дзяржава расходуе сродкі на стварэнне базы даных на працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. «Усё-ткі асноўнай мэтай дэкрэта было імкненне аптымізаваць выдаткі на сацыяльныя паслугі для тых грамадзян, якія не плацілі падаткі ці ж рабілі гэта не ў поўнай меры», — лічыць Сяргей.
Ён згадвае, што да цяперашняй ідэі прымусіць уласнікаў жылля з ліку незанятых у эканоміцы плаціць па поўных камунальных тарыфах беларускія ўлады абмяркоўвалі і іншую прапанову. «Хацелі пазбавіць тых, каго лічаць дармаедамі, бясплатнага медыцынскага абслугоўвання, — згадвае Сяргей. — І, здаецца, канчаткова ад гэтай задумы не адмовіліся».
Як выжываюць «дармаеды» на мяжы
Жыхар Брэста Аляксей (імя змененае) з іроніяй называе сябе «чыстакроўным дармаедам», бо даўно не мае афіцыйнага працаўладкавання, а прыбытак атрымлівае з аказваемых паслуг на памежжы. Мужчына не стаў канкрэтызаваць, як яму ўдаецца пазбягаць трапляння ў базы даных незанятых у эканоміцы, намякнуўшы толькі, што ў заканадаўстве хапае шчылін.
«Маё месца працы — мяжа, — з усмешкай кажа Аляксей. — Раней такіх, як я, называлі "чоўнамі", але гэты бізнэс больш шырокі, чым проста прывезці тавар. На памежных пераходах шмат чым ёсць заняцца: і ў чарзе за іншых пастаяць, і груз на сябе задэклараваць, каб мытную пошліну не плаціць».
Мужчына расказвае, што цяпер такія паслугі вельмі запатрабаваныя: уплывае перадсвяточная мітусня і тое, што трапіць у Польшчу наўпрост можна толькі праз пункт пропуску ў Брэсце. Паводле слоў мясцовага жыхара, заробкі на мяжы нестабільныя, але ў любым выпадку значна вышэйшыя, чым праца на дзяржпрадпрыемствах.
«Паглядзеў, што прапануюць на кірмашах вакансій: палова варыянтаў з заробкам менш, чым 1000 беларускіх рублёў у месяц, — адзначае брэстаўчанін. — Ва ўдалы перыяд на мяжы я магу зарабіць такія грошы за пару дзён».
Суразмоўца мяркуе, што барацьба з дармаедамі не прыносіць беларускім уладам таго выніку, на які яны разлічвалі першапачаткова. Пры гэтым ад'езд людзей з краіны на заробкі за мяжу толькі пагаршае праблему.