Спісы «дармаедаў» будуць пераглядаць за мінулы час

Камісіі, якія займаюцца занятасцю насельніцтва, атрымалі права пераглядаць спісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, за папярэднія перыяды. 

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__6__logo.jpg

Гэта прадугледжана чарговай пастановай беларускага ўрада. Яе тэкст з'явіўся на Нацыянальным прававым партале, заўважыла «Еўрарадыё».

Гаворка ідзе пра спісы «працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія аплачваюць паслугі з кампенсацыяй выдаткаў, і спісы працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія выехалі за межы Рэспублікі Беларусь».

З гэтага часу камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва могуць пераглядаць гэтыя спісы з моманту іх з'яўлення.

Глядзіце таксама

Камісіі таксама павінны будуць скласці дадатковыя спісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, якіх трэба ўключыць у спісы за мінулыя перыяды. Гэта робіцца ў тым ліку і для таго, каб выставіць гэтым грамадзянам дадатковы рахунак за паслугі ЖКГ — будзе праведзены пераразлік. Перыяды пераразліку будуць пазначаны ў дадатковых спісах.

Такім чынам, пераразлік будзе зроблены за перыяд з моманту ўключэння грамадзян у спісы не занятых у эканоміцы.

То-бок, калі кагосьці, напрыклад, уключылі ў спіс цяпер, а падставы для гэтага былі тры месяцы таму, то за гэтыя месяцы грамадзяніну пералічаць жыллёва-камунальныя паслугі па павышаных тарыфах, адзначае officelife.media.

Спісы не занятых у эканоміцы ў Беларусі абнаўляюць кожныя тры месяцы. Перагледжаныя спісы да 5-га дня кожнага месяца, наступнага за месяцам іх фарміравання, накіроўваюцца ў арганізацыі, якія вядуць улік, разлік і налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі.

Нагадаем, паводле беларускіх законаў, працаздольныя грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы або з'ехалі за мяжу, павінны аплачваць паслугі ЖКГ поўным коштам.


Глядзіце таксама