Пераводзяць долары ў рублі. Бізнес паставіў рэкорд па крэдытах у беларускіх грошах
Беларускі крэдытны рынак у сакавіку 2024 года зноў пабіў некалькі рэкордаў. Гадавыя максімумы абнавілі агульны аб'ём выдадзеных юрыдычным асобам крэдытаў, і аб'ём месячнага крэдытавання бізнесу ў нацыянальнай валюце.
Да 2022 года, цяпер ужо здаецца ў іншым жыцці, беларускі бізнес актыўна крэдытаваўся ў доларах і еўра. Аднак санкцыі і шматлікія складанасці ў знешнім гандлі змянілі крэдытныя перавагі мясцовага бізнесу. На першы план выйшла крэдытаванне ў нацыянальнай валюце і расійскім рублі, заўважыў тэлеграм-канал «Вашы грошы».
У сакавіку 2024 года месячны аб'ём новых крэдытаў юрыдычным асобам у нацыянальнай валюце ўпэўнена перасягнуў планку ў 11 млрд рублёў, што аказалася больш нават пікавых значэнняў чацвёртага квартала 2023 года.
Аб'ём новых крэдытаў у доларах і еўра ў студзені-сакавіку 2024 года захоўваў стабільнасць і не перавышаў планку $145 млн і 34 млн еўра ў месяц.
Пры гэтым на павышаным узроўні трымаецца ў лютым і сакавіку аб'ём крэдытавання беларускага бізнесу ў расійскай валюце. У лютым беларускія банкі выдалі юрыдычным асобам крэдытаў на 46,4 млрд расійскіх рублёў, а ў сакавіку — яшчэ на 47,7 млрд.
Агульная карціна паказвае, што беларускі бізнес знайшоў новы баланс фінансавання. Ён забяспечваецца, з аднаго боку, даступнымі крэдытнымі рэсурсамі ад беларускіх банкаў, з другога — плацежаздольным попытам у першую чаргу ўнутры краіны.
Аднак і тое, і другое ў канчатковым выніку моцна залежыць ад расійскай падтрымкі, якая робіць беларускую эканоміку як ніколі ўразлівай не толькі перад уласнымі праблемамі, але і перад расійскімі.