Што не так з беларускім экспартам, што трэба яго падтрымліваць?
Напрыканцы 2023 года Савет Міністраў падоўжыў тэрміны падтрымкі экспарту — да канца 2024 года. Папярэдняе пастанаўленне аб умовах экспартнага фінансавання дзейнічала да 2023 года. У якім стане знаходзіцца беларускі экспарт? Навошта працягнулі экспартную падтрымку? Ці можа хтосьці скарыстацца крэдытамі з уласнымі мэтамі?
Што адбываецца з экспартам?
Калі параўнаць даступныя даныя (студзень-лістапад 2023 года з аналагічным перыядам 2022-га), то аб’ём экспарту павялічыўся на 3%. Пры гэтым экспарт тавараў павялічыўся на 5,6%, а экспарт паслуг знізіўся на 7,6%. Згодна з планамі на 2023 год, экспарт тавараў і паслуг павінен быў вырасці на 5,5%. За снежань дакладна не адбылося вялікага рыўка, каб выканаць план, то-бок можна сцвярджаць, што яго не ўдалося выканаць нават з ільготнымі ўмовамі. З іншага боку, аб’ём экспарту не знізіўся ў параўнанні з мінулым годам, і гэта добрая навіна.
Планы на 2024 год — павялічыць экспарт тавараў і паслуг на 7,6%. Пры гэтым прадуглеждана павялічыць экспарт у Расію на 7%, захаваць долю ў расійскім імпарце не ніжэйшай за 9%.
Тут павінна быць параўнанне: дык колькі адсоткаў займала Расія ў 2022 і 2023 годах у структуры экспарту Беларусі? Але такога параўнання не будзе, бо з 2022 года Белстат і Міністэрства эканомікі не публікуюць даныя ў краінным разрэзе, толькі ў рэгіянальным — ЕАЭС, ЕС і Украіна, краіны дальняй дугі. Ёсць падазрэнне, што доля Расіі непрыстойна вялікая, таму яе маскіруюць такім чынам. Згодна з ацэнкамі эканамістаў, прыкладна 60% беларускага экспарту прыходзіцца на Расію.
А гэта значыць, што экспарт знаходзіцца ў сітуацыі недыверсіфікаваных рызык, прасцей кажучы, «усе яйкі ляжаць у адным кошыку» і маюць вялікую верагоднасць «разбіцца».
Якая карысць ад пастанаўлення для экспарцёраў?
Згодна з пастанаўленнем, сярод інструментаў падтрымкі — крэдытаванне і факторынг па зніжаных працэнтных стаўках для вытворцаў экспартнай прадукцыі і для арганізацый, якія ўдзельнічаюць у працэсе экспартнага гандлю.
Стаўкі на звычайныя і экспартныя крэдыты складана параўнаць, таму што яны выдаюцца пад розныя мэты, на розныя тэрміны і розным па фінансавай устойлівасці прадпрыемствам.
Таму давайце паспрабуем адсачыць, наколькі экспартная стаўка па факторынгу адрозніваецца ад звычайнай стаўкі.
Нагадаем, што факторынг — гэта комплекс фінансавых інструментаў, у якім удзельнічаюць тры бакі: пастаўшчык, банк і пакупнік. Пастаўшчык адгружае тавар пакупніку, банк аплочвае тавар замест пакупніка, а пакупнік вяртае грошы за тавар не пастаўшчыку, а банку. Пасля пастаўшчык плаціць камісію банку за такую паслугу.
Гэта выдатны інструмент, каб мець абаротныя сродкі на бягучыя выдаткі і на развіццё бізнесу, не чакаючы аплаты па тэрмінах дамовы.
На старонках банкаў у большасці апісанняў камісійных узнагароджанняў пазначана, што «працэнт дагаворны». Усё ж такі ў адным банку мы знайшлі дакладную стаўку па факторынгу за год — у «Белаграпрамбанку» яна складае 7,5%. Яна вышэйшая за экспартную ў пастанаўленні: тая стаўка складае 6,3% (дзве траціны ад стаўкі рэфінансавання, якая 9,5%).
Карумпіраваныя схемы з экспартнымі крэдытамі: ці магчыма гэта?
Калі справа тычыцца ільготных крэдытаў, заўжды ўзнікае рызыка іх нямэтавага выкарыстання. Іх лягчэй аддаваць, таму ёсць спакуса «падшаманіць» у лічбах і дакументах. Тэарэтычна, гэта магчыма, улічваючы ўскладненую санкцыямі лагістыку, высокія рызыкі і страхаванне экспарту.
У 2022 годзе Беларусь заняла 91-е месца са 180 магчымых у рэйтынгу карупцыі міжнароднай арганізацыі «Transparency International», апусціўшыся на 2 пазіцыі ў параўнанні з 2021 годам. Для параўнання: Украіна займае 116 месца, Расія — 137, Польшча — 45, Літва — 33.
Ці трэба падтрымліваць беларускі экспарт?
У любой краіне ёсць механізмы для падтрымкі экспарту, гэта важная частка эканомікі, якая адказвае за прыток валюты ў краіну. Ці мэтазгодна падтрымліваць беларускі экспарт?
Для многіх беларускіх экспарцёраў Расія — самы просты і зручны рынак збыту, асабліва пасля таго, як з Расіі сышлі шматлікія заходнія кампаніі. Залежнасць ад Расіі ў такім выпадку будзе толькі павялічвацца. Больш за 80% разлікаў у знешнім гандлі з Расіяй абслугоўвае расійскі рубель. Паслабленне гэтай валюты да долара выклікала стагнацыю беларускага экспарту ў краіны СНД у III і IV кварталах 2023 года, паколькі статыстыку абарачэння знешняга гандлю з любой краінай Белстат адлюстроўвае ў пераліку на долары ЗША.
Магчыма, было б лепей аказваць большую падтрымку тым прадпрыемствам (альбо нават канкрэтным здзелкам), якія скіраваны на краіны акрамя Расіі, каб дыверсіфікаваць рызыкі.