Беларускі экспарт дасягнуў сваёй столі на замежных рынках. Чаго чакаць далей?
Знешні гандаль для беларускай эканомікі адыгрывае прынцыпова важную ролю, таму нядзіўна, што гэтай тэме надаецца пільная ўвага. Нягледзячы на тое, што прадмет вывучэння адзін, фокусы ўвагі і высновы часта дыяметральна супрацьлеглыя.
Пакуль адны кажуць, што экспарт Рэспублікі Беларусь расце ў вартасных аб'ёмах і беларускія тавары прадстаўлены ўсё больш шырока ў Расіі і на новых рынках, іншыя звяртаюць увагу на апераджальны рост імпарту і зніжэнне тэмпаў росту ад месяца да месяца. Тэлеграм-канал «Нашы грошы» разбіраецца, хто мае рацыю.
Трохі тэорыі: асноўную частку знешняга гандлю складае гандаль таварамі, якія падзяляюцца на інвестыцыйныя, прамежкавыя і спажывецкія. Інвестыцыйныя тавары — гэта абсталяванне, прамежкавыя — сыравіна і матэрыялы, а спажывецкія — усё тое, што мы з вамі бачым на паліцах у крамах. Нядаўна былі апублікаваны даныя за сем месяцаў бягучага года.
Асноўны аб'ём тавараў, якія закупляе або прадае за мяжой беларуская эканоміка, прадстаўлены прамежкавымі таварамі (сыравіна і матэрыялы). Паводле звестак Белстата, за студзень-ліпень 2023 года аб'ём экспарту тавараў гэтай катэгорыі вырас на 6,5%, а імпарт на 5,4%. Пры гэтым купля замежнай сыравіны і рознага роду камплектуючых на $2,7 млрд пераўзыходзіць беларускі экспарт аналагічных тавараў. Рост паставак за мяжу абумоўлены эфектам частковага аднаўлення калійнага і нафтавага экспарту.
Экспарт інвестыцыйных тавараў за сем месяцаў аказаўся на 12,8% вышэйшым за аналагічны годам раней. Імпарт па гэтай групе тавараў вырас за студзень-ліпень 2023 года да студзеня-ліпеня 2022 года на 66,5%! Аналагічная сітуацыя па групе спажывецкіх тавараў. Тут экспарт у разгляданым перыядзе вырас на 18,2%, тады як імпарт павялічыўся на 62,3%.
Важна адзначыць і змены ў памесячнай дынаміцы. У ліпені ўпершыню ў бягучым годзе ўсе тры кампаненты экспарту — інвестыцыйны, прамежкавы і спажывецкі — скараціліся ў вартасным выражэнні да аналагічнага месяца мінулага года.
З гэтага вынікае, што беларускі экспарт, відавочна, дасягнуў сваёй столі на замежных рынках. Пры гэтым імпарт замежных тавараў у Беларусь працягнуў рост, з-за чаго адмоўнае сальда знешняга гандлю з кожным месяцам толькі павялічваецца.
Адмоўнае сальда знешняга гандлю азначае, што мы выдаткоўваем на замежныя тавары больш, чым іх прадаём. Паправіць гэтую сітуацыю можна адным чынам — правесці дэвальвацыю беларускага рубля, каб нашы тавары за мяжой патаннелі і, адпаведна, іх бы набывалі больш.
Таму эксперты кажуць пра тое, што ў выніку гэтага адмоўнага сальда беларускі рубель да канца года можа атрымаць «двайны ўдар». Першы — праз прасяданне расійскага рубля, да стану якога моцна прывязана беларуская грашовая адзінка. І другі — праз адмоўны вынік замежнага гандлю. Такім чынам, дэвальвацыя нашай валюты становіцца амаль непазбежнай, калі знешні гандаль не выправіць сваю дынаміку.
А дзе дэвальвацыя — там і інфляцыя, нават нягледзячы на забарону росту коштаў. Гэты цыкл мы праходзілі ўжо неаднаразова.