«Перамога» не перамагла заходнія запчасткі. Чаму расійская авіякампанія прыпыняе рэйсы ў Мінск?

Расійская лаўкост-авіякампанія «Перамога», даччынае прадпрыемства групы «Аэрафлот», абвясціла аб прыпыненні зносін з Нацыянальным аэрапортам Мінск. Папярэдне — на зімовы перыяд. Верагоднай прычынай закрыцця кірунку стаў недахоп паветраных суднаў праз уведзеныя супраць расійскай авіяцыі санкцыі.

vokladka__3__1.jpg

Авіякампанія «Перамога» прыпыняе выкананне рэйсаў з Масквы і Санкт-Пецярбурга ў Мінск, паведамілі ў офісе перавозчыка беларускай службе прапагандысцкага рэсурсу Sputnik. З раскладу на сайце лоўкостэра вынікае, што апошні рэйс з Масквы ў Мінск авіякампанія выконвае 26 кастрычніка, з Санкт-Пецярбурга ў Мінск — 25 кастрычніка.

«Яны (самалёты «Перамогі». — заўв. Sputnik) перастаюць на зімовы перыяд лётаць. Адновяць палёты ў канцы сакавіка (2025 года)», — патлумачылі ў прадстаўніцтве авіякампаніі ў Беларусі.

Паводле крыніцы, «знаёмай з сітуацыяй», палёты могуць аднавіць увесну, але дакладная інфармацыя пакуль адсутнічае, піша Tochka. 

Фота: Самалёт «Перамогі» ў Нацыянальным аэрапорце Мінск

Фота: Самалёт «Перамогі» ў Нацыянальным аэрапорце Мінск

«Перамога» — адзіны ў Расіі авіяперавозчык лоўкост-сегменту. Яшчэ ў 2017 годзе сутачны налёт самалётаў авіякампаніі быў найвышэйшым у свеце — па 15-16 гадзін, што вышэй, чым у найбуйнейшых сусветных лоўкостэраў — ірландскай «Ryanair», вугорскай «Wizzair» ды амерыканскай «Southwest».

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Еўрасаюз і ЗША забаранілі пастаўку дэталяў для расійскіх авіякампаній, каб выклікаць сур'ёзную дэградацыю авіяцыі ў краіне-агрэсарцы.

У сакавіку 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе рэгістраваць правы на замежныя самалёты, што знаходзяцца ў лізінгу ў айчынных авіякампаній, і выдаваць замежным лайнерам расійскія «чорныя» сертыфікаты лётнай прыдатнасці. Дакумент павінен дапамагчы расійскім перавозчыкам захаваць парк паветраных суднаў без дзейных сертыфікатаў лётнай прыдатнасці, закрываючы вочы на бяспеку, таму Еўрасаюз унёс «Аэрафлот», «Перамогу» і яшчэ 16 расійскіх авіякампаній у свой чорны спіс.

Станам на пачатак 2022 года флот «Перамогі» складаўся з 41 самалёта амерыканскай вытворчасці Boeing 737. Расійскія авіялайнеры Superjet 100 авіякампанія не эксплуатавала з-за іх небяспечнасці і рэпутацыйных рызыкаў пасля трох катастроф дадзенай мадэлі. Да таго ж, сама «Перамога» ў Расіі мае не лепшую рэпутацыю праз парушэнне правоў пасажыраў і фугарацыю ў крымінальных справах. 

Фота: Ілюстрацыйная выява

Фота: Ілюстрацыйная выява

 Пасля спынення паставак авіязапчастак для расійскіх паветраных суднаў часовы кіраўнік лоўкостэра Андрэй Юрыкаў заявіў, што «пад плот» пойдуць 16 самалётаў, а 25 працягнуць палёты. Кіраўнік адзначыў, што скарачэнне флоту дапаможа закрыць патрэбнасць у запчастках у будучыні. Гэта азначае, што пасля заканчэння неабходных дэталяў для рамонту на складах у Расіі, Boeing могуць пачаць разбіраць на запчасткі для падтрымання лётнай прыдатнасці лятучых самалётаў. Такім чынам, ад даваеннага паказніку «Перамога» згубіла 40% паветранага флоту.

На пачатку вайны ў «Перамозе» ўсё яшчэ спадзяваліся наладзіць пастаўку запчастак у неабходным аб'ёме праз шэрыя схемы імпарту дэталяў або пераход на выкарыстанне кантрафактных (падробленых) запчастак, піша незалежны рэсурс «Avianews».

Паводле звестак амерыканскіх уладаў, за 2023 год «Перамога» ўвезла запчасткі больш чым на $1 млн праз пасрэднікаў з ААЭ і Турцыі. У студзені 2024-га авіякампанія атрымала запчастак з Індыі праз іранскую авіякампанію Mahan Air, якая таксама знаходзіцца пад санкцыямі ЗША.

Дзякуючы «шэрым» шляхам пастаўкі дэталяў «Перамога» стала першай з расійскіх камерцыйных авіякампаній, якая патрапіла ў санкцыйны спіс Міністэрства фінансаў ЗША — новыя санкцыі ў дачыненні да лаўкострэра набылі моц 30 ліпеня 2024 года. Улады Злучаных Штатаў забаранілі сваім грамадзянам і кампаніям забаранілі мець будзь-якія кантакты з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі з санкцыйнага спісу пад пагрозай другасных санкцый і блакавання іх актываў на сваёй тэрыторыі. 

Фота: Дзмітрый Тышчук. Фота РБК

Фота: Дзмітрый Тышчук. Фота РБК

У інтэрв’ю «РБК» кіраўнік «Перамогі» Дзмітрый Тышчук мімаходзь згадаў, што кампанія асабліва не спадзяецца на айчынны самалёт МС-21, тэрміны выпуску якога пераносіліся шмат разоў і зноў перанесены на 2025-2026 год.

«Да Boeing з айчынных паветраных суднаў па памернасці і далёкасці на сённяшні дзень найболей блізкі МС-21. Але каб зразумець, наколькі больш эфектыўна мы можам быць пры выкарыстанні гэтага тыпу самалёта, трэба мець фактычныя лётна-тэхнічныя характарыстыкі, каб самалёт увайшоў у серыю, палятаў, і толькі тады ў гэты бок можна будзе глядзець», — расказаў Тышчук.

Згодна з інфармацыяй, размешчанай на афіцыйным сайце «Перамогі», станам на 2024 год лаўкостэр выкарыстоўвае 26 адзінак Boeing.