Паўночна-Заходні край ці расійская губерня: Беларусь у эканоміцы страціла сваю незалежнасць
Татальная залежнасць ад Расіі ў многіх сферах ператварыла нашу краіну ў суб'ект РФ, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук. Наколькі гэта далёка ад ісціны?
Эканаміст Яраслаў Раманчук на «Свабодзе» аналізуе, якія наступствы прынясе выхад краін Балтыі з адзінай энергетычнай сістэмы, звязанай з Расіяй і Беларуссю, і прагназуе, ці будзе пабудаваная ў Беларусі другая АЭС.
— Краіны Балтыі прынялі рашэнне выйсці з адзінай энергетычнай сістэмы Беларусі, Расіі, Эстоніі, Латвіі і Літвы. Якія наступствы гэтага кроку могуць быць для беларускай энергетыкі і эканомікі ў цэлым?
— Стратэгічна гэта карысна краінам Балтыі, бо яны падключыліся да еўрапейскай адзінай энергетычнай сістэмы, якая больш надзейная, дзе ёсць значна большыя магутнасці. Знаходзячыся ў гэтай сістэме, яны гарантавалі сабе энергетычную бяспеку.
А Беларусь, такім чынам, цяпер мае прывязку толькі да Расіі, і гэта радыкальна павялічвае нашу энергетычную залежнасць. Цяпер мы моцна прывязаныя, і нават калі наступныя дэмакратычныя ўлады Беларусі паспрабуюць зрабіць нейкую энергетычную рэформу, то спатрэбіцца пэўны час, каб гэтыя тэхналагічныя рэчы пераадолець. Цяпер і па пастаўках нафты, і па газе, і па ядзернай энергетыцы мы, па сутнасці, ператварыліся ў субʼект Расійскай Федэрацыі.
— Калі ўзводзілася Беларуская АЭС, то ўлады разлічвалі, што будуць прадаваць электраэнергію і заходнім суседзям, тым жа краінам Балтыі. А цяпер, на фоне вайны і санкцый, атрымліваецца, што нікуды гэтую беларускую электраэнергію экспартаваць не ўдасца?
— У 2000-х гадах беларуская эканоміка расла ў сярэднім на 7% штогод, і Лукашэнка разлічваў, што і самой Беларусі, з улікам такога эканамічнага росту, спатрэбіцца значна больш энергіі. У кантэксце таго, што Ігналінская АЭС у Літве закрылася, можна было разлічваць і на бізнэс з суседзямі, на экспарт электраэнергіі. Але гэта магчыма было б, калі б існавала добрасуседства, стратэгічнае партнёрства з Еўразсаюзам, калі б мелі месца шырокія фінансавыя, інфраструктурныя ўзаемаадносіны і інвестыцыі.
Калі ты сам сябе зрабіў суагрэсарам, еўрапейскім ізгоем, усталяваў таталітарны рэжым, то пра якое супрацоўніцтва з суседзямі можа ісці размова?
Я разумею, што сама каманда Лукашэнкі зарабляе на гэтым і таму не жадае ацаніць такі праект аб’ектыўна.
Лукашэнка проста не мог зразумець, што былі іншыя эканамічныя ўмовы, іншы попыт. Ён думаў, што будзе далейшы рост прамысловасці, большая энергетычная незалежнасць, а выявілася, што залежнасць ад Расіі стала значна большай. Так што ўсе яго намеры ў гэтай сферы проста пайшлі прахам.
— Беларускія чыноўнікі, сярод іншага, заяўлялі, што ў краіне будзе пашырацца парк электрамабіляў, якія пачнуць выцясняць бензінавыя і дызельныя машыны. А цяпер аказваецца, што электрамабілі, як і ўсе заходнія аўтамабілі, з прычыны санкцый складана купіць, і яны істотна падаражэлі.
— Электрамабілі можна купляць і ў Кітаі. Усё ж большую частку спажывання энергіі стварае прамысловасць. На электрамабілі можа прыпадаць 2-3 працэнты — гэта прынцыпова не змяняе энергетычны баланс.
— Сёння яшчэ ёсць нейкі попыт на беларускую прадукцыю ад расійскага ВПК, існуюць нейкія дзяржаўныя праграмы закупкі беларускіх тавараў у Расіі. Але што будзе Лукашэнка рабіць, калі Расія прайграе ў вайне, калі гэтага попыту не будзе — а ён усе яйкі ў адзін кошык склаў? Тады гэтыя энергетычныя магутнасці будуць мала каму патрэбныя.
І калі яны заяўляюць, што плануюць будаваць і другую АЭС у Беларусі, то гэта будзе проста «распіл» бюджэтных сродкаў. Гэта будзе зусім непатрэбны нашай краіне аб’ект.
— Наколькі імаверна, што такое рашэнне — пра пабудову другой АЭС у Беларусі — можа быць прынятае? Няўжо на фоне цяперашняй эканамічнай рэальнасці, з улікам таго, што прамысловасць апошнія 10 гадоў асабліва не расце, адпаведныя структуры не пішуць адпаведных аналітычных дакладаў, што гэтая другая АЭС не патрэбная Беларусі?
— Ёсць лабісты з блізкага кола Лукашэнкі, з ЗАТ (закрытага акцыянернага таварыства) «Сям’я», якія прыходзяць да яго і кажуць: глядзі, можам «распіліць» 2 мільярды долараў. Столькі трэба «адшпіліць» «Расатаму», столькі — людзям у расійскім кіраўніцтве, але і нам у кішэню вось столькі застанецца. Бо схема «распілу» грошай пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ўжо ёсць.
Размова ж не ідзе пра тое, каб знізіць кошт электраэнергіі: заўважце, пасля ўводу Беларускай АЭС яна ўнутры Беларусі толькі даражэе. У Лукашэнкі зусім іншыя матывы. Як зрабіць такія праекты, каб нейтралізаваць гнеў Пуціна, дазволіць зарабіць яго атачэнню, — маўляў, глядзіце, гэта наш чалавек, ён дазваляе нам зарабляць.
— Якія прыярытэты ў разьвіцці беларускай энергетычнай сферы павінны цяпер быць, на вашу думку?
— У гэтым сэнсе трэба мець як прыклад Энергетычную хартыю Еўрасаюза, у якой распісана, як можа функцыянаваць рынак энергапаслуг. Павінна быць канкурэнцыя вытворцаў энергіі, з розных крыніц. Гэта і газ, і ветракі, і сонечная энергія.
Гэта павінна быць дэцэнтралізавана, дзяржава павінна ўкладвацца ў энергетычныя сеткі. І далей важны пункт — дыстрыбуцыя, каб спажывец меў права выбіраць крыніцу энергіі, яе пастаўшчыка.
Гэта шлях стратэгічны, якім трэба ісці — дзе адрозніваюцца функцыі дзяржавы, інвестараў, прыватнага бізнэсу. Галоўнае — трэба выйсці з гэтай пасткі дзяржаўнай манаполіі пад абцасам Расіі, каб ператварыць энергетычны сектар у сапраўдны бізнэс, дзе ёсць інтарэсы і інвестараў, і спажыўцоў.