Яраслаў Раманчук: Людзі, трымайце ўсё ў кэшы — дома, пад матрацам, дзе заўгодна

Вялікі брат у асобе «Беларусбанка» сочыць за фінансамі беларусаў і можа ў выпадку чаго закрыць іх рахункі. Эканаміст Яраслаў Раманчук распавеў «Філіну» пра прыніжальна-грэблівае стаўленне ўлады да сваіх грамадзян, якія па тых ці іншых прычынах даверыліся дзяржаўным банкам.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Беларусбанк пачаў рассылаць кліентам СМС-паведамленні аб закрыцці рахункаў, па якіх на працягу года не было руху сродкаў.

Дакладней, як растлумачылі ў прэс-службе банка, павінны супасці тры ўмовы: калі на працягу аднаго года па рахунку (карце) не было руху грошай, тэрмін карткі заканчваецца, і сума, якая на ёй застаецца, менш за 0,5 базавай велічыні (20 беларускіх рублёў). Рассылка паведамленняў аб тым, што банк спыняе абавязацельствы па такіх рахунках, пачала прыходзіць 22-23 ліпеня.

Калі чалавек збіраецца выкарыстоўваць рахунак і далей, яму даецца 30 дзён на вырашэнне пытання — праўда, для гэтага трэба звярнуцца ў аддзяленне банка з пашпартам. Калі рахунак усё ж такі закрыюць, атрымаць рэшту грошай таксама можна толькі асабіста ў аддзяленні банка.

Між тым, трапіць пад «скарачэнне» могуць вельмі многія беларусы — напрыклад, тыя, хто вымушана з'ехаў з краіны і не мае магчымасці папоўніць рахунак карты або аформіць даверанасць, а таксама палітвязні.

Наогул, такое закрыццё рахункаў у аднабаковым парадку, да заканчэння тэрміну дзеяння банкаўскай карткі — гэта агульнапрынятая практыка або беларускі спосаб, як яшчэ можна націснуць на непажаданых? Філін абмеркаваў навіну пра закрыццё карт-рахункаў з эканамістам Яраславам Раманчуком.

— Бывае, калі, дапусцім «Яндэкс» або Yahoo! або Google паведамляе: калі вы год лікам не карыстаецеся, значыць, ён вам не патрэбны, — кажа эканаміст.

— Але ў банкаўскіх, фінансавых арганізацыях, якія паважаюць сябе, грошы — гэта асаблівы інструмент. Таму лічыцца, паводле класікі абароны правоў уласнасці, калі ты адкрыў рахунак — усё роўна, як ты ім карыстаешся, калі грошы на рахунку ёсць, усё ў парадку. Банк уводзіць камісію за абслугоўванне, гэта ён мае права рабіць, але закрываць рахунак у аднабаковым парадку, таму што ён сам вызначае правілы карыстання рахункам — гэта парушэнне правоў уласнасці.

Я нават не ведаю, якая можа быць логіка ў «Беларусбанка», каб закрываць гэтыя рахункі — можа, нешта трэба падчысціць.

Але гэта, натуральна, элемент ціску на людзей, каб прымусіць іх варушыцца, здзяйсняць нейкія аперацыі, і каб яны зразумелі, што вялікі брат у асобе Беларусбанка сочыць за іх фінансамі і можа ў выпадку чаго іх закрыць.

Хоць у цывілізаваным свеце так не робіцца — ёсць розныя абмежавальныя меры, але яны звязаны з адмываннем грошай, з юрыдычным статусам той ці іншай асобы. А ў Беларусі гэты інструмент выкарыстоўваецца для дадатковага кантролю: калі як след прашарсціць, паглядзець, ці мала, можа, нешта вылезе.

— Вось, дарэчы, пра «варушыцца»: на працягу 30 дзён можна пазбегнуць закрыцця карт-рахунку, калі прыйсці асабіста з пашпартам у аддзяленне банка і правесці аперацыю. Зразумела, што тыя, хто з'ехаў з краіны, і палітвязні гэтага зрабіць не змогуць. Што будзе з грашыма, якія засталіся на рахунках?

— Гэта нагадвае мне скандальную «паўлоўскую» грашовую рэформу ў 1991 годзе: па сутнасці, далі тры дні на абмен старых буйных купюр — і вельмі многія людзі, якія мелі ў кэшы рублі, не змаглі іх абмяняць і, адпаведна, страцілі грошы. Тое ж самае адбываецца ў нашым выпадку: усе рэшткі можна будзе абнуліць і забраць.

Не думаю, што дзяржава моцна на гэтым заробіць — ці наўрад ці на такіх рахунках, напрыклад, у палітвязняў, шмат грошай. Але гэтая мера дадатковага ціску: мы іх пасадзілі, а так яшчэ крыху пакараем і хоць нешта здзяром. Такое прыніжальна-грэблівае стаўленне да сваіх грамадзян, якія па тых ці іншых прычынах даверыліся дзяржаўным банкам.

Гэта яшчэ адзін напамін, што беларуская дзяржаўная банкаўская сістэма, любыя дзяржустановы — інструмент ціску, кантролю за жыццём, дзейнасцю і перамяшчэннямі чалавека.

Чалавек быццам бы лічыць, што гэта яго — картка, рахунак, медкарты і іншае… А на самай справе, дзяржава нагадвае: «Слухай, дарагі, у гэтым жыцці табе нічога не належыць, усё належыць нам». Прыгоннае права!

— Можа апынуцца, што і картка з'яўляецца ўласнасцю банка, яе ў выпадку закрыцця рахунку трэба асабіста здаць — а чалавек ні сном, ні духам. Могуць увесці за гэта штрафныя санкцыі і яшчэ, як вы кажаце, «адшчыкнуць»?

— Могуць, вядома. У сітуацыі беларускага самавольства могуць накласці штраф, роўны рэшце грошай на рахунку, заблакаваць магчымасць плаціць гэтай карткай, накласці арышт на перамяшчэнне. У сістэме, калі чыноўнікі, кантралёры, спецслужбы вырашаюць, як ім зручна і выгадна, чалавек — гэта апошняе звяно, аб чыіх інтарэсах яны будуць думаць.

Паколькі ў беларусаў цяпер няма ніякіх абаронцаў, ягоныя інтарэсы не будуць абараняць ні дэпутаты, ні праваахоўнікі, ні грамадскія арганізацыі, якія практычна адсутнічаюць — мая парада застаецца ранейшай: людзі, трымайце ўсё ў кэшы, у цвёрдай валюце. Дома, пад матрацам, дзе заўгодна. Але ніякіх кантактаў з дзяржаўнай фінансавай сістэмай не майце.

Любая ваша картка — гэта фінансавы электронны след, па якім вас адсочваюць. Кэш, на шчасце, яшчэ не з'яўляецца электроннай валютай цэнтральных банкаў, таму ён ананімны. А чым больш ананімнасці, тым больш у вас спакою.

Іншыя беларускія банкі, адзначае Яраслаў Раманчук, таксама могуць узяць прыклад Беларусбанка — але ўсё ж такі ільвіная доля картак належыць менавіта яму. Аднак, калі ў справу ўмяшаюцца сілавікі і спецслужбы, астатнія фінансавыя ўстановы «возьмуць пад казырок» і будуць выконваць.

— Такія дзеянні падрываюць давер да беларускіх банкаў, якога і так не занадта шмат. Хто ў выніку выйграе ад узмацнення фінансавага кантролю?

— Давер да беларускім банкаў, ураду, дзяржавы — для мяне наогул дзівосны феномен. Асабіста я з 1994 года не давяраю ўсёй гэтай сістэме «савок — Дзяржплан». Але ёсць жа людзі, якія ходзяць у казіно, уступаюць у МММ, удзельнічаюць у латарэях, з ашуканцамі ў напарсткі гуляюць — і за сваю даверлівасць усё жыццё расплачваюцца. У тым ліку беднасцю на пенсіі, пераплатай у шмат разоў пры куплі тавараў.

І гэта толькі чарговы прыклад, што беларускай дзяржаве верыць нельга, яна з'яўляецца паліцэйскім, феадалам, шлагбаўмам — але не з'яўляецца партнёрам, а тым больш слугой народа. У нас цалкам усё перавернута з ног на галаву, і інструменты дзяржавы выкарыстоўваюцца Лукашэнкам для таго, каб забяспечыць сабе татальнае падпарадкаванне і «кармавую базу» ўжо на 30 гадоў.

Тыя, каму гэта выгадна, — традыцыйна, 3% распарадчыкаў і спажыўцоў чужога, якія выдатна ўбудаваліся ў працэсы. Прычым гэта не абавязкова тыя ж людзі, якія пачыналі з Лукашэнкам у 1990-я гады, іх склад можа мяняцца, але колькасна ён ледзь вышэй за 3%.

Усе астатнія — у той ці іншай ступені — ахвяры беларускага рэжыму, якія вераць дзяржінстытутам і ўвесь час трапляюць у жорны. Трэба гэта зразумець і не быць для іх кармавой базай, «ня быць скотам», як кажа класік.