На думку экспертаў, праз санкцыі ў пастаўках нафты на «Нафтан» маглі з'явіцца «схемы»
Яшчэ ў красавіку, на фоне аднаўлення санкцый ЗША, з'явіліся паведамленні пра тое, што на «Нафтан» не будзе паступаць нафта з Расіі. З тых часоў сітуацыя застаецца незразумелай. Пакуль беларускі бок заяўляе, што «Нафтан» працуе нармальна, расійскія партнёры не раскрываюць аб'ёмы паставак на прадпрыемства, піша «Еўрарадыё».
«Еўрарадыё» паразмаўляла з экспертамі і разабралася, ці асцерагаюцца расійскія нафтавыя кампаніі працаваць з «Нафтанам» праз санкцыі, а таксама па даступных звестках пастаралася зразумець, наколькі загружаны завод.
Паводле планаў «Белнафтахіма», беларускія НПЗ павінны былі перапрацаваць у 2021 годзе каля 18 млн. тон нафты. У пачатку 2021 года
гендырэктар «Нафтана» Андрэй Сойка расказаў, што задача прадпрыемства
на гэты год — перапрацаваць 8,2 млн. тон нафты.
Пастаўкі занадта малыя нават для сезона рамонту
Паводле звестак Цэнтральнага дыспетчарскага ўпраўлення
паліўна-энергетычнага комплексу Расіі, за першае паўгоддзе расійскія нафтавыя
кампаніі паставілі ў Беларусь толькі 6,22 млн. тон нафты. Улічваючы, што
Мазырскі НПЗ дамовіўся на пастаўку ў 2021 годзе 1 млн. тон нафты з Азербайджана,
з Расіі пастаўлена крыху больш за траціну запланаванага гадавога аб'ёму.
Аналітык у сферы энергетыкі Таццяна Манёнак адзначае, што істотнае зніжэнне паставак было ў чэрвені. Паводле звестак эксперткі, на беларускія НПЗ з Расіі пайшло каля 370 тыс. тон нафты. Для таго, каб планы беларускага боку па перапрацоўцы выконваліся, штомесяц трэба каля 1,4 млн. тон расійскай сыравіны.
— У сярэдзіне чэрвеня Мазырскі НПЗ пайшоў на рамонт, хоць зразумела, што гэта не азначае поўнага спынення, а скарачэнне магутнасці на 30-35 адсоткаў. «Нафтан» працаваў. Зразумела, што 370 тысяч тон — гэта відавочна недастаткова для таго, каб «Нафтан» працаваў на значнай загрузцы і Мазырскі НПЗ — хай нават са зніжанай загрузкай.
Таксама Беларусь паставіла нашмат менш бензіну ва Украіну ў
чэрвені.
— Паводле аператыўных звестак, дзесьці на 50 адсоткаў знізіліся
пастаўкі. Але гэта чакана. Мазырскі НПЗ сыходзіў на рамонт, таму рынак
падрыхтаваўся, — кажа дырэктар «Кансалтынгавай групы А-95» Сяргей
Куюн.
Калі Мазырскі НПЗ быў на рамонце, то чаму ў чэрвені праселі
пастаўкі з «Нафтана», суразмоўнік растлумачыць не можа.
— Звычайна з «Нафтана» ідзе тры-чатыры тысячы тон.
У чэрвені было толькі 400 тон. Па сутнасці, не было адтуль паставак бензіну, —
расказвае Сяргей Куюн. — Нейкая таямніца вакол «Нафтана». Адны
кажуць, ён працуе, другія кажуць, што афіцыйна нафта туды не пастаўляецца. Мы,
шчыра кажучы, не разумеем, што там адбываецца.
У пастаўках маглі з'явіцца схемы
Тым часам адміністрацыя «Нафтана» заявіла, што ў трэцім квартале «Транснафта» паставіць на прадпрыемства 2 млн. тон нафты. На што прэс-сакратар «Транснафты» Ігар Дзёмін даволі з'едліва заўважыў:
— Я са здзіўленнем азнаёміўся з заявамі намесніка
генеральнага дырэктара «Нафтана» па ідэалагічнай рабоце і сацыяльным
развіцці Сяргея Яўтушыка, што «Транснафта» займаецца пастаўкамі нафты
на заводы і, у прыватнасці, на «Нафтан». «Транснафта» —
транспартная кампанія, якая працуе па заяўках вытворцаў нафты…
Пра аб'ёмы нічога сказана не было. Усё ж дэфіцыту паліва ў
Беларусі не адчуваецца. Украінскі рынак, паводле інфармацыі Сяргея Куюна, чакае аднаўлення
паставак бензіну. Здаецца, нейкая загрузка ў «Нафтана» ёсць. Акрамя
таго, пры дэфіцыце нафты завод мог бы заявіць пра выхад на пазапланавы рамонт.
— Можна выказаць здагадку, што ёсць пэўныя пастаўкі нафты на «Нафтан», якія дазваляюць яму працаваць. Хоць зніжэнне, відавочна,
прысутнічае адносна тых жа месяцаў мінулага года, — кажа Таццяна Манёнак. —
Лукашэнка з Пуціным зноў нядаўна абмеркавалі пытанні паставак энерганосьбітаў.
Магчыма, ёсць дадатковыя схемы, якія дазваляюць пастаўляць нафту.
Пра тое, якія гэтыя схемы, таксама застаецца толькі
здагадвацца.
— Гэта можа быць пастаўка нафты да мяжы з Беларуссю, а потым
нейкая кампанія тут аказвае паслугі па транспартаванні на «Нафтан».
Паміж Мазыром і Наваполацкам яшчэ труба «Гомель — Горкі» не пабудавана.
А па чыгунцы перавозіць нафту ад Мазыра да Наваполацка вельмі дорага.
Скрытнасць ад боязі санкцый
На думку намесніка кіраўніка эканамічнага дэпартамента
Інстытута энергетыкі і фінансаў Расіі Сяргея Кандрацьева, элемент боязі,
звязаны з санкцыямі, у расійскіх кампаній ёсць.
— Імавернасць таго, што буйныя расійскія нафтавыя кампаніі,
прынамсі, наўпрост, адмовіліся ад паставак на «Нафтан», сапраўды
высокая. Яны вельмі сур'ёзна прысутнічаюць на міжнародным рынку, яны актыўныя
пазычальнікі на сусветных фінансавых рынках, адпаведна, спрабуюць усяляк
пазбегнуць санкцыйных рызык.
Частка нафты можа пастаўляцца на «Нафтан» праз
невялікія кампаніі і нафтатрэйдараў, мяркуе суразмоўнік.
— Я б не быў так аптымістычны, як аптымістычны «Нафтан». Два мільёны тон — гэта нармальная загрузка. Быццам нічога
не адбываецца. Сітуацыя для «Нафтана» вельмі складаная не толькі ў
частцы паставак. Вырабленыя нафтапрадукты трэба неяк экспартаваць.
Паводле звестак сайта «Нафтана», экспартуецца каля 60%
прадукцыі.
— Могуць быць шматлікія схемы з пастаўкамі праз Расію, але
для гэтага павінна быць інфраструктура. Павінны быць нафтатрэйдары, гатовыя
трапіць пад санкцыі, і павінны быць пакупнікі на сусветным рынку. Мы ведаем на
прыкладзе Ірана, Венесуэлы, якія траплялі пад падобныя санкцыі, што такія
нафтапрадукты прадаюцца з вялікай зніжкай. Таму што ёсць прэмія за санкцыйныя
рызыкі.
Эксперт падкрэслівае, што, нават калі «Нафтан» будзе атрымліваць нафту ў нармальным аб'ёме, трэба будзе мяняць лагістыку
паставак і прапаноўваць партнёрам зніжкі.
— Гэта можа азначаць досыць сур'ёзныя страты. І тут
незразумела, ці будзе гатовы «Белнафтахім» іх кампенсаваць.
Унікальнасць сітуацыі — дэфіцыт нафты
Эксперт падкрэслівае, што для Расіі краіны Еўрасаюза — асноўны рынак пры пастаўцы нафты і нафтапрадуктаў. Гэта больш за 200 мільёнаў тон экспарту за год. Акрамя боязі трапіць пад санкцыі на асноўным рынку, у расійскіх кампаній ёсць і іншыя матывы гандляваць з Беларуссю менш.
— Яшчэ момант, які робіць сітуацыю ўнікальнай. Цяпер на
рынку ёсць пэўны дэфіцыт нафты. Гэта не фізічны дэфіцыт, але попыт на нафту
аднаўляецца досыць хутка. А праз абмежаванні ў выглядзе квот пагаднення АПЕК+
прапанаванне не паспявае за ростам попыту, — кажа Сяргей Кандрацьеў.
Для беларускіх НПЗ гэта значыць, што расійскім кампаніям і
так ёсць куды выгадна прадаваць нафту.
— Можна перапрацоўваць і на расійскіх НПЗ, бо попыт тут таксама хутка аднаўляецца. І ў нас ёсць пэўныя складанасці з пакрыццём попыту на бензін. Гэтае напружанне на рынку можа быць дадатковай рызыкай для Беларусі. У прынцыпе, расійскія нафтавыя кампаніі могуць адмовіцца ад паставак у Беларусь без сур'ёзных страт, — рэзюмуе эксперт.