У Расіі асудзілі траіх футбалістаў з Афрыкі, якія прыляталі ў Беларусь на зборы
У Расіі судзілі траіх футбалістаў з Афрыкі, якія прыляцелі з камандай у Беларусь на зборы, а апынуліся ў Пскоўскай вобласці без дакументаў, паведамляе тэлеграм-канал «Baza».
У лютым гэтага года грамадзяне Сенегала і Гвінеі Ба Муса, Бары Мамаду Муса і Дыяла Шэйх Умар прыляцелі ў Беларусь на зборы з адным з мясцовых клубаў. Праз пару тыдняў яны дамовіліся з таксістам і паехалі ў Расію.
25 лютага Ба, Бары і Дыяла выйшлі ў раёне пскоўскай вёскі Лабок і паспрабавалі ўздоўж чыгункі прабрацца ў Расію. Там іх і затрымалі расійскія памежнікі. Дакументаў у іх пры сабе не было. Пашпарты яны пакінулі ў кіраўніцтва беларускага клуба.
У выніку Невельскі раённы суд Пскоўскай вобласці прысудзіў кожнага з траіх да васьмі месяцаў папраўчай калоніі.
Нагадаем, у снежні мінулага года ў беларускіх СМІ паведамлялася пра семярых афрыканскіх футбалістаў, якія амаль тыдзень жылі ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Сярод іх былі, у тым ліку, грамадзяне Сенегала. Яны пастаянна знаходзіліся ў будынку аэравакзала, спалі на сядзеннях, з журналістамі размаўляць адмаўляліся. На ўсе роспыты яны адказвалі, што з-за форс-мажора ім давялося памяняць квіткі і яны чакалі свайго рэйса.
Падобная гісторыя адбылася і ў Маларыце, куды прыехаў на зборы футбольны клуб з Нігерыі. 7 мая пасля трэніроўкі адзін спартсмен не вярнуўся ў гасцініцу. Амаль праз два тыдні яго затрымалі польскія памежнікі каля Тэрэспаля.
Паводле news.zerkalo.io