Матрыца па новым крэдыце ЕАБР для Беларусі ўзгодненая
Пытанне аб выдзяленні Беларусі новага крэдыту будзе разглядацца на бліжэйшым пасяджэнні Савета Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.
Матрыца мер па крэдытнай праграме, у межах якой Беларусі можа быць выдадзены новы крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, амаль узгодненая. Пра гэта паведаміў 29 кастрычніка на прэс-брыфінгу ў Маскве старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) Дзмітрый Панкін.
«Гаворка ідзе аб выдзяленні Беларусі новага крэдыту са сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Мы амаль поўнасцю ўзгаднілі матрыцу мер. Там знайшлі адлюстраванне пытанні скарачэння субсідый па камунальных тарыфах, па аб'ёме грашовай масы, па крэдытным стымуляванні эканомікі», — сказаў ён.
Панкін зазначыў, што пытанне аб выдзяленні Беларусі новага крэдыту будзе разглядацца на бліжэйшым пасяджэнні Савета Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. «Савет прымае палітычнае рашэнне аб выдзяленні крэдыту», — растлумачыў кіраўнік праўлення ЕАБР.
З заяўкай на атрыманне чарговага крэдыту Беларусь звярнулася ў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў сакавіку гэтага года. Першапачаткова беларускі бок запытваў у фонду крэдыт на 3 млрд. долараў, аднак у жніўні кіраўніцтва Нацбанка Беларусі заявіла, што гаворка ідзе аб крэдыце, сума якога знаходзіцца ў дыяпазоне ад 2 да 3 млрд. долараў.
Паводле інфармацыі БелаПАН, пасяджэнне фонду Савета Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, на якім будзе разгледжана пытанне аб выдзяленні новага крэдыту Беларусі, павінна прайсці да канца 2015 года.
Варта зазначыць, што разам з крэдытам Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця беларускі бок жадае атрымаць новы крэдыт Міжнароднага валютнага фонду ў памеры 3 млрд. долараў. У лістападзе Мінск плануе наведаць місія МВФ, якая будзе абмяркоўваць з беларускімі ўладамі ўмовы новай крэдытнай праграмы.
У 2009—2010 і ў 2011—2013 гадах Беларусь атрымала крэдыты і ад МВФ, і ад еўразійскага фонду, які тады называўся Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС.