Не эканоміка, але палітыка
Беларуская ўлада вельмі абцяжараная пытаннем, дзе браць грошы. Каб сплочваць замежныя пазыкі, каб крэдытаваць стратныя прадпрыемствы (заявы высокіх чыноўнікаў пра тое, што ільготаў прадпрыемствам больш не будзе, у разлік можна не браць). Як і словы тых жа чыноўнікаў, прынамсі, некаторых з іх, што Беларусь пераходзіць на структурныя рэформы паводле законаў сусветнай эканомікі таксама нельга браць да ўвагі.
belrynok.by
Зараз у афіцыйнага Мінска амаль не застаецца выбару, дзе шукаць сродкі. Дзве найбуйнейшыя крыніцы – Міжнародны валютны фонд (МВФ) і Еўразійскі фонд развіцця і стабільнасці (МФРС). Першы, хоць і ў вялікай залежнасці ад пазіцыі Злучаных Штатаў і Еўрасаюза, але адкрыта не выстаўляе палітычных патрабаванняў да рэжымаў тых краінаў, якім выдаткоўваюцца сродкі фонда.
Другі ж, наадварот, з’яўляецца фактычна чыста палітычнай і толькі каляэканамічнай структурай, што стала зразумела са словаў кіраўніка ЕАБР Дзмітрыя Панкіна. Паводле ягоных словаў, “ Савет Еўразійскага фонда стабілізацыі і развіцця цяперашнім часам абдумвае (!) палітычную мэтазгоднасць (!!) прадастаўлення Беларусі новага стабілізацыйнага крэдыта памерам у 3 мільярды долараў”. “Цяпер ідзе прыняцце рашэння саветам фонда, то бок, савет прымае ўжо палітычнае рашэнне аб прадастаўленні гэтага крэдыта”, - адзначыў Панкін.
Такім чынам, новы магчымы крэдыт ад ЕФСР мае малое дачыненне да эканомікі. Хоць папярэднік гэтай структуры Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС хаця б рабіў выгляд, што ўмовамі выдаткавання сродкаў афіцыйнаму Мінску з’яўляюцца рэформы ў эканоміцы. Няхай і непапулярныя: павышэнне для насельніцтва тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рост коштаў на праезд у грамадскім транспарце і гэтак далей. Хоць больш-менш дасведчаным людзям было зразумела, што гэтым фондам маніпулюе Масква, якой належыць ільвіная доля ў статутным фондзе. Але раней палітычная карта так у адкрытую не гулялася.
Цяпер абставіны змяніліся, і пра палітыку ў пытанні выдзялення Беларусі новых сродкаў ад ЕФСР загаварыў нават ягоны кіраўнік. Пра палітыку, а не эканоміку!
Такім чынам, робіцца выразным, што ніякіх рынкавых стасункаў ва ўзаемадачыненнях паміж Мінскам і Масквою няма. Толькі палітыка! Гэта, навідавоку, і размяшчэнне расійскае ваеннае базы ў нас, супраць чаго яшчэ спрабуюць аднеквацца Лукашэнка, Макей ды іншыя высокапастаўленыя асобы (ці надоўга гэтых аднекванняў хопіць?). Гэта, мяркую, і не забытыя Крамлём так званыя пяць інтэграцыйных паректаў, як то з’яднанне на безграшовай аснове МАЗа і КАМАЗа, набыццё Расіяй стратэгічнага Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКТ) і гэтак далей.
Пра адсутнасць чыста эканамічнага супрацоўніцтва раней сведчылі і шматлікія газавыя, нафтавыя, малочныя, іншыя гандлёвыя войны і непаразуменні ды канфлікты ў розныя часы, жорсткія пікіроўкі паміж кіраўнікамі “саюзных” дзяржаваў, якія ажно прыводзілі да з’яўлення на каналах расійскай тэлепрапаганды серыялаў кшталту “Хроснага бацькі” (2010 год) ды катэгарычных заяваў тагачаснага прэзідэнта Расіі Мядзведзева ва ўласным відэазвароце на адрас бяззменнага беларускага кіраўніка. Там, калі забыліся, тагачасны “сядзелец на крамлёўскім троне” звінавачваў свайго беларускага візаві ледзь не ва ўсіх смяротных грахах, што, аднак, не перашкодзіла яму пазней зноў лабызацца з тутэйшым правадыром.
Нармальныя краіны ладзяць стасункі паміжсобку на ўзаемавыгадных грунтах, а не та прынцыпе даення чужой каровы, у якой ёсць хоць крыху малака. Такі прынцып дачыненняў не можа быць вечным. Бо калісьці і ў суседа карова можа здохнуць.