Літва першай з краін ЕС цалкам адмовілася ад расійскага газу
Літва з пачатку красавіка цалкам спыніла імпарт газу з Расіі, стаўшы першай краінай ЕС, якая пайшла на такі крок. Як паведамляе LRT, пра гэта заявіла літоўскае Міністэрства энергетыкі.
У ведамстве паведамілі, што з пачатку красавіка літоўская
газатранспартная сістэма не імпартавала газ з РФ. Гэта пацвярджаюць і даныя
аператара Amber Grid: згодна з імі, на 2 красавіка імпарт расійскага газу ў
Літву праз інтэрканектара з Беларуссю быў нулявым.
Зараз усе газавыя патрэбы Літвы задавальняюцца дзякуючы
імпарту праз СПГ-тэрмінал у Клайпедзе. Па разліках, у далейшым гэтага павінна
быць дастаткова.
Пры неабходнасці газ могуць перапампоўваць таксама з Латвіі,
а з 1 мая — праз інтэрканектар з Польшчай.
Міністр энергетыкі Дайніус Крэйвіс назваў гэта паваротным
пунктам у энерганезалежнасці Літвы.
«Мы першая краіна ЕС, якая атрымлівала газ ад «Газпрама» і якая стала незалежнай ад паставак газу з Расіі», — заявіў ён.
«Пачынаючы з гэтага месяца, у Літве больш не будзе
расійскага газу. Шмат гадоў таму мая краіна прыняла рашэнні, якія цяпер
дазваляюць нам без болю разарваць энергетычныя сувязі з агрэсарам. Калі мы
змаглі — астатняя Еўропа таксама зможа», — пракаментаваў рашэнне прэзідэнт Літвы
Гітанас Наўседа.
Літва — сярод краін, якія найбольш актыўна прасоўваюць у
Еўрасаюзе нафтавае і газавае эмбарга супраць Расіі, нагадвае «Украінская праўда».
Таксама Літва не так даўно па ўласнай ініцыятыве закрыла шлях беларускім калійным угнаенням праз порт у Клайпедзе.