«Кошт урада»: у краіне — эканамічны крызіс, вырашыць які дзеючая сістэма кіравання не ў стане
Праект «Кошт урада» падвёў вынікі працы беларускай эканомікі ў першым паўгоддзі. Яны несуцяшальныя. Усе планы не выкананыя: замест росту ВУП — падзенне, фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў пагаршаюцца, а колькасць стратных дзяржкампаній расце.
Па выніках першага паўгоддзя 2020 года ВУП Беларусі, па першай ацэнцы, склаў 66,3 млрд рублёў, ён скараціўся на 1,7%.
Толькі ў Мінска ёсць шанцы перавысіць паказчыкі па дададзеным кошце мінулага года з улікам вялікай долі IT-сектара. Аднак апошнія падзеі, магчымыя прыпыненні дзейнасці прадпрыемстваў у сувязі з забастоўкамі могуць пераламаць трэнд на аднаўленне. Пры масавых забастоўках вытворчыя паказчыкі ўпадуць мацней, чым у выніку пандэміі, услед рушыць абвальванне паказчыкаў аптовага гандлю і транспарту, далей можа абваліцца раздробны гандаль. Ад хуткасці пераадолення крызісу будзе залежаць, на колькі скароціцца эканоміка Беларусі ў 2020 годзе. Працэнт падзення пры зацяжным крызісе можа быць двухзначны.
Скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці ў прамысловасці па выніках першага паўгоддзя 2020 года склала 3,1%. Асноўны ўплыў аказалі праблемы з пастаўкамі сыравіны ў нафтаперапрацоўчай прамысловасці і некаторыя складанасці са збытам прадукцыі ў хімічнай прамысловасці ў першым квартале 2020 года.
Зніжэнне эканамічнай актыўнасці не магло не адбіцца на фінансавых выніках прадпрыемстваў краіны. Па выніках першага паўгоддзя 2020 года чысты прыбытак прадпрыемстваў склаў 2,7 млрд рублёў, што ў 2,6 разы менш у параўнанні з аналагічнай датай годам раней. Пры гэтым быў выкарыстаны механізм спісання курсавых розніц пасля паслаблення курсу нацыянальнай валюты.
Колькасць стратных прадпрыемстваў вырасла з 958 (на 1 ліпеня 2019 года) да 1266 (на 1 ліпеня 2020 года), а памеры чыстых страт дадзеных прадпрыемстваў выраслі ў 5,7 разы да 4 млрд рублёў.
Памер страт ад палітычнага крызісу нават па афіцыйных заявах можа перавысіць $500 млн, і гэтая лічба не канчатковая. Усё гэта кажа аб наяўнасці эканамічнага крызісу ў краіне, вырашыць які дзеючая сістэма кіравання не ў стане.
Паводле Myfin.by