Кацярына Барнукова: Сядзець і чакаць адмены санкцый — не вельмі дальнабачная стратэгія

На працягу апошніх дзён Беларусь пачала санкцыйную пікіроўку з прыбалтыйскімі рэспублікамі — Літвой і Эстоніяй. Усё гэта пагражае стратамі ў некалькі мільярдаў долараў па выніках года.

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка «BEROC»

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка «BEROC»


Апошнія дні запомніліся як абвастрэннем палітыкі санкцый з боку еўрапейскіх краін, так і дзеяннямі Беларусі ў адказ. Акрамя перакрыцця транзіту калію Літвой, Эстонія абвясціла пра блакаванне транзіту нафтапрадуктаў з Беларусі, якія пастаўляліся ў абыход Літвы. Беларусь заявіла, што спыняе перавозкі чыгункай грузаў з боку Літвы.
Як далёка могуць зайсці гэтыя пікіроўкі? І якую яны нанясуць шкоду эканоміцы Беларусі? На гэтыя і іншыя пытанні адказала акадэмічная дырэктарка «BEROC» (Кіеў) Кацярына Барнукова.
— Самы вялікі ўдар ужо быў нанесены Літвой з перакрыццем транзіту калійных угнаенняў. Мы з-за гэтага можам страціць істотную частку выручкі. З улікам росту цэн яна ў гэтым годзе магла б перавысіць 3 млрд. Пры гэтым знайсці новыя шляхі транзіту вельмі складана. Мы бачым, што нават Расія пакуль не гарыць жаданнем перавозіць беларускі калій. Верагодней за ўсё, таму што ў Расіі няма столькі свабодных магутнасцей для перавозкі. Чыгуначныя склады занятыя расійскімі канкурэнтамі «Беларуськалія», і вызваляць іх яны не спяшаюцца.
Другі момант — санкцыі з боку Эстоніі. Гэта на самой справе не новыя санкцыі, а выкананне тых санкцый, што ўвёў Еўрасаюз. Эстонія проста ўдакладніла канкрэтны таварны код нафтапрадуктаў (2710), які будзе забаронены ддя ўвозу і транспартавання. Па сутнасці, гэта дбайнае выкананне санкцыйных патрабаванняў Еўрасаюза, каб не было магчымасці пастаўляць нафтапрадукты ў абыход абмежаванняў.
Тут складана палічыць страты Беларусі, таму што мы губляем не толькі той экспарт нафтапрадуктаў, што ўжо быў, але і патэнцыйны калідор абыходу санкцый ЕЗ. Як мяркуецца, гаворка ідзе аб некалькіх мільярдах даляраў экспартнай выручкі.
Гэта, вядома, не самы лепшы паварот падзей, але пакуль нічога трагічнага не адбылося. Беларусь адрэагавала забаронай чыгуначнага транзіту з Літвы. Гэта б'е ў першую чаргу па гандлі паміж Літвой і Украінай, куды прадаюцца нафтапрадукты і ўгнаенні. Страты Літвы складуць некалькі соцень мільёнаў еўра. Але трэба разумець, што ад контрсанкцый пацерпіць і сама Беларусь. У першую чаргу гэта закране БЧ, якая ўжо панесла страты з-за калійных санкцый.
Ці будзе зваротны віток санкцый? Літоўскі ўрад ужо заявіў, што яны рыхтуюць адказ на беларускія контрсанкцыі. Гэтыя новыя абмежаванні выклічуць аналагічны адказ з боку Беларусі. Пры гэтым інструментаў, якія абедзве краіны могуць ужыць, застаецца ўсё менш. Акрамя забароны імпарту іншых тавараў, цяжка ўявіць нейкія іншыя абмежаванні. У эканамічным плане новы «абмен ласкамі» будзе з кожным разам усё драбней, таму што самыя буйныя козыры ўжо разыграныя.
Тая ж гісторыя будзе развівацца ў санкцыйнай пікіроўцы з Эстоніяй. Для захавання твару Беларусь вымушана будзе адказаць на недружалюбныя дзеянні. Але эканамічныя маштабы санкцый і контрсанкцый наўрад ці будуць расці.
Таксама для партала Myfin.by Кацярына Барнукова пракаментавала заяву ў расійскім «Коммерсанте» пра тое, што Беларусь нават не вядзе перамоў з Расіяй у пытанні абыходу санкцый і альтэрнатыўных паставак калію. Расійскае выданне піша, што Беларусь спадзяецца на хуткі рост цэн на калій і адмену санкцый з-за крытычнай сітуацыі на рынку.
— Такім публічным выказванням з боку расійскіх экспертаў і афіцыйных асоб давяраць не варта. Таму што мы ўжо бачылі на прыкладзе «Транснафты», як расеіяне заяўляюць адно, але дзейнічаюць па-іншаму. У публічнай сферы яны імкнуцца не прызнавацца ў супрацоўніцтве з кампаніямі, якія трапілі пад санкцыі ЗША і ЕЗ. «Транснафта» ўпарта заяўляе, што не пастаўляе нафту на «Нафтан», але мы бачым, што кампанія працягвае працаваць і нейкім «чароўным» чынам нафта ў беларускага перапрацоўшчыка не заканчваецца.
Таму я б выказала здагадку, што перамовы вядуцца, але ні расійскія парты, ні РЧ лішні раз «свяціць» гэты факт у публічным полі не стануць. Можна яшчэ выказаць здагадку, што расійскія кампаніі асцерагаюцца другасных санкцый і таму ўхіляюцца ад перамоў. Аднак практыка паказвае, што другасныя санкцыі пакуль не дзейнічаюць. Прынамсі, Літва не спыніла працу з расійскімі кампаніямі, якія працягваюць пастаўкі беларускім прадпрыемствам.
Наконт росту цэн і разліку на скасаванне санкцый. Цэны на калій ўжо істотна выраслі. Зразумела, што гэта не адмяняе іх магчымы далейшы рост, але пакуль сусветная эканоміка з гэтым спраўляецца. Хоць у заходніх выданнях ужо з'явіліся публікацыі на тэму наступстваў санкцый: рост цэн на ўгнаенні можа моцна нашкодзіць краінам Азіі і Афрыкі, якія развіваюцца, з вялікай залежнасцю ад сельскай гаспадаркі. Але мы таксама бачым, што іншыя гульцы рынка гатовыя павялічыць вытворчыя магутнасці і лёгка замясціць выпадаючы аб'ём паставак з боку «Беларуськалія».
Такую заяву ўжо зрабіў канадскі вытворца калійных угнаенняў. Расійскі «Уралкалій» таксама можа ўключыцца ў гэтую гонку. Таму проста сядзець і чакаць скасавання санкцый — не вельмі дальнабачная стратэгія. Іншая справа, што Беларусь, хутчэй за ўсё, не верыла, што Літва пойдзе на такі сур'ёзны крок з санкцыямі без фінансавай падтрымкі Еўрасаюза. Для маштабаў літоўскай эканомікі гэта вельмі сур'ёзныя страты. Таму сур'ёзна да забароны транзіту калія ніхто не рыхтаваўся, і цяпер толькі пачынаецца спешны пошук альтэрнатыў.