Інфляцыя ў Беларусі ўплывае нават на бясплатную працу
Добраахвотна-прымусовая праца прынесла беларускай эканоміцы ў гэтым годзе толькі за адзін дзень 16 мільёнаў рублёў. А гэта на 2 мільёна больш, чым у мінулым годзе
Нацыянальны статыстычны камітэт падзяліўся інфармацыяй аб выніках правядзення рэспубліканскага суботніка. Мерапрыемства адбылося дзесяць дзён таму, 20 красавіка, піша праект «». У ім ўзялі ўдзел, паводле афіцыйных даных, 2 мільёны 350 тысяч чалавек. У выніку правядзення суботніка грашовых сродкаў для пералічэння сабралі 15 842 600 рублёў.
Мала якія паказчыкі ў эканоміцы вызначаюцца такім упэўненым і пастаянным ростам, як паказчыкі суботніка. Тут мы маем на ўвазе паказчык збіральнасці сродкаў.
У бягучым годзе гэта амаль 16 мільёнаў рублёў, тады як годам раней было 14 мільёнаў. І калі ўлічыць, што колькасць «добраахвотнікаў», якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве, засталася на тым жа ўзроўні, то выходзіць, што ў гэтым годзе сярэдні чэк на суботнік пацяжэў на 15%.
Так што інфляцыя ў Беларусі ўплывае нават на бясплатную працу. І гэта той выпадак, які ўскосна выдае, што рост коштаў у краіне істотна вышэйшы за тыя лічбы, якія публікуе Белстат.
Сакавіцкія заробкі выраслі да $ 669 «бруднымі»
Белстат апублікаваў звесткі аб намінальным налічаным сярэднім заробку ў сакавіку 2024 года. Пачатак вясны беларусы сустрэлі з заробкамі на ўзроўні 2161 рублёў, — а гэта адразу на 135 рублёў вышэй, чым у лютым. У доларавым выражэнні — $669. З улікам падаткаў і збораў чыстымі атрымаецца прыкладна 1860 рублёў або 575 долараў на рукі. Да сакавіка мінулага года павелічэнне заробкаў з улікам інфляцыі склала 12,8%.
На мінулым УНС якраз заробкі ў Беларусі ставіліся ў шэраг ключавых дасягненняў сацыяльна-арыентаванай мадэлі эканомікі. Зрэшты, параўноўваць з суседзямі не сталі. Паказалі толькі на рост даходаў насельніцтва ў 10 разоў за 30 гадоў.
У валютным выражэнні прырост будзе ў 5-6 разоў.
А між тым, калі адкрыць еўрапейскую статыстыку, то можна ўбачыць, што Польшча і краіны Балтыі выраслі за гэты ж перыяд у 12-15 разоў, ды і ў Расіі рост заробкаў у пераліку на валюту таксама перавышае беларускі. Таму ганарыцца лепш самастойна — і не глядзець па баках.