Ці могуць у Беларусі знікнуць прадпрымальнікі?
“У гэтым годзе колькасці ІП-эшнікаў знізіцца ў сем разоў”, — прагназуе дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч.
Апошнімі днямі тэма беларускіх прадпрымальнікаў, якія аказаліся ў складаным становішчы, — адна з галоўных.
— Перад іпэшнікамі зараз стаяць вельмі сур’ёзныя выклікі. Калі яшчэ ў лістападзе мінулага года мы думалі, што працягненне тэрмінаў рэалізацыі астаткаў несертыфікаваных тавараў пасля 1 сакавіка — гэта выратаванне для прадпрымальнікаў, то зараз бачым, што нават калі тэрміны і працягнуць, то ўсяго толькі працягнуць агульную агонію малога бізнесу. Таму што падзенне пакупніцкага попыту не дазваляе прадпрымальнікам выйсці ў плюс з улікам таго, што неабходна заплаціць падаткі і за арэнду. Трэба адзначыць, што ў Беларусі той, хто плаціць адзіны падатак, мае самы вялікі падаткавы цяжар. Хто так плаціць?! Падатковая нагрузка дасягае 35 працэнтаў! І, калі зараз працягнуць тэрміны продажу астаткаў, то не ўсе ІП-эшнікі змогуць працаваць далей. Напрыклад, на 100-150 мільёнаў астаткаў трэба будзе заплаціць 80-100 мільёнаў падатку. Які сэнс працаваць “пад нуль”? Таму трэба дабівацца таго, каб астаткі дазволілі рэалізаваць без усялякіх дадатковых падаткаў, кажа Анатоль Змітровіч.
— Можа тады прадпрымальнікі наогул знікнуць, як клас?
— Указ 222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідульнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі” нагадвае мне лабісцкую схему ліквідацыі малога бізнесу. Ён карэнным чынам змяніў умовы працы ІП-эшнікаў. Атрымоўваецца, што ўлады вызваляюць нішу, якую займалі ІП у рыначным гандлі, для нейкага буйнога неайчыннага бізнесу.
— Кажуць, што беларускія прадпрымальнікі могуць прызвычаіцца да любых умоў працы, бо “травілі” іх ужо не раз. Ваша меркаванне?
— На гэты раз не прызвычаяцца, бо ёсць мінімальны набор нейкіх нарматыўных актаў, каб прадпрымальнік змог больш-менш спакойна працаваць. Але зараз узровень абсурду ў законатворчай базе для вядзення бізнесу ў некалькі разоў перавышае узровень здаровага сэнсу, у межах якога можа працаваць малы бізнес. Раней вырашалі праблемы прадпрымальнікаў у межах эканамічнай вобласці і можна было даказаць чыноўнікам, што тое і тое мае выгоды для дзяржавы. Калі эканамічныя доказы перасталі слухаць, прымянялі палітычныя метады — мітынгі, дэманстрацыі, страйкі. Але зараз вырашыннне пытання прадпрымальнікаў наогул знаходзіцца ў нейкай незразумелай вобласці. Немагчыма нешта прагназаваць. Прадпрымальнікі не могуць планаваць ні сваю працу, людзі не бачаць будучыні. Выхад адзін — закрывацца. А значыцца дзяржава сама адмаўляецца ад 1 трыльёна 124 мільярдаў рублёў, якія б прынеслі ІП-эшнікі ў бюджэт краіны ў выглядзе падаткаў. Па маёй інфармацыі, у гэтым годзе колькасць прадпрымальнікаў знізіцца ў сем разоў — з 70 тысяч до 10 тысяч. Вельмі сумная лічба!
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя