Высмейваў царскіх «амапаўцаў» і савецкія падручнікі: чаго яшчэ вы ня ведалі пра Якуба Коласа

3 лістапада — 135 гадоў Якубу Коласу, які верыў, што змрок рэчаіснасці можна адолець, калі настроіць струны сваёй скрыпкі на патрэбны лад.

1351692d_7c96_429f_a6fc_53d81f669e4d_w650_r0_s.jpg


У адрозненне ад Янкі Купалы, чыя творчасць была прасякнутая бурамі і пакутай, Якуб Колас заўсёды імкнуўся да гармоніі і спакою. Любіў рыцарскія раманы і быў адным з тых рэдкіх беларускіх паэтаў, хто пачаў пісаць пра каханне пасля 60. Стомлены сямейным тлумам, жадаў адзіноты, а здабыўшы яе, пакутаваў ад пачуцця пакінутасці.
Яго творчасць падкрэслена аўтабіяграфічная. А яго найбольш выразны аўтапартрэт — Сымон-музыка. Вонкава суровы, каржакаваты, няўсмешлівы, Якуб Колас да канца жыцця застаўся рамантыкам, які па-дзіцячы верыў: змрок нашай рэчаіснасці можна адолець, калі зможаш настроіць струны сваёй скрыпкі на патрэбны лад. Калі будзеш верыць у казачнае і фантастычнае, калі захаваеш наіў і ўнутраную лёгкасць. Колас гэтую лёгкасць захаваў.

1. Змалку яго раздражнялі нараканні на беднасць


«Сваякі, як галодныя сабакі, гатовы разарваць мяне на кавалкі. А іх болей, як у мяне валасоў на галаве. Ня так шкада перакінуць ім сяды-тады тое-сёе, прыкра чуць гэтыя бясконцыя іх жальбы на сваю беднату, гэтая іх жабрацкая традыцыя. З малых дзён я чую гэтыя скаргі, і яны псуюць мне настрой і атручваюць жыццё» (з ліста да А. Смоліч. 5 студзеня 1950. / Выбранае. Т.19. 2012).

2. Засмучаўся, што ў «Беларускай хатцы» паказвалі фільмы для дарослых, на якія дапускаліся дзеці


«Зайдзіце, калі гэта цікава, у гадзін 12 ночы ў Беларускую хатку на кінэматаграфічныя сэансы. Там кішаць дзеці, закінутыя дзеці гарадзкіх акраін. На экране — сцэна оргій. Дзеці назіраюць /…/ і тут жа, па натуральным нахіленні дзяцей да пераймання, паўтараюць гэтыя сцэны. Перад іх вачыма праходзіць і другая сцэна, сцэна расстрэлу. /…/ Вынікам гэтае сцэны з’яўляецца гульня. Некалькі хлопчыкаў прыгаворваюцца да расстрэлу. /…/ Другая група хлопчыкаў, узяўшы палкі замест карабінаў, наводзіць на іх „карабіны“.
— Пах! — крычаць яны. „Прыгавораныя“ падаюць, а „расстрэльшчыкі“ кідаюцца на іх і „колюць“.
— Што вы робіце?
— Трэба дакалоць, бо, можа, хто яшчэ жывы».
Так выхоўвае іх кінэматограф” (Якуб Колас. «Падумайце аб дзецях!»/ Мальдзіс А. З літаратуразнаўчых вандраванняў. 1987).

3. Яго палохала вялікая хваля злачыннасці сярод школьнікаў у 1950-я гады


«…среди хулиганов и преступников все чаще попадаются сыновья уважаемых и обеспеченных родителей. /…/ зло принимает угрожающие размеры: преступники снимают часы на людных улицах, раздевают граждан средь бела дня, вламываются в сберегательные кассы, опустошают кассы магазинов. В Марьиной Горке, неподалеку от Минска, орудовала шайка грабителей, в которую входили десятиклассники и в том числе сын местного начальника милиции. /…/ Мне от души стыдно за это подлое и трусливое безразличие к /…/ преступным действиям. /…/ Ученики средней школы, дети известных в Минске родителей, украли легковую машину, ограбили склад. /…/» (Якуб Колас. «С мыслью о благе человека…» / Збор твораў. Т. 17. 2012).

4. За год да арышту іранізаваў з царскіх судоў, дзе сведкамі абвінавачання былі тагачасныя амапаўцы — стражнікі


«Суддзя гаворыць да абвіняемых, трох вясковых хлопцаў:
— Вы абвіняецеся ў тым, што хадзілі па вёсках і спявалі забароненыя песні. Прызнаяце сябе вінаватымі?
— Не, не прызнаём!
— Свідзецель! Вы на гэта што скажаце?
Устае сведка, паліцэйскі стражнік.
— Спявалі, ваша высакародзіе.
— Ці помніце, што яны спявалі?
— Труля-ля, труля-ля! Яшчэ труля-ля, ізноў труля-ля!»
(Стары Шут. «З судзебнай практыкі ў Мінскім павеце». // «Наша ніва», 1907, № 31, 12 (25) кастрычніка).

5. У астрозе сукамэрнікі забаранялі яму галіць бараду


«Барада была ў мяне. /…/ Мне сябры па камэры забаранялі здымаць яе. Грошы я ў барадзе хаваў. /…/ Туга было: харчоў не хапала. Зразумела, мець сваю капейку было надзвычайна патрэбна. А ўберагчыся цяжка, вобыскі: знойдуць і забяруць. І я выручаў усю камэру: скручу якую дзесятку ў трубачку і ўткну ў бараду. Рукі падыму ўгару, шукаюць, шчупаюць і нічога. Дзе-ж ім дагадацца» (Андрэй Александровіч. «Полымя» ў Магілёве. // «Савецкая Беларусь», 1928, № 265, 18-га лістапада).

6. Іранічна раіў беларусам навучыцца сварыцца паводле правільнай мэтадалёгіі


«З прычыны таго, што сварка — бытавая з’ява шырокага размаху, на яе трэба было б звярнуць належную ўвагу, чаго, на жаль, ня робіцца дагэтуль. Літаратура таксама займаецца ёю мала, а калі і займаецца, то ня так, як трэба, разглядаючы яе з надворнага боку, адзначаючы пэўныя факты. Істота ж гэтае сваркі, яе, так сказаць, дынамічнасьць, яе мэтадычны бок застаюцца ў цені. Скажам, ня высветлены такія пытанні: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба казаць наўперад, а што потым? Куды трэба пазіраць, калі лаесся з чалавекам? Якую нагу трэба выставіць наперад? Які выраз трэба даць твару? Як трымаць рукі? У які момант згарнуць фігу? Калі пераходзіць ад слоў да справы, або, другімі словамі, калі кідацца ў атаку? Да гэтага часу сваркі вяліся і вядуцца саматужным спосабам, а трэба было б злажыць простую, усім даступную, схэму для практычнага карыстання ў інтарэсах эканоміі часу і фізкультурнага выхавання» (Тарас Гушча. «Калектыў пана Тарбецкага».// «Полымя», 1926, № 4).

7. На самоце іграў на скрыпцы і спяваў канон свяціцелю Яну Залатавусту


«Аднойчы ўвечары ў Менску Уладзімер Дубоўка і Мікола Равенскі /…/ вырашылі па аднэй пільнай справе наведаць Якуба Коласа. Дайшоўшы да ягонае хаты, яны пабачылі, што дзверы на вуліцу адчыненыя. Яны ўвайшлі ў першы пакой, потым у другі, нікога не сустракаючы, і нарэшце пачулі скрыпку і спяванне. У паўзмрочным пакоі стаяў спіной да тых, што ўвайшлі, Якуб Колас і пад скрыпку ўголас пяяў:
Колеснице гонителя фараона погрузи
Чудотворяй иногда моисейский жезл…
Заўважыўшы Дубоўку і Равенскага, Якуб Колас спалохаўся і сказаў: «Як вы няўпрыцям увайшлі. Вы нічога ня бачылі і ня чулі. Добра?» (Ю. Віцьбіч. Зь ліста да М. Міцкевіча ад 1.11.1954. / Уладзімір Дубоўка. «Ён і пра яго». Менск, 2017).

8. Не любіў тоўстых і злаваўся на сабе, калі пачаў таўсцець


«Скора будзе год, як не куру. Гэта троху падмацавала лёгкія, але, з другога боку, я стаў таўсцець, а тоўстых я ніколі не любіў, а самога сябе я за гэта ўзненавідзеў» (з ліста да А. Смоліч. 5 студзеня 1950. / Збор твораў. Т. 17. 2012).

9. Раіў сеяць жыта паводле мэтаду гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага


«Некалькі год запар у сябе пад вокнамі я засяваў жытам лапінку зямлі велічынёю з пісьмовы стол. Сеяў я па-звычайнаму — увосені, вясною падкормліваў рунь мінэральнымі ўгнаеннямі. /…/ У 1952 годзе я таксама пасеяў жыта, але вясною, выкарыстаўшы адзін цікавы спосаб. /…/ Спосаб гэты ўжываўся ў Беларусі ў канцы XVI стагоддзя. Весткі аб ім знаходзяцца ў Хроніцы Гванінні. /…/ Гванінні /…/ быў ротмістрам у Віцебскім замку. Вось што ён піша ў сваёй хроніцы: „Існуе другі, нядаўна вынайдзены спосаб сяўбы на выпаленай і ачышчанай ад лесу /…/ глебе: да дзвюх частак ячменю дамешваюць трэцюю частку жыта, і гэтую сумесь сеюць вясною ў належны час. Ячмень выспявае, жнецца і прыбіраецца з поля ў тое ж самае лета: жыта ж з-пад ячменю /…/ пакідаюць на зіму. На наступны год гэтае жыта бывае такое ўраджайнае і густое, што цераз яго насілу можна праехаць верхам, і такое высокае, што ледзь можна ўбачыць чалавека, які едзе верхам“ (Якуб Колас. „Справа, якая заслугоўвае ўвагі“. // „Калгасная праўда“, 1953, № 172, 1 верасня).

10. На камуністычным з’ездзе крытыкаваў савецкія падручнікі


«…Для падручнікаў у нас часта падбіраюцца дрэнныя малюнкі, папера і, на жаль, далёка ня лепшыя літаратурныя матэрыялы. Возьмем буквары і чытанкі /…/ У іх часам адсутнічае адзінства ідэі і мэты ў справе выхавання маладога пакалення. /…/ не паспее прыйсці вясна, як гэтыя кнігі трэба здаваць у макулятуру. Яны парваліся, бо аддрукаваны на паперы нізкай якасці. Малюнкі, якіх нельга было разабраць і спачатку, сталі цёмнымі плямамі. Падручнікі ўстарэлі і па матэрыяле, які быў дрэнна падабраны і напісаны“ (Якуб Колас. Прамова на XXI з’ездзе Камуністычнай партыі Беларусі. // „Звязда“, 1954, № 38, 14 лютага).

11. Высмейваў Максіма Лужаніна за апісанне першай сустрэчы Коласа з Янкам Купалам у 1912 годзе


«… Як табе падабаецца такая сустрэча двух паэтаў? Яны першы раз бачацца і адразу ж абдымаюцца і тройчы чаломкаюцца, як «загадвае звычай» і, не паспеўшы ўцерці губы, хапаюцца за вершы, пачынаюць чытаць, і не абы-як, а выйшаўшы на сярэдзіну хаты і ўпёршы рукі ў бокі. З-за коміна паглядаюць дзеці — абавязкова замурзаныя! — і варушаць губамі — абавязкова пульхнымі! — паўтараючы вешчыя словы. Дарослыя — абавязкова! — зміргваюць з вачэй слязу. Хто — абавязкова! — цярэбіць хустку, хто — абавязкова! — пагладжвае вусы і бараду… (…) Адкуль гэта ты ўзяў, што ў нас з Янкам былі «звонкія» галасы? Як гэта мы маглі так вольненька, паляпваючы адзін другога па плячы, перайсці адразу на «ты»? І пры малых, пры маці ўсчыналі ледзь не рэвалюцыйныя прамовы? А як ты прымусіў нас размаўляць? Падумай. Вытрымкамі з вершаў. І хоць бы з якіх-небудзь, а то са сваіх уласных. Хіба ў нас людзкія словы ў горле паперасядалі?» (Лужанін М. «Колас расказвае пра сябе». 1982).

12. Шкадаваў Барыса Пастарнака


«Мне стала неяк шкада Пастэрнака. Ён гаварыў так блытана, так загадкава і дапускаў такія ляпсусы, што проста крыўдна за чалавека, тым больш што ён шчыры. Яму трэба абавязкова запісваць поўны тэкст таго, што хоча ён сказаць аўдыторыі. Я ўчора сказаў яму пра гэта. Ён пагадзіўся са мной » (з ліста да С. Гарадзецкага. 7 сакавіка 1936 г., Менск. / Збор твораў. Т. 18. 2012).

13. Пакрыўдзіў юнага Івана Мележа, калі разграміў пачатак яго першага рамана «Мінскі напрамак»


«…Малавата ў рамане тае напружанасці, якая вядзе чытача ад старонкі да старонкі. І, на жаль, бадай што кожная старонка носіць сляды няўважлівай работы над словам. Аўтар піша „пазбавілася зручнай дарогі для адступлення“, у той час, як пазбавіцца можна ад нежаданага, а не ад патрэбнага. Далей гаворыцца: „Між сосен траплялася ўсюды ссечанае галлё“. Слова „ўсюды“ і „траплялася“ ўзаемна выключаюць адно другое» (Якуб Колас. «Развіваць і ўзбагачаць літаратурную мову». // «ЛіМ», 1950, № 14, 1 красавіка).

14. Раскрытыкаваў эпапэю Міхася Лынькова «Векапомныя дні», а той называў няўдалай паэму Коласа «Адплата»


«У рамане шмат няверных, а таму і фальшывых сытуацый. /…/ Усе немцы, за нямногімі выключэннямі (Вілі, Кубэ), падаюцца надзвычай наіўнымі, глупымі, абмежаванымі. /…/ Зварачаюць на сябе ўвагу і прозвішчы пэрсанажаў рамана: Дудок, Дудзік і Паддудзік. /…/ Калі Гогаль даваў сваім пэрсанажам такія прозвішчы /…/, дык там усё апраўдана, як у творы сатырычным. Але якое апраўданне можа быць для прозвішча сумленнага, дадатнага савецкага чалавека, як Масладуда?» (з ліста да М. Лынькова. 9 красавіка 1952 г., Менск. / Збор твораў. Т. 19. 2012). «Вельмі прашу Вас звярнуць увагу на маю паэму „Адплата“. /…/ Паэма прайшла амаль незаўважанай. І вінаваты ў гэтым наш паважаны Міхал Лынькоў. Ён бадай што толькі адзін прачытаў яе, калі быў старшынёю нашага пісьменніцкага саюза, і махнуў на яе рукою, як на няўдалую паэму. З гэтым я не магу пагадзіцца. Асабіста мне паэма падабаецца. У ёй шмат ёсць удалых паэтычных мясцін. /…/ яна багата зместам і разнастайнасцю самога складу расказу» (з ліста да У. Чаржынскага. 24 снежня 1952 г./ Збор твораў. Т. 19. 2012).

15. Ушчуваў беларускіх кампазытараў за тое, што ня пішуць запамінальнай музыкі


«За доўгія гады не дачакаліся мы ад нашых кампазытараў песні, якую спявалі б у радах дэманстрантаў і за сталом у добрай бяседзе. Гэта вельмі крыўдна /…/ Кампазытары кажуць, што паэты ня пішуць для іх тэкстаў, паэты сцьвярджаюць, што кампазытары лянуюцца чытаць напісанае. Відаць, і тыя і другія гавораць праўду. А мы ж хочам мець і выдатную опэру, і сымфонію, і сюіту, і раманс» (Якуб Колас. Прамова на XXI з’ездзе Камуністычнай партыі Беларусі. // «Звязда», 1954, № 38, 14 лютага).

16. Любіў назіраць, як ядуць палонныя немцы


«Вельмі цікавая сцэна: палонныя гітлераўцы абедаюць. Відаць, што людзі галадуюць. Марыя Георгіеўна прынесла ім вядро варыва. Я зумыслу пасадзіў іх так, каб можна было наглядаць за імі. Сур’ёзныя твары. Намёку няма на весялосць. Варыва іхні „брыгадзір“ размеркаваў. Пачалі есці. Ядуць маўкліва, сур’ёзна: гэта для данага моманту для іх асноўнае. Потым, запхнуўшы кішкі, людзі весялеюць» (З дзённікавых запісаў: 13 мая 1947 г. / Збор твораў. Т. 20. 2012).

17. Калі адпачываў бяз жонкі на курорце, яго раздражнялі закаханыя пары


«Да нашага глядыятара (ёсць тут паэт такі) прыехала нейкая дзяўчына, тоўстая, ёмкая. Яны цалуюцца „на глазах почтеннейшей публики“. Прынамсі, я раз бачыў на свае ўласныя вочы. Яна ляжала на ложку, а ён прыпаў да яе і цалаваў. Гэта мой блізкі сусед. З акна відаць уся іх ідылія. Праціўны яны мне абое» (з ліста да М. Міцкевіч. 25 чэрвеня 1924 г., Кіславодск. / Збор твораў. Т. 18. 2012).

18. У Барвісе захапляўся эратызмам мясцовых скульптур


«Многа тут і розных скульптур, пераважна антычных. Яны мне нават прыгледзеліся: стаіць гэткая красуня, прыкрыўшы „міронню“ сваёю белаю далонню. Або які-небудзь „Апалон“ з ляўровым вянком на галаве і з капшуком на яйцах» (з ліста да Максіма Лужаніна. 29 мая 1955 г., Барвіха./ Збор твораў. Т. 20. 2012).

19. Засмучаўся жахлівым станам беларускіх могілак


«…амаль усюды па Беларускай савецкай рэспубліцы ў страшэннай запушчанасці знаходзяцца могілкі /…/ Могілкі не агароджаны, па іх бесперашкодна топчацца скаціна. А на гэтых могілках ёсць вядомыя людзі, што прысвяцілі сваё жыццё народу і Радзіме — Францішак Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч і шмат іншых. Такая непавага да сваіх продкаў ня ёсць сведчанне аб нашай культуры. 17 мая 1956 г.» (Якуб Колас. Ліст да члена Бюро ЦК КП Беларусі П.А. Абрасімава аб стане могілак у рэспубліцы. / Збор твораў. Т. 17. 2012).

20. Здзіўляў Петруся Броўку сваімі шагалаўскімі фантазіямі


«Нядаўна мяне апанавала думка. Вось я раптам напісаў бы такую аб’яву для нашай шаноўнай санаторскай публікі: „Вечер чудес“. Я яўляюся перад публікаю — а тут усе людзі вучоныя — і пытаюся: ці можа чалавек адарвацца ад зямлі і павіснуць у паветры? Мне сказалі б: не /…/ ёсць закон усясветнага цягацення. А я знайшоў спосаб ліквідаваць гэта цягаценне, узяў сабе падняўся на крок, на два ды пайшоў разгульваць над галовамі свае аўдыторыі… Нармальнаму чалавеку такія мыслі ў галаву не палезуць» (з ліста да П. Броўкі. 22 кастрычніка 1947 г., Кіславодск. / Збор твораў. Т. 19. 2012).
Васіль Дэ Эм, Свабода