Віталь Тарас: Я журналіст, бо мне гэта цікава

17 студзеня не стала вядомага журналіста і шчырага чалавека Віталя Тараса. У 2009 годзе выйшла мая кніга «Інтэрв’ю, якіх не было», дзе вядомыя журналісты адказвалі на сем аднолькавых для ўсіх пытанняў. Быў сярод іх і Віталь Тарас. Сёння я вырашыў надрукаваць яго адказы яшчэ раз. Каб было больш відавочна, якую АСОБУ мы страцілі…

Аляксандр ТАМКОВІЧ
----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------



c56a022b15250525f8b9bdfc41a13152.jpg

17 студзеня не стала вядомага журналіста і шчырага чалавека Віталя Тараса. У 2009 годзе выйшла мая кніга «Інтэрв’ю, якіх не было», дзе вядомыя журналісты адказвалі на сем аднолькавых для ўсіх пытанняў. Быў сярод іх і Віталь Тарас. Сёння я вырашыў надрукаваць яго адказы яшчэ раз. Каб было больш відавочна, якую АСОБУ мы страцілі…
Аляксандр ТАМКОВІЧ
----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

У 1973 годзе Віталь пачаў друкавацца ў газеце «Знамя юности». Працаваў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, у газетах «Літаратура і Мастацтва» (пад рэдакцыяй А. Вярцінскага), «Культура», расійскай «Общей газете», на Радыё «Свабода», у штотыднёвіку «Наша Ніва». Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра (у раздзеле «радыёпубліцыстыка») за 1996 год.
— Выбар у прафесіі: «чэсны» — «нячэсны». Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
— Свой «выбар» я зрабіў задоўга да таго, як прагучалі вядомыя словы пра «чэсных» і «нячэсных» журналістаў. Слова «выбар» я стаўлю таксама ў двукоссе, бо, пачынаючы пісаць, не думаў, што выбіраю нейкі асаблівы шлях для сябе на ўсё жыццё. Я тады яшчэ вучыўся ў школе і пра гэта нават не задумваўся. Тым больш, нічога не пралічваў наперад. І пазней маральны выбар перада мной ніколі не паўставаў, папросту вакол мяне, сярод маіх калег заўсёды пераважалі людзі, якія сумленна рабілі сваю справу. І ў мяне не было выбару — здраджваць прафесіі ці не здраджваць. Мабыць, таму, што не прапаноўвалі.
Калісьці Генры Форд вельмі дасціпна сказаў: «Сумленны журналіст прадаецца толькі адзін раз». Ну дык вось, я «прадаўся» сваёй прафесіі аднойчы і назаўсёды.
— Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў «чэсных»?
— У жыцці кожнага чалавека, я думаю, бываюць моманты слабасці і шкадавання. Але я не сказаў бы, што ў маім асабістым жыцці гэтыя моманты былі звязаныя з журналісцкай дзейнасцю. Як я ўжо зазначыў, адказваючы на папярэдняе пытанне, пачынаў я друкавацца, не асабліва задумваючыся наконт наступстваў. Даволі доўгі час у маладосці плыў, так бы мовіць, паводле плыні. Напрыканцы 70-х гадоў «прыплыў» на Беларускае тэлебачанне — працаваў спачатку ў рэдакцыі навукова-папулярных праграм, потым у рэдакцыі інфармацыі. У сэнсе прапаганды цяперашняе БТ дасць тагачаснаму сто пунктаў наперад. Аднак тады ў Беларусі, як і ва ўсім СССР, не было іншага (недзяржаўнага) тэлебачання. Ніхто пра гэта нават марыць не мог. На дзяржтэлерадыё працавалі і сапраўдныя прафесіяналы — майстры сваёй справы. Але ж ёсць адзін закон, які дзейнічае ўсюды — і ў дзяржаўных СМІ, і ў недзяржаўных, і ўвогуле не толькі ў СМІ. Паводле гэтага закона, у любой установе 30 працэнтаў людзей выконваюць 70 працэнтаў працы, астатнія 70 працэнтаў персаналу займаюцца хто чым — кар’ерай, падхалімствам, інтрыгамі супраць калег, пляткарствам, службовымі раманамі...
У мяне рэдактарская служба выпрацавала цвярозы погляд на працу на тэлебачанні, якое тады многія ў грамадстве ўспрымалі як нешта надзвычай прэстыжнае, прыцягальнае і таемнае. На маёй памяці Галоўная рэдакцыя інфармацыі ў пачатку 80-х ператварылася ў свайго роду пахавальную каманду — тады адным за адным паміралі генсекі ЦК КПСС (а ў прамежку памёр яшчэ і першы сакратар ЦК КПБ Кісялёў). Шараговым рэдактарам трэба было збіраць пра нябожчыкаў водгукі «плакальшчыкаў» — рабочых, навуковых работнікаў, пісьменнікаў, музыкантаў, ахопленых «пачуццём вялікай страты, якую панёс увесь савецкі народ». Пры гэтым і журналісты, і большасць «плакальшчыкаў» успрымалі сітуацыю досыць цынічна, з іроніяй і самаіроніяй.
А ўвогуле, у сілу індывідуальных рыс характару, я не люблю працаваць у калектыве. Праца ў любой канторы, нават калі гэта офіс самай прэстыжнай рэдакцыі з добрай зарплатай, мне заўсёды давалася цяжка. Хоць і разумею, што журналісцкая праца ў камандзе больш эфектыўная.

Віталь Тарас сярод лаўрэатаў прэміі БАЖ


— Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
— Паколькі я вырас у сям’і журналістаў (маці працавала на тэлебачанні, бацька — у газеце «Звязда», потым у часопісе «Нёман»), дык у мяне яшчэ са школы практычна не ўзнікала пытання, кім быць. Але бацькі былі катэгарычна супраць таго, каб я паступаў на журфак, паколькі добра ведалі цану журналісцкай прафесіі за савецкім часам. Яны мяне адгаворвалі як маглі. І ў выніку я паступіў... на біяфак БДУ. Але ж вельмі хутка высветлілася, што прафесія не мая. Дарэчы, высветлілася таксама, што і на біяфаку, як і на любым іншым факультэце, трэба было вывучаць і здаваць гісторыю КПСС, навуковы камунізм і розную іншую ідэалагічную лухту.
Так што з другога курса біяфака я быў адлічаны, і паступіў ва ўніверсітэт на вячэрняе аддзяленне журфака толькі праз восем гадоў, у 1983-м. Кажучы словамі аднаго савецкага сатырыка, не ведаю, ці шмат атрымала журналістыка, але што біялагічная навука ад гэтага нічога не страціла — гэта дакладна. Ну, а мае бацькі і сябры больш ніколі не ставілі пад сумненне мой выбар, у якой бы рэдакцыі я ні працаваў. Не кажу тут пра жонку і сына, якія заўсёды, нават у самай складанай сітуацыі, мяне маральна падтрымлівалі і падтрымліваюць.
— Месца і дата народзінаў? Першыя ўспаміны? Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
— Нарадзіўся я 6 мая 1956 года ў Мінску. Але, як ні дзіўна, першыя ўспаміны звязаныя з вёскай. Памятаю, як схапіў на падворку кураня і сутаргава паспрабаваў яго лашчыць (мабыць, таму бацькі вырашылі, што я буду біёлагам). Кураня вырывалася, дарослыя ўсчалі крык, лаяліся на мяне. З дзіцячых «гарадскіх» успамінаў — доўгая чарга за батонамі ў краму і «наш дарагі» Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў у дзвярах урадавага вагона на Мінскім чыгуначным вакзале. Я за ім назіраў, седзячы на плячах майго дзеда Зміцера. (Некаторыя ўспаміны ўвайшлі ў кнігу маіх эсэ «Звыклае зло».)
У дзяцінстве хацеў стаць вандроўнікам. Бачыў сябе з падзорнай трубой у руках — такой, як у Паганэля, на капітанскім мосціку судна, дзе-небудзь у басейне ракі Арынока альбо Лімпапо. Дзякуючы журналісцкай прафесіі, мара шмат у чым спраўдзілася. Давялося паездзіць па роднай Беларусі, а пасля распаду СССР — пабываць у некаторых еўрапейскіх краінах і нават у Афрыцы.
Недзе ў класе пятым спрабаваў напісаць навукова-фантастычную аповесць. Яна пачыналася словамі: «Гелена смажыла касмічныя катлеты». Рогат маіх бацькоў, якім я пачаў быў чытаць свой опус, назаўсёды адбіў ахвоту пісаць фантастыку...

Віталь Тарас і Зміцер Бартосік


— Чаму менавіта журналістыка?
— Заўсёды лічыў і лічу, што самае вялікае шчасце — гэта калі твая прафесія і любімы занятак (хобі) супадаюць. А калі табе за гэта яшчэ часам і плацяць!..
Гэта не значыць, што збіраць інфармацыю ці пісаць заўсёды лёгка і прыемна. Часам гэта суцэльная пакута. Але не пісаць ужо не можаш. І гэта насамрэч ператвараецца ў праблему. З гадамі назапашваецца стомленасць ад прафесіі. Пачынаеш баяцца паўтарыцца, напісаць нешта банальнае, збіцца на трафарэт. Але ніколі не ўзнікала жаданне змяніць прафесію. Калісьці Маякоўскі напісаў у сваёй аўтабіяграфіі: «Я паэт, гэтым і цікавы». Я журналіст, бо мне гэта цікава.
— Ваш шлях у прафесію?
На гэтае пытанне я ўжо часткова адказаў вышэй. Магу толькі дадаць, што пасля няўдалай спробы вучыцца на біяфаку пайшоў адразу не ў журналістыку, а грузчыкам у ПМК. Нейкі час быў падсобным рабочым у друкарні, лабарантам у бібліятэцы. Мае знаёмыя жартавалі: робіш сабе аўтабіяграфію на будучыню! Насамрэч, гэтая праца найперш пазбавіла ад некаторых ілюзій і радасных уяўленняў — пра рабочы клас, напрыклад, ці пра спалучэнне фізічнага і духоўнага пачаткаў у чалавеку. Гэтае пазбаўленне ад ілюзій, веданне «што па чым», дапамагло потым і ў прафесіі, і проста ў жыцці. Больш за ўсё на свеце не люблю пафас.
Ну а на вячэрнім журфаку я пазнаёміўся, сярод іншых аднакурснікаў, з Ігарам Герменчуком (светлая яму памяць) і Сяргеем Дубаўцом. І хоць яны потым перавяліся на дзённае аддзяленне, знаёмства з гэтымі асобамі, безумоўна, таксама паўплывала на выбар прафесіі. Пытання, з кім быць і як сябе паводзіць у гэтым жыцці, пасля ніколі не ўзнікала.
— Кім і дзе працуеце зараз?
— Апошнія пяць гадоў жыву ў Мінску. Працую дома для розных выданняў, пераважна для «Нашай Нівы». Нядаўна пачаў весці блог на сайце baj.by.