«У падарожжы да нязбытнага…»
«Мама! Ты мыла падлогу…» — так пачынаецца верш Генадзя Праневіча — літаратуразнаўцы і паэта, творчага, духоўна багатага чалавека…
Кранае ў гэтым вершы па-мужчынску стрыманае і разам з тым такое адкрытае, шчымліва-пранізлівае слова ўдзячнасці, слова яго сыноўняй любові…
Слова Маме
Мама! Ты мыла падлогу
І рукі, патрэсканыя ад марозу,
Снавалі туды і сюды…
Ты мыла падлогу —
Здавалася, мыла дарогу,
Каб дзеці па чыстай
дарозе ішлі!
Чацвёра сыноў і дзве дачкі пайшлі ў свет пад апекаю матчынай і бацькавай любові, трывогі і клопату. Разляцеліся па ўсім свеце з роднай вёскі Жарабковічы, што ў Ляхавіцкім раёне.
Дарагая Радзіма… Сумаваў па ёй, жывучы ў Берасці, Генадзь Мікалаевіч. Успамінаў жывыя малюнкі з таго далёкага, не надта багатага жыцця. Жыў у ягонай душы, ужо гарадскога жыхара, такі настальгічны настрой па гарманічным суладдзі чалавека і прыроды, па гармоніі людскіх узаемаадносінаў, па моцнай, непарушнай сувязі родавых, сямейных стасункаў…
На вялікі жаль, сёння толькі ў думках можна пагаварыць з ім… Так нечакана і рана душа яго адляцела ў тыя таямнічыя яснасяйныя высі… Глыбокі, дасведчаны навуковец, арыгінальны паэт, пасіянарная асоба.
Вабілі яго і ў навуковых зацікаўленнях-даследаваннях і ў жыцці — пасіянарныя постаці. Янка Купала стаў такім своеасаблівым духоўным цэнтрам, сэрцам, ад якога пацягнуліся ягоныя навуковыя адкрыцці нацыянальнай культурнай спадчыны — старажытнай беларускай гісторыі, літаратуры, ад гераічна-трагедыйнага эпасу «Слова пра паход Ігаравы» — да літаратуры сучаснай. Быў захоплены «Словам…», майстэрствам невядомага аўтара, даказваў, выводзіў аргументы на карысць аўтара-«беларуса».
Творчасць Кірылы Тураўскага адкрывалася ў ягоным прачытанні новымі гранямі, духоўнымі асновамі, малітвамі, блізкімі і сучаснаму чытачу. Быў заўсёды ў полі старажытнай беларускай літаратуры, у такой прыцягальнай аўры і да канца не адкрытай энергіі «залатога» веку беларускай культуры — культуры сярэднявечнага беларускага Адраджэння. Распавядаў пра род Сапегаў, пра іх дзеі і чыны аргументавана, здзіўляў навукоўцаў, калег-выкладчыкаў, студэнтаў веданнем зместу старажытных помнікаў, прыводзіў цытаты-аргументы, выяўляючы свой погляд, сваю пазіцыю ў кантэксце сучасных даследаванняў.
Ідэя нацыянальнага Адраджэння напрыканцы 80-х–пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя была для навукоўца Генадзя Праневіча актуальнай не толькі ў ягоных даследаваннях, дзе ён мог заглыбіцца ў нацыянальна-культурную спадчыну мінулых стагоддзяў, але і жывою праяваю ягонай дзейнасці, ягоным імкненнем ажывіць грамадскую супольнасць да пошуку шляхоў развіцця дэмакратычных працэсаў у сучаснай Беларусі праз адкрыццё нацыянальнай гісторыі. Фонд Льва Сапегі, які на працягу дзесяці гадоў узначальваў Генадзь Праневіч, стаў у Берасці своеасаблівым грамадска-культурным цэнтрам, дзе гуртаваліся дэмакратычныя сілы незалежна ад узросту, прафесіі, заняткаў, дзе збіраліся маладыя і сталыя, каб праз лекцыі дасведчаных творчых людзей — гісторыкаў, літаратараў, мастакоў — адкрываць раней невядомыя старонкі беларускай гісторыі, культуры, каб расці духоўна. Засталіся яго, можа, не надта шыкоўныя знешне, аднак багатыя зместам, інфармацыяй, аналізам кнігі пра Льва Сапегу. Любіў цытаваць асобныя палажэнні са «Статута Вялікага Княства Літоўскага», захапляўся ідэяй дзяржаўнага будаўніцтва на асновах самакіравання, законаў, волі народа…
Было ў ягонай натуры вернае, рыцарскае, рамантычнае… Пэўна, гэта ішло не толькі ад ягоных літаратурных зацікаўленняў, але найперш ад унутранага духу, узгадаванага традыцыйным сялянскім укладам, дзе спрадвеку шанаваліся маральныя законы сялянска-родавых адносінаў. Было ў ім высакароднае, шляхецкае стаўленне да тых, каго прыняў да душы, і непрыманне фальшу, хамелеонства, няшчырасці…
Быў верны свайму навуковаму кіраўніку, сябру прафесару Алегу Антонавічу Лойку. Гэтак маглі разумець, адчуваць адзін аднаго ў навуковых праблемах, так адпаведна і спяваць і журыцца — толькі вельмі блізкія духоўна людзі. Абодва былі захопленыя старажытнай літаратурай, паэтам-прарокам Янкам Купалам, пытаннямі развіцця рамантычнай плыні ў беларускай літаратуры. Быў верны сяброўству з Уладзімірам Андрэевічам Калеснікам. З даверу У. Калесніка прыняў Генадзь Мікалаевіч кіраванне кафедрай беларускай літаратуры ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Застаўся верным сяброўству з Зосяй Міхайлаўнай Калеснік, верным памяці У. Калесніка, калі, больш за дваццаць гадоў, быў жаданым госцем у хаце Калеснікаў, калі хата жыла ўжо без гаспадара. Кніга пра У. Калесніка выйшла пад рэдакцыяй Г. Праневіча, пры ягонай шчырай дапамозе ў збіранні і кампанаванні матэрыялу. Ягонае слова пра У.Калесніка — гэта знак не толькі павагі і пашаны да асобы вядомага даследчыка, але і выява ўласнай годнасці і людскасці.
Незраўнаны апавядальнік у сяброўскай бяседзе. У коле сваіх блізкіх сяброў быў шчодры на прыгожае слова, на жарт, на добрую іронію, тонкі гумар. Так шчыра і адкрыта гучаў ягоны смех, калі ўспамінаў сам нешта вясёлае ці чуў што дасціпнае і вясёлае з вуснаў іншых. З ім была паэзія, і ў хаце Калеснікаў пры Зосі Міхайлаўне гучалі паэтычныя творы аўтараў: Н. Мацяш, Г. Праневіча, К. Жмінько, С. Варонік… Такую высокую паэтычную ноту трымаў і вёў ён…
Паэт, удумлівы і дасведчаны літаратуразнаўца, высакародны чалавек, ён быў некалькі разоў на самай мяжы, на самым краі невяртання… Ды Бог даваў сілы зноўку вяртацца да ўлюбёнага занятку, да жыцця са Словам!..
Запомніўся цудоўным аратарам. Так красамоўна прамаўляць — не чытаць! — лекцыі, даклады на навуковых канферэнцыях умеюць не многія. І часта гэта было не прамаўлянне падрыхтаванага, прадуманага, а само разважанне, развіццё-тварэнне думкі падчас выступленняў. У гэтым была своеасаблівая магія: ён здзіўляў і зачароўваў і глыбінёй выказвання, і такой непасрэднай захопленасцю тым, пра што ці каго апавядаў, што хацеў паказаць сваім слухачам.
Помняцца шматлікія сустрэчы ў Адукацыйна-асветным цэнтры імя Уладзіміра Калесніка, у абласной бібліятэцы, дзе Генадзь Праневіч выступаў, як сёння кажуць, мадэратарам. Ён быў на творчых вечарынах, імпрэзах вядучым, сувязным, пасярэднікам, ён — звязваў, злучаў, аб’ядноўваў, падводзіў, абагульняў, падсумоўваў… Так было і на сустрэчах з украінскімі пісьменнікамі, і з Алесем Разанавым, з нямецкімі аўтарамі, Святланай Алексіевіч…
Перастаў працаваць на кафедры, але не перастаў жыць літаратурай. Напісаў прадмовы да кніг Ніны Мацяш — «У прыгаршчах ветру» і «Выбраныя творы» з серыі «Беларускі кнігазбор». Пранікаўся яе паэзіяй, яе драматычным лёсам… Помніцца ягоная падтрымка пасля пахавання паэткі, сяброўкі, калі было так невыносна балюча, горка і роспачна… Яна была ў ягоным успрыманні, у ягонай ацэнцы — як неаднойчы выказаўся ён — вартаю прылічэння да ліку святых. Так ацэньваў яе зямны шлях, яе служэнне, яе духоўны подзвіг…
Творчая праца, грамадская дзейнасць дазволілі адкрыць Генадзю Праневічу Кракаў, Барселону, Амерыку… Прывозіў адтуль уражанні ад прачытанага, пачутага, убачанага. Яшчэ больш захапляўся беларускай культурай, акрэсліваючы яе ў кантэксце іншых, яшчэ больш чаравала яго «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, яшчэ больш пранікаўся пракаветным таямнічым голасам Белавежскай пушчы, голасам Прыпяці, паэзіяй Палесся. Невыпадкова пры ягоным актыўным удзеле былі падрыхтаваны кнігі «Белавежская пушча ў духоўнай і культурнай спадчыне беларусаў», «Радаводнае дрэва Прыпяці», «З прыродай зліўшыся душой».
27 красавіка 2017 года збіраўся ў Віцебск на навуковую канферэнцыю «Леў Сапега — чалавек трэцяга тысячагоддзя». Сапегаўская канферэнцыя чакала свайго асноўнага дакладчыка і аўтара кнігі пра Льва Сапегу. Ды раптоўна — у сваёй хаце ў маляўнічым лясным кутку на Берасцейшчыне, дзе апошнім часам ён жыў са сваёй любімаю жонкаю Жэняй, — спынілася ягонае сэрца… Сэрца, якое ўмела суперажываць, радавацца і сумаваць, сэрца, нераўнадушнае да балючых праблемаў часу, Радзімы, чалавека… Пакінуў у жалобе і смутку сваіх родных… Ды за ім — у ягоным пасаджаным садзе — двое сыноў і дачка. І — дзевяць унукаў! Дзявятая ўнучачка прыйдзе пацешыць-суцешыць у горы сям’ю, калі ўжо адляціць у Вечнасць дзед Генадзь… Залатая Злата…
І з намі ягонае грунтоўнае і прачулае слова пра рэнесансавыя постаці нацыянальнай гісторыі, пра помнікі беларускага прыгожага пісьменства…
У гэтыя першыя балючыя ўгодкі адгукаецца ў душы паэтычнае слова Генадзя Мікалаевіча — філосафа, паэта, улюбёнага ў гармонію, у прыроду, у Слова… Ён паяднаў — у прасторы і часе — стагоддзі і постаці, мінулае і сучаснае, сцвердзіў сваім жыццём і працай высокі чын служэння Слову, Чалавеку, Айчыне…