Шчырая гутарка з дырэктаркай хоспісу, якая з’ехала ад пераследу ў Літву
Дырэктарка горадзенскага дзіцячага хоспісу
Вольга Вялічка казала, што ніколі ня з’едзе з Беларусі. Але ўжо больш за месяц
яна з сям’ёй жыве ў Літве. Пра кнігу, якую ўзяла з сабой у Вільню, ролю
рэгіёнаў у пратэстах, Кастуся Каліноўскага і тое, хто дома галоўны, яна
расказала Свабодзе.
З’ехалі пасля званка, што могуць забраць
дзяцей
Вользе Вялічцы 36. Замужам, двое дзяцей — 9 і 14 гадоў. Неўрапсіхолаг і онкапсіхолаг паводле адукацыі, магістар дзяржаўнага кіравання ў сацыяльнай сфэры. Трынаццаць гадоў таму стварыла і ўзначаліла дзіцячы хоспіс. Сёлета пры ім працавала майстэрня, дзе бясплатна шылі ахоўныя касцюмы для медыкаў.
Вялічка была сябрам ініцыятыўнай групы Віктара
Бабарыкі, незалежнай назіральніцай. Пасля выбараў разам з паплечнікамі
спрабавала стварыць раду народнага даверу ў Горадні. Удзельнічала ў пратэставых
акцыях. Адседзела суткі ў ізалятары нібыта за ўдзел у мітынгу і атрымала штраф.
Увосень валантэраў выселілі з майстэрні,
хочуць забраць і памяшканне хоспісу. Там ідзе праверка ДФР.
На саму Вялічку нібыта завялі крымінальную справу, але дакладнай інфармацыі пра гэта няма. У сям’ю да Вялічак хацелі прыйсці органы апекі, каб праверыць хатнія ўмовы. На наступны дзень, 21 кастрычніка, Вялічкі з’ехалі ў Вільню.
«Калі ты гэтага не рабіў, не значыць, што цябе
нельга за гэта засудзіць»
— Вы цяпер у Вільні. Чаму вы туды паехалі?
— Калі мяне затрымалі і адправілі ў ІЧУ (15–16
кастрычніка. — РC), былі людзі, якія сказалі, што гэта апошні «дзынь-дзынь»,
што я не павінна даваць ніякіх інтэрвію і супакоіцца. Я смяялася і рагатала. На
наступны дзень, у суботу, на мерапрыемства ў падтрымку хоспісу, дзе не было
палітыкі, прыехалі два [міліцэйскія] бусы.
У панядзелак пазванілі ў хоспіс з выканкаму і
сказалі, што павінна быць праверка ДФР. Я смяялася і рагатала, што акурат такая
праверка сёлета ўжо была. У аўторак да абеду пазванілі сябры, былыя міліцыянты,
і сказалі, што на мяне будуць заводзіць крымінальную справу. Я тады сказала,
што нікуды не паеду, пужаць мяне ня трэба.
Пасля абеду ў аўторак са школы паведамілі, што
рыхтуецца сацыяльнае расследаванне, каб забраць дзяцей (да гэтага ў нас ужо
былі пытанні са школай). У той жа дзень мне сказалі, што пэўная структура (КДБ.
— РС) мной цікавіцца. Тады стала ўсё нясмешна. Мы пераначавалі дома, сабралі
невялікую валізку, забралі дзяцей і ў сераду зранку з’ехалі. У чацьвер прыйшоў
ДФР з заявай, што хоспіс ня плаціць падаткаў. Кажуць, што заведзеная
крымінальная справа на мяне. Ніхто не дае адвакату з ёй азнаёміцца.
— У пэўным тэлеграм-канале пісалі, што вы
нібыта шылі бел-чырвона-белыя сцягі з старшынём Горадзенскага гарвыканкаму
Мечыславам Гоем. Гэта праўда?
— Гэта няпраўда. Але калі ты гэтага не рабіў,
ня значыць, што цябе нельга за гэта засудзіць. Мяне вінавацяць у тым, што я ў
Горадні заклікала да страйку, да звяржэння ўлады. Я не заклікала.
— Значыць, вы з’ехалі, бо ў вас маглі забраць
дзяцей. Калі б была пагроза толькі турмы, то вы б нікуды не паехалі?
— Я б тады нікуды не паехала.
— Чым вы ў Вільні цяпер займаецеся?
— Я па-ранейшаму кірую горадзенскім хоспісам. У нас так пабудаваная структура, што нават дыстанцыйна мы можам аказваць дапамогу людзям пры гэтым ціску. Тут мне рады мае калегі з віленскага хоспісу. Я з імі супрацоўнічаю, мы тут ствараем такую сістэму, якую не атрымліваецца стварыць у Беларусі, для літоўскіх дзяцей.
«Паміж любоўю да Беларусі і любоўю да сваіх
дзяцей я выбрала сваіх дзяцей»
— Вашыя дзеці пайшлі ў школу ў Вільні. Вы
дапускаеце, што вам можа так спадабацца...
— Не, я не дапускаю такой думкі. Як толькі
будзе першая магчымасць вярнуцца дадому (мы тут ніякіх рэчаў не куплялі), мы збяром
рэчы ў багажнік і з’едзем.
— Ці вы можаце расказаць пра ўмовы, у якіх
жывяце?
— Мы наймаем жытло, жывём у нашмат горшых
умовах, чым жылі, у вельмі маленькай двухпакаёвай чужой кватэры. У нас у
Горадні трохпакаёвая кватэра ў крэдыт. Калі кажуць: «Вільня — свой горад», гэта
ўсё роўна чужына. Мы тут госці, і мы тут часова.
— Сёння часта можна пачуць: «З Беларусі з’яжджаюць
самыя лепшыя і актыўныя. Хто застанецца мяняць краіну?». Што вы пра гэта
думаеце?
— У мяне быў просты выбар — быць у СІЗА, дзеці
былі б у прытулку, пакуль бы іх родныя не забралі. Я ня ведаю, ці змагла б я з
СІЗА зрабіць тое, што я цяпер раблю для хоспісу. Цяпер пра яго пішуць сусветныя
медыя. Днямі міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясціла
кароткатэрміновую акцыю для дзіцячага хоспісу. Мы працуем над спісам людзей,
якія ціснуць на хоспіс, каб унесці яго на разгляд на пашырэнне санкцыйнага спісу
неўязных у Эўразвяз.
Мае дзеці мяне вельмі стрымліваюць. Калі б іх у
мяне не было, я б зрабіла нашмат больш, чым я зрабіла. Мне заўжды казалі,
прыкладам, з КДБ: «Падумайце пра сваіх дзяцей». Я заўжды больш часу прысвячала хоспісу,
чым сваім дзецям.
Прыходзіць час, калі разумееш, што ты на
надрыве, і мацярынскае ў нейкі момант перамагло. Выбіраючы паміж любоўю да
Беларусі і любоўю да сваіх дзяцей, я выбрала сваіх дзяцей. Або, можа, мяне
прымусілі выбраць (Вольга пачынае плакаць). Я не ведаю, ці правільна я зрабіла.
Для мяне гэта вельмі цяжкі выбар.
— Як дзеці перажываюць пераезд?
— Мы ад іх нічога не ўтойваем, адкрыта
абмяркоўваем. Яны ведаюць, што прэзідэнт, які цяпер на чале краіны,
нелегітымны. Але мы ніколі не гаварылі без павагі пра Лукашэнку або яшчэ пра
некага. Нядаўна я забірала Радаславу са школы, і яна ў мяне запыталася: «А што,
Ціханоўскі дагэтуль у турме?»
Для іх, вядома, гэта вялікі стрэс, бо зусім
іншая сістэма школы, іншая экасістэма, побыт. Мы ўсе перажываем стрэc. У нас
ніколі не было ў галаве, што мы можам некуды паехаць.
— Вы калі-небудзь казалі «Я ніколі не пакіну
Беларусь»?
— Так, я так казала. Я прывыкла, што як я
кажу, так я раблю. Таму гэта мяне вельмі моцна грызе, што я перад сабой слова
не стрымала і перад іншымі. Я была вымушаная зрабіць інакш.
— Удакладню, дзеці ходзяць у расейскамоўную
школу?
— Не, у беларускамоўную гімназію. Калі мы выбіралі, што рабіць, для мяне было галоўным, што тут хоць нейкае беларускае асяроддзе застанецца.
«Колькі я праплакала за апошні месяц, я ня плакала за ўсё сваё жыццё»
— Па чым вы сумуеце найбольш?
— Па нядзельных маршах сумую (Вольга зноў
плача). Мне казалі, што гэта небяспечна, што дырэктарка хоспісу не павінна там
быць. Я думаю, што кожны чалавек павінен пабыць на вуліцы ў нядзелю, пабачыць
той дух, з якім людзі ідуць. Калі ты гэта скурай адчуваеш, гэта дае табе годнасць
звацца беларусам. Гэтага мне вельмі не хапае (плача). Што мне зрабіць, каб
наблізіць гэта?
— Хацелася запытацца, ці плакалі вы ўвогуле за
апошнія паўгода. Але толькі за апошнія паўгадзіны вы расплакаліся некалькі
разоў.
— Столькі, колькі я праплакала за апошні
месяц, я ня плакала за ўсё сваё жыццё. У мяне было вельмі шмат выпрабаванняў.
Мне сустракаліся людзі, якая здраджвалі мне вельмі жорстка; я бачыла, як дзеці
паміраюць. Мне здавалася, што я ўсё ў жыцці бачыла. І нават гэты ІЧУ і тое, што
там міліцыя рабіла, тыя словы, што мне казалі міліцыянты на маршах... Але я
ніколі ня плакала.
Кіно ідзе, усе плачуць, а я ня плачу. На
пахаванні людзей ня плакала. Муж казаў, калі была праверка і я была на надрыве:
«Можа, табе паплакаць?» А я адказвала: «Можа, я ня ўмею плакаць?»
10 жніўня ў нашай супрацоўніцы забралі сына. Я
ездзіла пад РАУС, пагаварыла з міліцыянтамі і была вельмі злая. Адтуль паехала
дадому. На коле тытунёвай фабрыкі я спыніла машыну каля ДАІ, бо немагчыма было
праехаць. Сказала: «Людзі, што вы робіце?». Я пачала плакаць перад гэтым
супрацоўнікам ДАІ: «Вы людзі ці вы нелюдзі?». І больш я ня плакала.
Я зразумела, што нешта трэба рабіць. Мы
аб’ядналіся з іншымі людзьмі і пачалі Раду народнага даверу. Тады было дзіўнае
адчуванне: ты баісся, але ня можаш не рабіць.
— Па чым вы плачаце, акрамя маршаў?
— Я вельмі па родных сумую, па супрацоўніках, па дзецях хворых, па бацьках, па хоспісе.
— Але ж вы некалькі разоў хацелі пакінуць
пасаду дырэктара?
— Я не хацела пакінуць пасаду. Калі былі
канфрантацыі з уладай, я ім прапанавала: у нас не атрымліваецца працаваць
разам, дык пастаўце чалавека, які будзе кіраваць хоспісам, і арганізацыя будзе
далей працаваць на карысць людзям.
Яны днямі пальцам з гарвыканкаму прывялі ў паліятыўны цэнтар новага дырэктара, не зважаючы на законы і маральныя якасці. Гэтаму чалавеку больш за 60 гадоў. Яна думае, што сядзе ў крэсла, скажа: «Я ваш новы дырэктар» — і людзі прымуць яе? 18 чальцоў арганізацыі мяне выбралі. Здымаць мяне могуць толькі яны.
«Хай Гой мне даруе, ён аказаўся баязліўцам»
— Пасля выбараў вы спрабавалі стварыць Раду
народнага даверу, якая б уключыла прадстаўнікоў народу і чыноўнікаў. Што пайшло
ня так?
— У нас ішло ўсё добра і дынамічна. У суботу
ішлі мітынгі. Пачуццё свабоды было ў горадзе. Гэта як ты сядзеў у клетцы і цябе
выпусцілі палятаць. Я ніколі ў клетку зноў ня сяду. Я адчула, што такое свабода
і якія беларусы. Я ніколі не пагаджуся на іншае.
Гэта была мая ідэя — запрасіць на сцэну
дэпутатаў. Мой муж Сяргей быў мадэратарам той сустрэчы. Гэта ён Жуку (Ігар Жук
— старшыня абласнога савету дэпутатаў. — РС) сказаў: «Тут мадэратар я, і тут
мае правілы». Яны пакрыўджаныя асабіста. Я разумею.
— Вы не думаеце, што дэпутатаў тады зацкавалі,
ім крычалі «фу»?
— Ім крычалі «фу», бо яны на простыя пытанні
адказвалі адарвана ад жыцця. У людзей былі канкрэтныя пытанні. Трэба ўмець
адказваць шчыра на нязручныя пытанні. А казаць «Я хачу, каб дзіцячы смех гучаў
на гэтай плошчы» — гэта здзек. Іх цкавалі не таму, што нязручныя пытанні, а
таму, што яны за ўсё сваё жыццё не навучыліся разумець, хто такія беларусы і
чаго хоча беларускі народ. Сёння гэта адбываецца таму, што войска чыноўнікаў
думае пра сваю машну і пра машну сваіх дзяцей.
— Потым была сустрэча групы актывістаў з
чыноўнікамі ў гарвыканкаме. Чаму тады не выйшла дыялогу?
— Бо чыноўнікі прызвычаіліся «ўключаць
калыханку», а не вырашаць канкрэтныя пытанні. Яны могуць на тры аркушы напісаць
адказ, і там ня будзе адказу на маё пытанне з трох радкоў. Як можна дамовіцца?
Пры Захаранку міліцыя была героямі. А пры міністру Караеву міліцыю называюць
«карнікамі». Прафэсія чыноўніка і міліцыянта ўтаптаная ніжэй за плінтус. Былі
памылкі з абодвух бакоў. Мы таксама не маглі спакойна сказаць, што павінен быць
рэгламент, таймінг.
— Горадню ўжо называлі тады першым вольным
горадам. Гой амаль перайшоў на бок народу...
— Так, гэта было відаць. Ён добры кіраўнік,
умее вырашаць гаспадарчыя пытанні. Але, хай ён мне даруе, ён аказаўся баязліўцам.
Калі б ён тады зрабіў гэты апошні крок, ён бы сёння быў героем. Нам таксама
тады не хапіла ўменняў, каб пераканаць яго. Сёння не было б столькі пабітых,
прыніжаных і забітых. Калі бы Горадня стала першым вольным горадам, за ёй
пацягнуліся б іншыя гарады. Гэта было магчыма.
— Вы сказалі, што сумуеце па маршах у Горадні,
але ўжо больш як месяц іх няма. Што, на вашую думку, цяпер могуць рабіць
рэгіёны?
— Я б найперш казала людзям, каб яны сябе
бераглі, былі асцярожнымі; былі смелымі; каб яны выбіралі сацыяльна важныя
напрамкі і імі апекаваліся; каб стваралі суполкі; каб больш глядзелі на нашую
культуру, мову, на нашых выдатных дзеячоў. Калі немагчыма збірацца ў цэнтры
гораду, можна рабіць прадукты праз інтэрнэт.
Я б ім параіла адукоўваць сваіх дзяцей:
расказваць, адкуль пайшла беларуская дзяржава, бел-чырвона-белы сцяг, што такое
«Пагоня». Больш чытаць па-беларуску дзецям, глядзець беларускае кіно.
Пераводзіць дзяцей на навучанне па-беларуску. Мае дзеці ў Горадні вучыліся
па-беларуску з 1 верасня, я проста напісала заяву. Людзям, які пабылі ў ІЧУ, —
напісаць скаргу на ўмовы ўтрымання. Я такую скаргу напісала.
Пісаць лісты палітвязням. Гэта вельмі важна, і
гэта тое, што кожны можа зрабіць.
Гэта ўсё павінна прывесці не да змены ўлады, а
людзі павінны ўсвядоміць, што мы беларусы. Мы маем свой сцяг, герб, мову і сваю
ідэалёгію. Мы павінны ўсвядоміць сваю ідэнтычнасць. Калі мы гэта ўсвядомім,
ніводная ўлада ня здолее ўтрымацца. Людзі, якія зразумеюць, ніколі ня змогуць
падпарадкоўвацца гэтай уладзе.
— Як так атрымалася, што беларусы заўжды
лічыліся спакойнымі, пасіўнымі, нават забітымі людзьмі, а раптам сталі
неймавернымі. Вы як псіхолаг можаце гэта патлумачыць?
— Калі чалавеку кожны дзень 26 гадоў у навінах
расказваюць, што ўсе вінаватыя, усе дэбілы, толькі адзін разумны, людзі ад
гэтага негатыву стамляюцца і адыходзяць. Яны больш ня вераць ні ў добрае, ні ў
благое. Толькі не чапайце мяне, у мяне вёска, агарод, у Польшчу «на закупы» з’ездзіць.
У 2020 годзе прыходзіць Марыя Калеснікава і
кажа: «Беларусы, вы неймаверныя, вы супернацыя, вы павінны дзяўбці, дзяўбці,
дзяўбці». Прыходзіць адна жанчына, якая на кантрасце паказвае, што беларусы
могуць змяніць. «У вас ёсць моц, ёсць дух, ёсць Беларусь, якая дрэмле ў
кожным». Беларусы паверылі, што яны сапраўды неймаверныя. Гэта настолькі легла
ў душу людзям. Яны будуць гэта памятаць, колькі будуць жыць.
— Што добрага адбылося з беларусамі за гэты
час?
— Першае: беларусы ўсвядомілі, што наш сцяг бел-чырвона-белы, а наш герб — «Пагоня». Другое: беларусы пачалі спяваць беларускія песні і размаўляць па-беларуску. Трэцяе: такой салідарнасці не было ў свеце, таму мы вельмі шчаслівыя.
«Каліноўскі — ідэал, на якога я раўняюся»
— Чаму вы вырашылі ствараць хоспіс?
— Я веру, што Бог дае ў галаву, што табе трэба
зрабіць, і ты гэта робіш, ня ведаючы чаму. Прыкладам, мне прыйшла ў галаву
думка, што трэба распрацоўваць праграму для паўналетніх цяжка хворых людзей. Я
так не хачу гэтага рабіць, бо разумею, што зноў будзе супрацьстаянне. Але ты
сядаеш і за 2–3 дні складаеш усю праграму, у цябе ўсе пазлы складаюцца. Ты так
не хочаш гэтага, але робіш.
Я так не хацела ісці подпісы збіраць. Думала,
ня буду падстаўляць ні сябе, ні хоспіс. Але калі ўбачыла, што вылучаецца
Бабарыка, ня ведаю як, але націснула на гэтую анкету і пайшла збіраць подпісы.
«Незалежныя назіральнікі». Думаю — не, я нічога ў гэтым не разумею. За тры дні
да 9 жніўня я пайшла назіральніцай. Потым я думала: «Ня буду лезці ў гэтую Раду
народнага даверу, так ня хочацца». А яно само атрымліваецца.
Мяне так бацькі прывучылі, што калі ты нешта
робіш, ты мусіш рабіць гэта якасна; і добра, калі ты робіш гэта з першага разу.
— Сёння некаторыя называюць Божым цудам тое,
што цяпер адбываецца ў Беларусі. Як верніца як вы да гэтага ставіцеся?
— Я называю Божым цудам тое, што летась
знайшлі парэшткі Каліноўскага. «Раскапалі Каліноўскага — і панеслася». У мяне
вельмі мала ідэалаў. Каліноўскі — ідэал, на якога я раўняюся. Гэта чалавек, які
паміж сабой і Беларуссю выбраў Беларусь, які паказаў ідэю незалежнасці,
беларускай ідэнтычнасці. Другі такі чалавек для мяне — Ларыса Геніюш. Калі мы
выходзілі з дому, я сказала: «Пачакайце» і ўзяла ў Вільню ейныя «Лісты з
Зэльвы».
— Кажуць, што з вамі няпроста працаваць. Ці
ведаеце вы пра гэта?
— Я згодная, з любым прафэсіяналам няпроста
працаваць. Мы адкрыта можам сказаць у калектыве адно аднаму ўсё, што думаем, —
адразу, ня носім у сабе.
— Вас не раз правяралі ў хоспісе. Калі за 13
гадоў вы перажывалі самы цяжкі перыяд?
— У першую хвалю каранавірусу людзі шылі
маскі, халаты, але прыйшлі з паліклінікі і сказалі: «Вымятайцеся, нам гэта ня
трэба». Яны так пакрыўдзілі людзей! Я прыехала, а людзі сядзяць і не разумеюць,
што адбываецца. Мне тады было вельмі цяжка. Я падумала, што нешта мы можам
зрабіць у гэтай сітуацыі (тады горад выдзеліў будынак пад майстэрню. — РС).
— Вы не баіцеся, што хоспіс цяпер могуць
закрыць?
— Гэта будзе яшчэ адзін цвік яму ў труну. Калі б я трымалася за пасаду, то не. Калі б там былі грошы... Бяз працы я не застануся. Яны зрабілі сабе ў Горадзенскай вобласці галоўнага ворага, рэвалюцыйнага. Мы вытрываем. Мы робім гэта не для сябе, а для дзяцей.
— Колькі атрымлівае дырэктарка хоспісу?
— 680 рублёў.
— Вас ведаюць як прынцыповую кіраўніцу. А дома
вы іншы чалавек, як жонка і маці?
— Чалавек, шчыры перад сабой і людзьмі,
аднолькавы і дома, і на працы. Я магу дазволіць сабе сказаць чалавеку ўсё, што
я думаю. Я гэта зраблю і дома, і на працы, і сябрам, і сваякам.
— Атрымліваецца, вы ў сям’і галоўная?
— Я і ў хоспісе не галоўны чалавек. Галоўныя — спецыялісты, якія працуюць з дзецьмі. Я таксама крыху працую з дзецьмі. Толькі юрыдычная адказнасць на мне. Дома я нікім не камандую. Тут нядаўна прывезлі прадукты. Дзеці іх разбіраюць, і Міхал кажа: «Мама, мы не спраўляемся. Патрэбен твой менеджарскі розум». Я кажу: «Не-не, самі, самі». Я прыхільніца таго, што людзям ня трэба перашкаджаць, ім трэба дазваляць праяўляць сябе перад сабой. Калі трэба прыспешыць працу, гэта да мяне.
«Цана, якую я заплаціла за хоспіс, — мой першы
шлюб»
— Калі б у вашых дзяцей запыталіся, якая ў іх
мама, што б яны сказалі?
— Што я надзейны чалавек. Я людзям ня
здраджваю. Мне здраджвалі ў жыцці. Мая наіўнасць мяне часам падводзіць. Пра
мяне думаюць, што я жорсткі чалавек. Я ня жорсткая, я просталінейная. Я вельмі
цаню людзей, якія ўмеюць сказаць у вочы... Міхал, што б ты сказаў на інтэрвію,
якая ў цябе мама? (Вольга пытаецца ў сына. — РС). Кажа, што яму за інтэрвію не
даплочваюць.
— Вы сказалі, што калі б вас пасадзілі ў СІЗА,
то дзяцей забралі б у прытулак. Вы можаце патлумачыць, чаму яны не засталіся б
з вашым мужам Сяргеем?
— Цана, якую я заплаціла, каб у нас быў хоспіс
у горадзе, гэта мае стасункі з маім першым мужам. Я ніколі гэтага не казала. Я
вельмі шмат часу праводзіла на працы, у службовых выправах. Ня кожнаму гэта
прыйдзецца даспадобы. Мне трэба было выбіраць, і я выбрала ня мужа, а хоспіс.
Сяргей — мой другі муж. Гэта чалавек, які
зразумеў мяне і прыняў такой, якая я ёсць. Мы разам каля 5 гадоў. Калі ў Сяргея
запытацца, колькі разоў я прыйшла дахаты а 7-й вечара на вячэру, то
вельмі-вельмі мала. Хоспіс — тое, што мне цікава; гэта ня праца, гэта маё жыццё.
Мне цікава ствараць сістэму на карысць людзям. У пэўныя перыяды Сяргей выконвае
значна больш бацькоўскіх абавязкаў, чым я.
— Калі вы так шмат на працы, то хто дома
гаспадыня, хто ў вас гатуе?
— Гатуе ў нас сын апошнія гады два. Я прыйшла
сёння з працы, а Міхал пасмажыў мяса, тушыць бульбу. Вельмі добра гатуе Сяргей.
Яны абодва атрымліваюць асалоду ад гатавання, а я — не. Мяса Міхал гатуе ўжо
лепш за мяне. Але ніхто дома не гатуе лепшыя за мае супы. На Каляды булкі
таксама я пакуль пяку, у прабабулінай печы. Я ўмею печ распальваць, я вясковы
чалавек. Я і карову ўмею даіць. (Вольга родам з Ваўкавыску, але шмат часу ў
дзяцінстве праводзіла ў вёсцы пад Ваўкавыскам). Мы цяпер аднаўляем прабабкі
дом. Мая любоў да беларусаў, да працы — ад вёскі.
— Ці можаце вы расказаць пра сваіх бацькоў і
што каштоўнае яны вам перадалі?
— Мае прадзеды былі заможнымі людзьмі, іх
раскулачылі. У сям’і ў нас усе дзяды з вышэйшай адукацыяй. Мая бабуля працавала
галоўным бухгальтарам у сельсавеце. Дзядзка быў старшынём калгасу. Мой бацька
працуе інжынерам на чыгунцы, больш за 5 гадоў быў найлепшым рацыяналізатарам у
краіне. Ён навучыў, што, калі ты не паспяваеш нешта зрабіць, то бярэш працу
дадому, каб не падводзіць людзей.
Мама доўгі час працавала ў Міністэрстве
фінансаў, кантрольна-рэвізійным упраўленні. Яна, калі купляла капусту, збірала
чэкі, каб не абвінавацілі, што гэта хабар. У мяне вельмі сумленныя бацькі. Яны
мяне гэтаму навучылі. І таксама адказнасці. Яны працавалі на пасадах, дзе ёсць
вялікая адказнасць. Тата мяне навучыў не мітусіцца: «Спакойна, усё разруліцца».
Я навучылася ад бацькоў, што невырашальных сітуацый амаль няма. Калі чалавек
памёр, гэта павярнуць немагчыма. Усё астатняе магчыма. Самае галоўнае — гэта
чалавек.
— Як вы думаеце, калі вы вернецеся?
— Я не адчуваю, што калі вярнуся, то я буду ў
бяспецы. Калі ўсё скончыцца? Я не веру ў супадзенні, я веру ў заканамернасці.
Ужо тры разы я чула ад розных бакоў дату 20 снежня. Я спадзяюся, можа, на дзень
народзінаў? (Вольга нарадзілася 20 снежня).
Сённяшні ціск на хоспіс павінен паказаць людзям, што адбываецца. Тое, што сёння адбываецца ў дзяржаве, — не пра палітыку. Ты сёння ня можаш сказаць слова насуперак. Ёсць людзі, згодныя заплюшчыць вочы і жыць з гэтым. Годных людзей, якія паварочваюцца да пераменаў, недастаткова. Я вярнуся, калі людзі ўсвядомяць.