Пяць гадоў без Караля. Але сёння ён усміхаецца ўсім нам як ніколі

Час бяжыць. Пяць гадоў з намі няма нашага галоўнага рэдактара. Нашага Караля. У гэтыя дні, бадай, як ніколі, я шкадую, што Аляксей не дажыў. Што ён не бачыць — мары здзяйсняюцца. Беларусь нарэшце прачнулася... А можа, і бачыць, і задаволена ўсміхаецца.

img_2179_1_logo.jpg

Аляксей быў “шасцідзясятнікам”, тым, хто паспеў зрабіць кароткі ўдых вольнага паветра хрушчоўскай адлігі. І, напэўна, той глыток свабоды на ўсё жыццё захаваў у ім веру ў лепшую будучыню краіны і ў рэальнасць дэмакратыі. Таму і з такім імпэтам сустрэў незалежныя 1990-я. Ён верыў у незалежную дэмакратычную Беларусь, верыў у светлую і шчырую душу беларусаў. Верыў — і крок за крокам набліжаў лепшыя часы, як мог. Ці то ў дзейнасці партый, ці то як рэдактар незалежных медыяў, ці то як удзельнік безлічы акцый пратэсту.



Сёння, каб Аляксей быў побач, ён бы абавязкова быў на ўсіх Маршах, стараўся б падтрымаць калег, сяброў і проста выпадковых людзей у судах. І, безумоўна, ганарыўся б беларусамі, якія нарэшце сталі нацыяй, аб’ядналіся і зрабілі вялізарны крок да Новай Беларусі. Той Беларусі, якой будуць ганарыцца ўсе наступныя пакаленні, у якой будуць жыць вольныя, шчырыя і чуллівыя людзі, здольныя зрабіць так шмат для сваёй краіны, што ўвесь свет пазайздросціць
Усё сваё жыццё Аляксей верыў у такую Беларусь, усё сваё жыццё за яе змагаўся. Сёння, напэўна, ён глядзіць на нас з Нябёсаў і задаволена пасміхаецца.
А яшчэ просіць нас не здавацца і ісці да канца! Не спыняцца! Верыць у сябе, у нашу перамогу, у лепшую будучыню для Беларусі. Як верыў ён...

Гэты артыкул быў напісаны Аляксеем Каралём праз год пасля Плошчы 2010. Той змрочны год, які прайшоў пад знакам рэпрэсій і дэпрэсій. Але нават тады, ён не губляў надзею, ён бачыў парасткі нашай Новай Беларусі.

Проста пачытайце:

Вобраз Плошчы–2010

Аляксей Кароль, 16 снежня 2011

Плошча–2010 — менавіта пад такой назвай драматычныя падзеі на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года ўжо ўвайшлі ў гісторыю. Але не адбалелі, не забыліся, не сцішыліся. Яны застаюцца жывой, пульсуючай з’явай сучаснасці, якая ўплывае на стан грамадства, на лёсы людзей і лёс краіны.

Вобраз Плошчы–2010 у трактоўцы афіцыйных структур — спроба перавароту. Вобраз Плошчы–2010 ва ўспрыняцці беларускай грамадскасці — спроба мірнага выхаду з таталітарнага тупіку, у якім Беларусь затрымалася на лішніх 20 гадоў.

На Плошчы–2010 сышліся ў адзіным парыве беларускі адраджэнскі рух да незалежнасці, дэмакратычныя памкненні грамадства да свабоды і сацыяльныя жаданні насельніцтва.

Плошча–2010 у колькасці блізу 40 тысяч чалавек — гэта стыхійны ўсплёск сацыяльнай энергіі пратэсту. Яна выявіла, што рэпрэсіямі і прапагандай не ўдалося нейтралізаваць ні грамадскія арганізацыі, ні незалежныя СМІ, што слой адданых прыхільнікаў рэжыму вельмі вузкі, што сацыяльны пакет — замалы, а рэсурс вычарпаны, што маўклівая большасць пераўтварылася ў маўклівую меншасць, што прапаганда струхлела, а рэпрэсіі ў параўнальна мяккім фармаце ўстойлівага эфекту не далі.

Адсюль інстынктыўны разварот да эскалацыі рэпрэсій з пашырэннем маштабу і ўзмацненнем жорсткасці. Адчайная спроба рэжыму вярнуць найперш баланс страху і, праз прапаганду, даверу да сябе, дакладней, веры, хаця б і безнадзейнай, у сваю моц і непахіснасць.

Плошча–2010 — гэта народ, а не насельніцтва. Асобы, а не статысты. Ахвяры, прызначаныя рэжымам на закланне ў ролі злачынцаў, паводзілі сябе не так, як разлічвалі арганізатары судзілішчаў. У турэмных камерах КГБ, падчас судоў і ў калоніях большасць з палітвязняў выявілі сябе мужнымі і нязломнымі, з пачуццём уласнай годнасці. Пад ціскам і катаваннямі не зламаліся, ні на каго, у тым ліку і на сябе саміх, не ўзвялі паклёп, адмовіліся падпісаць прашэнне аб памілаванні.

Яны — твары плошчы. Такія прыгожыя і прыязныя, спакойныя і ўсхваляваныя, натхнёныя і ўдумлівыя, стрыманыя і ўсмешлівыя. Падаецца, што на кім бы ні спыніўся злавесны выбар рэжыму — вынік быў бы той жа.

Гэта яшчэ і паказнік узроўню маральнасці валанцёраў Плошчы, які не парушаецца нават пакаяльнымі заявамі і подпісамі аб супрацоўніцтве з КДБ некаторых з палітычных вязняў. Грамадства ўспрыняло гэтыя эпізоды як яскравы знак самавыкрыцця рэжыму, як вяртанне да метадаў НКУС 1937 года. І здрыганулася.

Як маральнасць адных і амаральнасць другіх успрыняло грамадства напад спецкаманды сілавых структур увечары 19 снежня на групу кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, яго збіццё да беспрытомнасці, з наступным арыштам і выкраданнем са шпіталя. І як расправу А. Лукашэнкі над сваімі апанентамі — прысуды кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, Андрэю Саннікаву, Дзмітрыю Усу, Алесю Міхалевічу, Віталю Рымашэўскаму.

Гэтыя арышты і прысуды дэманструюць яшчэ адну жахлівую рысу таталітарных рэжымаў — захоп і гандаль закладнікамі. Яшчэ і па сёння за калючым дротам знаходзяцца 14 чалавек, уключна з Міколам Статкевічам і Андрэем Саннікавым. Вялікі неспакой выклікае здароўе і жыццё лідара “Маладога фронту Змітра Дашкевіча, які церпіць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Гэтак жа, як і лідара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь Змітра Бандарэнкі, які перанёс цяжкую аперацыю на хрыбце, ходзіць на мыліцах і рызыкуе выйсці з турмы інвалідам. Трэці год за кратамі пакутуе Мікалай Аўтуховіч, якога спрабавалі падвесці пад абвінавачванне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта. Арышт старшыні праваабарончай арганізацыі “Вясна Алеся Бяляцкага ёсць непасрэдны працяг Плошчы–2010.

Можна меркаваць, што рэжым А. Лукашэнкі выйграў гэты раўнд барацьбы. У тым сэнсе, што яму ўдалося пакуль што стрымаць нарастаючую хвалю пратэстаў і вярнуць узровень страху і апатыі ў грамадстве на ранейшую адзнаку. Але як надоўга? І ці не пірава гэта перамога?

Так, Мядзведзеў і Пуцін выдалі А. Лукашэнку карт-бланш падтрымкі ў выглядзе эканамічных прэферэнцый у абмен на падпісанне ўсяго пакета дакументаў па АДКБ, а потым і на стварэнне Еўразійскага саюза. Па сутнасці, у абмен на поўную васальную залежнасць. З дазволам, па трапнаму выказванню аднаго з расійскіх палітолагаў, праводзіць “лібералізацыю — дзе можна, а рэпрэсіі — дзе трэба. Але, падаецца, карт-бланш гэты не на бестэрміновае ўладаранне. Васала лягчэй замяніць, калі стане няўгодным. Адначасова разгромам Плошчы Лукашэнка цалкам абарваў усе магчымасці сваёй гульні на Захад.

Вынікі нядаўніх думскіх выбараў у РФ, азначаныя падзеннем рэйтынгу кіроўнай групоўкі і хваляй шматтысячных мітынгаў, могуць падштурхнуць пуцінскую Расію на паскоранае ўмацаванне сістэмы “кіруемай дэмакратыі на ўзор беларускай, але могуць (што таксама не выключана) наадварот, прымусіць пачаць рэформы.

Разгром Плошы–2010 датуе сабой пачатак канца беларускай мадэлі палітычнай сістэмы. Якім бы ні быў гэты канец: ці тое па найгоршаму сцэнару — пераўтварэнне Беларусі ў абсалютна залежнага васала Расіі з захаваннем фармальнага суверэнітэту, ці па аптымістычнаму — дэмакратычных пераўтварэнняў з умацаваннем суверэнітэту і сваім дастойным месцам у еўрапейскай супольнасці.

Аргументаў на карысць аптымістычнага сцэнару дадае, нягледзячы на разгром, і Плошча–2010, пастаўленая ў кантэкст падзей гісторыі найноўшага часу. Дзяды–1988 можна лічыць пачатковай датай гэтага перыяду руху Беларусі да дэмакратыі і суверэнітэту. Менавіта з таго — таксама разгромленага — шэсця на Курапаты вырасла перамога абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Вынікі выбараў 1994 года, і асабліва так званы рэферэндум лістапада 1996 года, датуюць сабой пераход у наступ рэакцыйных сіл. Шматтысячныя “Маршы свабоды ўвасабляюць масавы супраціў гэтаму наступу. Потым быў спад. Плошча–2006 — новы пад’ём. Зноў — спад. Плошча–2010 — новы ўсплёск.

Зараз — зноў спад? Вонкава — так. Але жыццё штодня дэманструе нам, а сацыялагічныя датчыкі фіксуюць, імклівае пашырэнне пратэстных настрояў, якія на пранізлівых вятрах усеагульнага крызісу, пад ударамі цунамі інфляцыі і росту цэн могуць у любы момант сарвацца з пасіўнай фазы ў актыўную. Палітычны барометр паказвае на вясну. Энергія Плошчы–2010 не знікла бясследна. 

marsz_mira_i_nezaleznasci__31__logo.jpg