Палітыка паміж рэалізмам і дэкадэнцтвам

Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў пройдуць у Беларусі, хутчэй за ўсё, у красавіку. Дакладная дата галасавання пакуль не прызначаная, але ў апазіцыйным стане пакрысе пачынаецца рух, вядуцца размовы пра вылучэнне дзесяткаў і нават сотняў прадстаўнікоў ад розных палітычных партый. Традыцыйна электаральныя кампаніі такога ўзроўню праходзяць даволі спакойна, а месцамі ўвогуле незаўважна. На фоне агульнай стагнацыі грамадскай актыўнасці жаданне старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай бачыць выбарчы сезон «не сумным» наўрад ці здзейсніцца.



85f007f8c50dd25f5a45fca73cad64bd.jpg

Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў пройдуць у Беларусі, хутчэй за ўсё, у красавіку. Дакладная дата галасавання пакуль не прызначаная, але ў апазіцыйным стане пакрысе пачынаецца рух, вядуцца размовы пра вылучэнне дзесяткаў і нават сотняў прадстаўнікоў ад розных палітычных партый. Традыцыйна электаральныя кампаніі такога ўзроўню праходзяць даволі спакойна, а месцамі ўвогуле незаўважна. На фоне агульнай стагнацыі грамадскай актыўнасці жаданне старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай бачыць выбарчы сезон «не сумным» наўрад ці здзейсніцца. Тым больш, што за папярэднія пятнаццаць год рабілася ўсё магчымае, каб атрымаць менавіта такі вынік.
Але ёсць асобы, здольныя «расквяціць» выбарчую кампанію, хаця ўлады і не рады бачыць іх прозвішчы ў спісе кандыдатаў у дэпутаты. Кіраўнік барысаўскай філіі партыі БНФ Сяргей Салаш пасля правядзення шэрагу выбарчых кампаній мае досвед як народнай падтрымкі, так і нелюбові мясцовых чыноўнікаў. Эйфарыі ці расчараванняў чакаць кандыдатам, якія ўпершыню адважацца ступіць на слізкую сцежку беларускай палітыкі, Сяргей Салаш расказвае журналісту «НЧ» Вользе Хвоін.

— Рашэнне пра ўдзел у выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы я ўжо прыняў. Няма куды дзецца з падводнай лодкі. Я настроіўся, ведаю, што трэба рабіць, маю ўпэўненасць — нешта атрымаецца. Хаця і не факт, што стану дэпутатам. Гэта ёсць асноўнай мэтай кампаніі, але не самамэтай. Калі гэтага не адбудзецца, Зямля не сыдзе з арбіты, маё жыццё не палепшыцца і не пагоршыцца. Будзе так, як ёсць. Калі ацэньваць агульнаапазіцыйны, дэмакратычны патэнцыял, з кожнымі выбарамі ён усё больш змяншаецца, усё менш ахвотных выходзіць на сур’ёзную працу і барацьбу за галасы. Ды і падтрымка наша невялікая. Я б сказаў так: «за прыгожыя вочы» галасуюць, за нашы ідэі — не. Калі ты не зусім адарваны ад народа, то за цябе могуць прагаласаваць. Я баюся, што частка тых, хто пойдзе на гэтыя выбары, будуць несці адарваныя ад патрэбаў людзей ідэі. На жаль, апазіцыя ў большасці жыве ў іншых каардынатах і траекторыях. Ды і вылучацца цяпер асабліва няма каму. Веры мала не толькі ў мяне, але і ў іншых актывістаў.
— Што ў вашым разуменні «адарваныя ідэі»?
— Магчыма, нехта і пакрыўдзіцца, але ёсць палітычныя сілы, якія лічаць, што пытанне акультызму — вельмі важнае ў Беларусі, і яго трэба вырашаць. Разумею, што знойдуцца як прыхільнікі, так і ворагі маёй тэзы. Ні тых, ні другіх я б не хацеў тут шукаць. Людзей найперш хвалюе, як мы будзем жыць далей, якія адносіны складуцца з Расіяй, што будзе з пастаўкамі нафты і газу, стане Лукашэнка наступным прэзідэнтам ці не.
— Ці правільна будаваць выбарчую кампанію толькі на лакальных праблемах?
— Хутчэй за ўсё, не. Натуральна, ёсць прыклады палітыкаў, якія атрымалі мандаты, канцэнтруючыся толькі на лакальных праблемах. І іх выбарцы засталіся на тым жа ўзроўні. Думаю, што трэба спрабаваць акуратна выводзіць людзей на больш глабальныя пытанні. Я прайшоў праз выбарчыя кампаніі 2003, 2007-га гадоў, і мне падаецца, што я ведаю, чаго ад мяне чакаюць, што хочуць пачуць, якія б праблемы я дапамог ім вырашыць. Але глабальна мяне цікавіць крыху іншае, чым асвятленне дарог, пад’ездаў. Канешне, бытавое — важна, бо я жыву ў гэтым горадзе і разам з іншымі людзьмі б’ю абцасы на гэтых дарогах.
— Дэпутат мясцовага савета карыстаецца аўтарытэтам?
— Не.
— Вы гаворыце, што хацелася б падняць вашых выбарцаў над лакальным узроўнем, але калі дэпутат не мае аўтарытэту, то наўрад ці можна чакаць станоўчага выніку ад працы.
— Наша краіна са своеасаблівым развіццём. На жаль, у нас не атрымаецца, як у Сербіі, узяць уладу спачатку на мясцовым узроўні, а пасля наверсе. Пакуль ва ўладзе Лукашэнка, колькі б ні было мясцовых дэпутатаў, а многа іх быць не можа, бо няма каму вылучацца, нічога не зменіцца. Калі партыя АГП заяўляе трыста кандыдатаў, БХД заяўляе дзвесце ці трыста кандыдатаў, я дакладна ведаю, што столькі не будзе. Максімум будзе сто, з іх чалавек пяцьдзесят, якія больш-менш змогуць прадстаўляць інтарэсы людзей у мясцовых саветах.
— Якія вашы выбарцы эканамічна актыўнага ўзросту, тыя, каму зараз 25–35 год?
— Выбарцаў такога ўзросту ў маёй акрузе вельмі мала. Яны ці спіліся, ці з’ехалі. Тыя, хто застаўся, у большасці не ўсвядомілі сябе, не нарадзілі дзяцей, не задумаліся пра заўтрашні дзень. Насамрэч, людзей 25–35 год не так часта сустрэнеш у шматпавярховіках Барысава.
— Да чаго варта рыхтавацца тым, хто спрабуе ўвайсці ў палітычнае жыццё краіны. Ці магчыма пазбегнуць адкрытага канфлікту з уладамі?
— Тым, каго ўлады запісалі даўно ў «маргіналы», няма чаго баяцца. Можна правесці кампанію ціха-спакойна. Калі ты яшчэ не адарваўся ад агульнага жыцця, маеш працу ў дзяржаўнай установе, то як бы ні стараўся, праблемы ўзнікнуць. Сістэма не змянілася. Увогуле, трэба разумець, што ўсе саступкі ў бок дэмакратызацыі-лібералізацыі нічога не вартыя, калі выбарчыя камісіі будуць складзеныя з тых жа асобаў, што і раней. Зрэшты, такога сігналу можна і не чакаць, пакуль існуе Ярмошына, Лазавік, уся гэтая «каманда».
— Дык ці вартая чаго палітычная дзейнасць у такіх умовах?
— Вартая. Я ўсё ж такі веру, што сітуацыя ў краіне зменіцца, хаця я не прагназіст і не ведаю, калі гэта адбудзецца. Але ўсё не бессэнсоўнае. Няхай мы будзем своеасаблівым угнаеннем для будучай Беларусі. Цяпер грамадства спіць. Магчыма, мы здолеем аднойчы змяніць кантэкст. Аднойчы з’явяцца новыя лідэры, якія засунуць нас за пояс, і нават дзеля гэтага трэба нешта рабіць, а тым больш, калі мы хочам, каб нашы дзеці жылі ў адрознай ад цяперашняй краіне.
— Кіраўніцтва мясцовай вертыкалі паважае, баіцца ці ігнаруе Сяргея Салаша?
— Я дакладна ведаю, што вядомы. Я хачу спадзявацца, што мяне паважаюць за маю пазіцыю. Мне здаецца, што частка наменклатуры ўспрымае мяне неадэкватна, як чалавека з іншай планеты. Шмат у чым гэта мая віна, бо я доўгі час быў вельмі радыкальным. На хвалі народнай падтрымкі мне падавалася, што я магу вырашаць многія пытанні, адчыняць усе дзверы. Што тычыцца ніжэйшага звяна, то, калі гэтыя чыноўнікі ўпэўненыя, што размова нікуды далей не пойдзе, яны гатовыя ўжо не слухаць, а самі распавядаць гадзінамі. Ва ўсіх ёсць адчуванне сораму за тое, што ім даводзіцца рабіць. Я бачу, як яны змяняюцца, як цьмянеюць іх вочы, калі прыходзіць чарговая выбарчая кампанія. Мы ведаем, што, нягледзячы на ўсе нашы намаганні, выніку можа не быць. А ім даводзіцца паказваць вынік, хлусіць.
— Табе не цесна жыць у такіх рэаліях?
— Цеснавата... Я стараюся ў гэтым жыць максімальна выбарачна, не забываць пра сваю сям’ю, сяброў, уласныя інтарэсы. Для мяне асабіста ёсць прыклады палітыкаў, якія любяць толькі палітыку, але я не лічу іх узорам. Хаця такія, крыху звар’яцелыя, таксама патрэбныя.
— Цягам бліжэйшых двух год у Беларусі пройдуць дзве выбарчыя кампаніі. Якія твае прагнозы?
— Я слаба веру, што ў 2011 годзе ў нас будзе іншая краіна, не кажучы пра цяперашні. Падчас мясцовых выбараў некалькі дзесяткаў чалавек могуць стаць дэпутатамі нязначных саветаў. Усё залежыць ад таго, як будуць пабудаваныя іх кампаніі. Але гэтыя мандаты ні на што не ўплываюць. Толькі на самасцвярджэнне, на тое, што ты быццам бы можаш прэзентаваць сябе як асобу ў нейкай сістэме каардынат, што не выкінуты на ўзбочыну. Ва ўсім астатнім...
— Маем праблемы з заяўленым лідэрствам у рэгіёнах, а што з агульнанацыянальным узроўнем?
— Я падтрымліваю Аляксандра Мілінкевіча як адзінага кандыдата, як палітыка, які сур’ёзна абазначае сябе на апазіцыйным полі. Я хацеў бы бачыць некага іншага, але, калі гэтага «іншага» няма, то я застаюся з Мілінкевічам. Грамадства не задзейнічанае ў палітычных працэсах, таму і новым лідэрам асабліва няма сярод каго заяўляцца. Ёсць цікавыя маладыя асобы, які пачынаюць паступова сябе прэзентаваць, але што з гэтага атрымаецца — невядома. Тыя, хто цяпер займае лідэрства ў палітычных плынях, у цэлым, можа, харошыя, разумныя людзі, але свой крэдыт даверу яны вычарпалі. І самае жахлівае — яны пачынаюць смяшыць, гэта нагода задумацца, ці на сваім яны месцы.
— Песімістычная размова ў нас атрымліваецца. Але хіба такія галоўныя высновы з вашага палітычнага досведу?

— Выснова адна — з людзьмі трэба быць шчырым. Людзей не падманеш. Можна паспрабаваць падчас кампаніі збудаваць свой імідж так, што цябе прымуць за іншага чалавека. Але праз пэўны час усе зразумеюць, хто ты насамрэч. Часам мы самі сябе хочам падмануць, пабачыць сябе такімі, якімі не з’яўляемся. Што тычыцца каманды, то ў ёй мусіць быць абсалютны давер па ўсіх пытаннях. Людзі павінны настроіцца на тое, што пасля выбараў жыццё не заканчваецца. Усё трэба ўспрымаць як лёгкі жарт і паспрабаваць максімальна спадабацца выбарцам, то бок быць пазітыўнымі. Нягледзячы на тое, што зараз я выказваю песімістычныя думкі і прагнозы, са сваімі выбарцамі я іншы.
У 2003 годзе я адчуваў, што зрабіў вельмі многа, адчуваў вялікую падтрымку. Цяпер у мяне вельмі многа расчараванняў. Я гатовы мабілізавацца на нейкім кароткім адрэзку часу, прыкласці ўсе сілы, каб дасягнуць пастаўленай мэты. Але ў перспектыве я не бачу падстаў для зменаў. Гэта мая ўнутраная параза, з якой ніхто апроч мяне не разбярэцца.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------

Даведка:

Сяргей Салаш нарадзіўся ў 1974 годзе, скончыў Жодзінскі палітэхнікум па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг, пасля гістарычны факультэт БДУ. З 1998 года ўзначальвае нефармальны Барысаўскі цэнтр грамадскіх ініцыятыў «Скрыжаванне». Кіраўнік мясцовай філіі партыі БНФ. Удзельнічаў у
распрацоўцы першай у Беларусі стратэгіі развіцця рэгіёну. У 2003 годзе ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, але не быў зарэгістраваны. У 2004-м балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. У 2007 годзе балатаваўся ў абласны і мясцовы саветы. За тры дні да дня галасавання быў арыштаваны і пяць сутак правёў у следчым ізалятары часовага ўтрымання. Жанаты, мае дачку Дамініку.

Фота JadFeel