«Нельга скарыць свет, не скарыўшы сваю краіну». Сёння дзень памяці Вітаўта Мартыненкі

 17 красавіка 2016 года пайшоў з жыцця музычны журналіст, крытык, меламан Вітаўт Мартыненка. Ён быў самым адданым фанатам беларускай музыкі, моцна верыў у яе, прасоўваў у нашай краіне і за мяжой. «Новы Час» сабраў яскравыя цытаты Вітаўта Мартыненкі з яго інтэрв’ю і кніг — многія з іх дагэтуль не страцілі сваёй актуальнасці.

Вітаўт Мартыненка. Фота ultra-music.com

Вітаўт Мартыненка. Фота ultra-music.com

Пра нацыянальную культуру і беларускую мову

Я ўпэўнены: народ, які не мае сваёй маскультуры на нацыянальнай мове — не будзе мець культуры ніякай. Тым сябрам, якія спрачаюцца з гэтай высновай, лічачы, што важней «сур’ёзная» культура, я адказваю: «Вы слухаеце Чайкоўскага, а не ведаеце Манюшку, Равенскага, Забэйду-Суміцкага, таму што звыклі слухаць штодзень па радыё чужы прадукт!..» (з кнігі «Rock On-line»).

Адно перакананы, што Беларусь, дзе няма месца беларусам, — вымрэ (з кнігі «Rock On-line»).

Я не з тых, хто будзе есці гаўно толькі таму, што яно сваё. Але той, хто не знаходзіць у сваім нічога, акрамя гаўна, проста хворы чалав…Прабачце, хворая жывёліна. ЧАЛАВЕК у любым кутку планеты духоўна сілкуецца ТОЛЬКІ СВАІМ, а чужое слухае толькі дзеля знаёмства або параўнання (з кнігі «Rock On-line»).

Нельга скарыць свет, не скарыўшы сваю краіну! (з інтэрв’ю на Ultra-Music, 29.09.2012).

Глядзіце таксама

Пра нацыянальны сцяг

Бел-чырвона-белы сцяг — гістарычная каштоўнасць, сцяг нашай волі. А чырвона-зялёны — сцяг нашай акупацыі. Пад гэтым сцягам, напрыклад, ніколі не было беларускай адукацыі... Але ці нам было б лепш, каб гэтая ўлада пад бел-чырвона-белым сцягам круціла нам рукі? Не, нам было б яшчэ больш балюча. У нас свой сцяг, у акупантаў — свой. Хай сабе пакуль бел-чырвона белы сцяг не на дзяржаўных флагштоках, яму пакуль ганаровае месца ў музеі (з інтэрв’ю «Радыё Свабода», 16.07.2013).

Пра беларускія ўлады і ўплыў Расіі

Вітаўт Мартыненка, Анатоль Сыс і Анатоль Мяльгуй на Дні Волі-1988. Фота tuzinfm.by

Вітаўт Мартыненка, Анатоль Сыс і Анатоль Мяльгуй на Дні Волі-1988. Фота tuzinfm.by

У гэтай краіне могуць забараніць усё. Могуць слова «рок» забараніць. Выйшаў я з дому, а раптам зверху звалілася цэгла, ці аўтобус з’ехаў з маста… Мы ж гэтага не баімся (з інтэрв’ю на Ultra-Music, 29.09.2012).

Якая будучыня ў беларускага рока? Пакуль людзі жывуць у турме, пакуль ёсць «чорныя спісы», пакуль беларуская музыка не гучыць на радыё і тэлебачанні… [...] Будучыня, на жаль, сціплая, бо мы пакуль не аднавілі гаспадарства ва ўласнай хаце. Нашая хата адчыняецца чужым ключом. Кіраўніцтва нашай краіны кажа пра беларускамоўных, свядомых, як пра падонкаў, вароў, злодзеяў і забойцаў. Культурны, адукаваны чалавек у іх раўно — бандзюган. Якая будучыня ў грамадзян гэтай краіны? Рабамі быць у суседняй імперыі (з відэаінтэрв’ю «Новаму часу», 2012 год).

[Кажуць] Мартыненка не любіць рускі рок. Там няма рока, там няма жывой творчасці. Яны якасна здымаюць чужыя схемы, іх ужо нудна слухаць, таму што ўсё гэта дзесьці чутае (з відэаінтэрв’ю «Новаму часу», 2012 год).

Так, я таксама мару пра з’яўленне ў Беларусі радыё, якое мог бы слухаць нармальны беларус, дзе б гучала найлепшая польская, украінская, фінская, шведская музыка і ўсе беларускія навінкі, а не той інтэрнацыянальны шлак, які гвалтам ідзе да нас з Масквы (з кнігі «Rock On-line»).

Пра ўплыў Уладзіміра Караткевіча на музыку

А наконт Караткевіча, то ён жа перавярнуў свядомасць людзей на стагоддзі, дасюль узнікаюць рок-гурты, дзе ў назвах — яго героі («Бан Жвірба», «Юрась Братчык», «Скрыпка дрыгвы»). А сучасныя песні цяпер якія: «ГЛЮКІ» — «Краіна пад белымі крыламі», «ПСАЛЬМЯРЫ» — «На Беларусі Бог жыве», P.L.A.N. — «Растуць хай дзеткі ды вучаць словы, каб Караткевіча чытаць», GARADZKIjA — «Я дыхаю адным паветрам з Караткевічам» (з кнігі «Rock On-line»).

Глядзіце таксама

Пра адсутнасць музычных лідараў

Па ўсім свеце ідзе тэндэнцыя поўнай адсутнасці лідараў. У кожнага свой лідар. Няма такога, як некалі ад піянера да пенсіянера ўсе ведалі гурт Metallica, адны любілі, іншыя ненавідзелі. [...] Лідараў пакуль не будзе. У кагосьці Akute, у кагосьці :B:N:, але такіх, як «Мроя», не будзе. На платах ужо не будуць пісаць N.R.M., а «Мроя» пісалі. Як казаў паэт Міхась Скобла: беларуская культура ў стадыі балотнага агню, яна назапашвае патэнцыял, ды яе няма, ціхае балота (з інтэрв’ю «Радыё Свабода», 07.11.2015).

Пра «Еўрабачанне»

Музыка павінна здзіўляць. У нас па тэлебачанні кажуць: «Как же так? Не выиграли „Евровидение“. Они же нотка в нотку попали!» [...] «Нотка в нотку» — гэта ў маладзечанскім музвучылішчы прымаць экзамен у недаросткаў. Трапляеш у нотку — добра, будзем з табой працаваць. Але на фестывалі здзіўляць трэба! (з інтэрв’ю на Ultra-Music, 29.09.2012).

Пра талент, ідэі і густы ў мастацтве

vialejka.info

vialejka.info

Задача [музыкаў] захоўваць сваю душэўную моц. Бог даў талент — Бог бачыць беларуса, дае беларускі талент, і гэтым усё сказана (з відэаінтэрв’ю «Новаму часу», 2012 год).

У любым выпадку, я толькі аналізую музыку, а не раблю яе, таму калі музыка захоча граць на жывых інструментах — я рад, абы таленавіта, калі здзівіць усіх чымсьці татальна мёртвым — тым больш. Ніякіх абмежаванняў. Я нават першы кінуся пісаць пра музыку аўташын, якія здзімаюцца, калі гэта будзе не проста пш-ш-ш-ш-ш, а ІДЭЯ. Для беларуса, безумоўна, беларуская ідэя (а не фіксацыя каланіяльнай існасці). Натуральна, «віртуознае валоданне інструментамі — гэта рэспект адназначны». Дадам: дзеля ажыццяўлення ідэі, а не паўтору чужых дасягненняў (з кнігі «Rock On-line»).

Куміраў не прызначаюць, імі становяцца (з інтэрв’ю на Ultra-Music, 29.09.2012).

Грамадства хворае. Калі няма мастацтва, якое б яго лячыла, — мастацтва выраджаецца. Усе сайты і газеты прапагандуюць кволае мастацтва, а потым здіўляюцца: нешта людзі не бяруць. Крызіс кампазітарскі (з інтэрв’ю на Ultra-Music, 29.09.2012).

Людзі не хочуць лайна, нават палітага кетчупам (з інтэрв’ю на Ultra-Music, 29.09.2012).

Глядзіце таксама

Пра сэнс жыцця і беларускі рок

Усе мы шукаем сэнс жыцця, а знаходзім… не кожны дзень. Але паверце: сэнс ёсць. Асабліва, калі ўсвядоміць, што жыццё — гэта не вынік, а шлях. Гэта шлях бессмяротнай душы з мінулага ў будучыню. Жыццё — цяперашняе. Не цела фармуе душу, з якой ідзе ўсё жыццё. Проста ў нешта часовае (цела) на нейкі перыяд трапляе нешта вечнае (душа), каб годна прайсці ў ім да наступнага вымярэння (з кнігі «Rock On-line»).

…Але ў мяне ёсць простая парада: а паспрабуйце заняцца БЕЛАРУСКІМ РОКАМ, тады і жыць захочацца. Хаця б таму, што тут амаль зусім не замяшаныя грошы, ні з кім нічога не трэба дзяліць. Проста знаходзіш сяброў, якія ў патрэбную хвіліну не дадуць прапасці (з кнігі «Rock On-line»).

Глядзіце таксама

Пра тое, як быць беларусам

Я не ведаю, адкуль у мяне гэтая энергетыка. Мне прапаноўвалі праекты: «Давайце, пішыце па-руску, па-англійску, мы вам заплоцім добра». Не хочацца. Не ведаю. Я быў у Швецыі, Нямеччыне, Італіі, Канадзе… У прынцыпе, я рады толькі таму, што вяртаўся ў Беларусь і застаўся беларусам, хаця гэта нібыта матэрыяльна невыгодна. Так што прычына, напэўна, у той самай шляхетнасці — калі ёсць, што падкрэсліць, тое і варта падкрэсліваць… 

А я вырашыў, што трэба хоць сабе даваць справаздачу, адкуль гэта. Магчыма, ад шляхетных продкаў. Тым больш, ведаючы свае карані, я не бачу ніякіх прычын саромецца гэтага ды хаваць, як нас школа вучыла. Навошта саромецца таго, чым варта ганарыцца. Зрэшты, вы, калі жадаеце, саромцеся, як і свайго імя саромецеся, а я не буду. Бо я — Вітаўт Мартыненка, нашчадак роду Галімскіх (з кнігі «Rock On-line»).