«Летапісец беларускага року»: дзеячы культуры ўзгадваюць Вітаўта Мартыненку
29 верасня Вітаўту Мартыненку магло б споўніцца 60 гадоў. Вядомы журналіст, пісьменнік і паэт, стваральнік азначэння «беларускі рок», Мартыненка быў аўтарам шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця. Ён стаяў ля вытокаў сапраўднай музычнай рэвалюцыі і шмат у чым паспрыяў з’яўленню і развіццю беларускай незалежнай сцэны.
Апантаны адраджэнец, аматар сваёй бескарыснай справы, бязлітасны крытык, упарты дзівак — узгадаем, якім запомніўся Вітаўт Мартыненка сябрам, музыкам і калегам па цэху.
Лявон Вольскі (беларускі музыка, дзеяч культуры):
— Я пазнаёміўся з Вітаўтам у сярэдзіне 80-х. Ён тады працаваў у газеце «Чырвоная Змена», вёў музычную калонку. Падыход у Вітаўта да гэтай працы быў просты і бескампрамісны: калі выканаўца пяе па-беларуску — значыцца, гэта выдатны артыст. Штотыдзень у газеце публікаваліся постары з выявамі розных беларускіх зорак. Здавалася б, адкуль ён толькі іх знаходзіць? А вось жа ж знаходзіў! Гэта былі рок-гурты, барды, поп-выканаўцы. Зрэшты, калі на чарговы нумар не знаходзіўся беларускі артыст, Вітаўт выкарыстоўваў суседскіх зорак — польскіх, вугорскіх.
Бескампрамісны падыход Вітаўт пранёс, як сцяг, праз усё жыццё — у сваіх кнігах, крытычных артыкулах, у жывых зносінах. Гэта была цалкавітая нязломнасць. Кагосьці яна палохала, для кагосьці выдавала на дзіўноту на мяжы з вар’яцтвам. Бо ўсе мы ў розныя часы былі гатовыя ісці на розныя кампрамісы, а быць нязломнымі змагарамі было не прынята.
Калісьці для «Мроі» Вітаўт прыдумаў назоў музычнага стылю — «стод-рок» — маўляў, мы выкарыстоўваем дзіўныя шаманскія гармоніі, і нашая музыка набліжаецца да спрадвечнай паганскай абрадавай. Стод — сінонім слова «ідал», дык вось выкрышталізавалася гэткае азначэнне. Некаторы час мы яго выкарыстоўвалі, але з часам неяк гэта запылілася і забылася. Але можна знайсці ў інтэрнэце фотку Алены Адамчык для часопіса «Бярозка», на якой Юрась Ляўкоў пазуе ў цішотцы з прынтам «Stod rock», які я ўласнаручна набіў трафарэтам на сваёй тагачаснай афарміцельскай працы ў аўтобусным парку №3.
Сяргей Скрыпнічэнка (беларускі музыка, дызайнер):
— Я сустрэў Вітаўта Мартыненку выпадкова ў клубе філафаністаў у 1989 годзе. Так называлася пляцоўка на ганку ДК Глуханямых, дзе абменьваліся і набывалі кружэлкі. Мяне зацікавіў дзіўны дзядзька, у якога на куртцы ззаду было напісана «беларус». У 1989 годзе гэта выглядала крыху недарэчна і як мінімум выклікала пытанне. Я адразу з ім пазнаёміўся і высветліў, што ён працуе ў газеце «Чырвоная Змена».
Мартыненка быў выбітны чалавек, апантаны сваімі незвычайнымі поглядамі на мяжы з хваравітасцю. Яму было цяжка, таму што ў яго дзейнасці да адраджэння беларускасці — і без таго сацыяльна складанай рэчы — дадавалася захапленне беларускамоўнай музыкай, якой было насамрэч вельмі мала, прычым вельмі доўгі час. Нават пасля паўстання незалежнасці беларускіх гуртоў было па пальцах пералічыць. Але Мартыненка быў сапраўдным летапісцам беларускага року.
У свой час у «Чырвонай Змене» ён ствараў навіны сам — кароткую нататку мог разгарнуць на раман! Ва ўмовах інфармацыйнага вакууму ў беларускім року гэта было папросту неабходна. Але мне падавалася, што ў пазнейшыя часы, асабліва са з’яўленнем інтэрнэту, Вітаўт трошкі перагнуў палку з гэтым прынцыпам, бо пэўныя рэчы ўжо выглядалі дзіўнавата і недарэчна. Складалася ўражанне, што Мартыненка жыве ў нейкім уласным свеце. Ён не імкнуўся зарыентавацца ў новых кірунках, і калі нешта не адпавядала яго поглядам, гэта выклікала абурэнне, негатыўную рэакцыю.
Пры гэтым Мартыненка быў цалкам пазітыўным чалавекам. Безумоўна, музычная дзейнасць была яго прызваннем. Як ні банальна прагучыць, ён з тых, хто працаваў на ніве адраджэння — толькі больш на асобнай, музычнай дзялянцы. Прычым, здымаю капялюш, ён займаўся гэтым абсалютна шчыра, не для выгодаў і насуперак прыватным інтарэсам.
Сяргей Васілюк (лідар украінскага гурта «Тінь Сонця»):
— Мы пазнаёміліся з Вітаўтам Мартыненкам у 2007 годзе, калі «Тінь Сонця» ўпершыню гралі на фестывалі «Купальскае Кола» ў Менску. На гэтым жа канцэрце мы выканалі «Песьню Чугайстра» ў беларускім перакладзе спадара Мартыненкі. Мы дагэтуль ніколі не бачыліся, хаця і перапісваліся. Здаецца, Вітаўт проста спыніў мяне ў зале і прадставіўся. Ён быў вельмі адкрытым чалавекам, з ім было цікава пагутарыць — і пра музыку, і пра жыццё нашых брацкіх народаў. Ён шчыра сімпатызаваў Украіне, я заўжды перажываў за беларусаў.
Праз некалькі гадоў ён пераклаў яшчэ адну нашу песню «Дорога в ліс» («Шлях у лес»), якая ўвайшла ў альбом «Танець Серця». З таго часу мы бачыліся на кожным нашым канцэрце ў Менску.
Было вельмі сумна, што Вітаўт так хутка пайшоў з жыцця... Калі гэта здарылася, я, не доўга думаючы, кінуў усё і ўзяў квіток на Менск. Я думаю, што Вітаўт радуецца з нябёсаў, што падчас гэтай сумнай падзеі я пазнаёміўся з яго сябрамі і мая сувязь з Беларуссю стала яшчэ мацнейшай. Думаю, ён нават чуў, як мы спявалі «Аляксандрыну», узгадваючы яго. Удзячны лёсу, што быў з ім знаёмы.
Адам Глобус (беларускі пісьменнік, паэт, мастак):
— Чалавек застаецца ў памяці, калі пра яго складаецца пэўная міфалагема. А міфалагема складаецца пра чалавека толькі ў тым выпадку, калі ён здзейсніў пэўную колькасць подзвігаў. Я вылучыў для сябе найістотнейшыя подзвігі Вітаўта Мартыненкі.
Па-першае, ён са стандартнага савецкага Віктара стаў Вітаўтам. Лічы, пазначыў сябе княскім імем, прызначыў у каралі. На мой погляд, гэта вельмі мужны ўчынак — перайсці з просценькага дваравога Віцькі ў велічнага Вітаўта.
Па-другое, ён хадзіў у куртцы, на спіне якой было напісана «беларус». Зараз гэта падаецца звычайным. А тады Мартыненка быў першым, адзіным, пазначаным не проста чалавекам, а менавіта беларусам. Для мяне гэта істотная дэталь ягонай асобы і паводзінаў.
Па-трэцяе, мы разам стваралі «Тутэйшых» — арганізацыю маладых беларускіх пісьменнікаў, якія літаральна ахвяравалі свой час, здароўе і жыццё дзеля таго, каб жыла беларуская мова і развівалася сучасная беларуская літаратура. «Тутэйшыя» — першая арганізацыя ў СССР, якая выказала недавер камуністычнай партыі праз тое, што яна ўтаіла рэальныя факты пра Чарнобыль. Ішоў 1988 год, старэйшыя сябры саюза пісьменнікаў былі ўпэўнены, што за такі ўчынак мы аднойчы ўвечары папросту да хаты не дойдзем, але цудам нас усё ж не арыштавалі.
Шчэ адзін мужны ўчынак Мартыненкі — правядзенне ў тым жа годзе ўрачыстага мітынгу на Дзяды. Памятаю, «Тутэйшых» выклікалі ў пракуратуру, палохалі магчымымі забойствамі ў натоўпе, турмой і нават ссылкай у Сібір. Але здарылася так, што ўсе радыёстанцыі свету перадалі пра верагодны жудасны сцэнар у Менску, таму, у адрозненне ад Грузіі, Літвы і Азербайджана, абышлося без крывавай бойні. Упершыню на мітынг выйшла больш за 10 000 чалавек.
Ну і больш лірычны подзвіг Мартыненкі — яго вядомае ўсім захапленне рок-н-ролам. Ён быў не проста аматарам рок-н-рола, але і яго прапагандыстам. Ён напісаў першую рок-энцыклапедыю, якая на дзіва і гонар усіх «Тутэйшых» была выдадзена за акіянам, у Амерыцы, і толькі пасля — дапоўнена і перавыдадзена ў Беларусі. Мартыненка нават прыдумаў спецыяльны тэрмін «стод-рок», які характарызаваў менавіта беларускі рок. Меркавалася, што апошні прынцыпова адрозніваецца ад музыкі суседскіх краін і грунтуецца перш за ўсё на паганскіх традыцыях — нібы старажытны слуп, вакол якога закручваецца ўся наша рок-н-рольная тусоўка.
Андрэй Плясанаў (беларускі музыка, мастак, рэжысёр):
— Пэўны час я быў знаёмы з Вітаўтам Мартыненкам толькі візуальна. Я прачытаў яго кнігу «Праз рок-прызму», якая выйшла ў Амерыцы, і мне спадабалася, што ён шмат піша пра беларускую музыку. У 1999 годзе мы сустрэліся на канцэрце, і я папрасіў Вітаўта зрабіць некалькі перакладаў маіх песень на беларускую мову, а таксама даць мне пару ўласных вершаў, каб я паспрабаваў напісаць на іх музыку. Мартыненка прынёс свае вершы, пераклаў мае тэксты песень, а таксама вершы расейскамоўных паэтаў, якія я выкарыстоўваў у сваіх кампазіцыях. У далейшым ён перакладаў для мяне яшчэ і ўкраінскія вершы. Напэўна, я адзіны на Беларусі музыка, які напісаў большую колькасць сваіх песень на вершы Вітаўта, і ён аўтар амаль усіх перакладаў маіх песень.
Калі на пачатку 2000-х у інтэрнэце распачаліся канапныя бойкі пра беларускамоўную музыку, я параіў Мартыненку напісаць, даруйце, пра рускамоўных казлоў, якія не хочуць разумець працэсы, што адбываюцца ў нацыянальнай музыцы, і прызнаваць, што яна ўвогуле існуе. Яго думкі выліліся ў славутую кнігу «Rock on-line», у якой практычна паўсюжэта — пра мяне, мой лёс, стаўленне да беларускай музыкі, пра яе ворагаў і пра нашых прыяцеляў, якія дапамагалі на ніве барацьбы за беларускую музыку ў інтэрнэце.
Мы сябравалі з Вітаўтам з 2000-га да самай яго смерці і бачыліся практычна праз дзень. Ён быў калекцыянерам беларускамоўнай музыкі, і, дзякуючы яму, многія з тых, хто хадзіў на канцэрты, не толькі даведваўся пра гэтую музыку, але і набываў яе. Мартыненка сам стаяў і прадаваў касеты, якія выдаваў беларускі лэйбл БМА. Пры гэтым ён умеў не седзячы ў зале, а стоячы за сцяной слухаць, чуць, разумець і пісаць праўду пра тое, што адбываецца на канцэрце.
У параўнанні з Вітаўтам Мартыненкам усе сучасныя музычныя журналісты — проста харошыя карэспандэнты, якія нешта папісвалі і працягваюць гэта рабіць. У гістарычным плане іх нарысаў пра канцэрты хапае на адзін раз прачытаць, а спробы ствараць мастацкую літаратуру пра беларускую музыку засталіся толькі спробамі. А вось Вітаўт Мартыненка і яго сябар Анатоль Мяльгуй здолелі зрабіць тое, што ніхто не здолеў зрабіць лепш — яны напісалі выдатныя кнігі, якія ператварылі беларускамоўную незалежную музыку ў беларускае музычнае мастацтва.
Уладзіслаў Наважылаў (лідар беларускага метал-гурта Gods Tower):
— Мы з Мартыненкам асобна пазнаёміліся даволі позна, што і не дзіва, бо мы родам з розных гарадоў.
Апошнім часам перасякаліся толькі на канцэртах, таму нават нармалёва паразмаўляць часу не было, але што я магу распавесці — свае ўражанні. Вітаўт — чалавек з каласальным гістарычным багажом, які мае адказы шмат на якія пытанні, досыць харызматычны, але просты ў камунікацыях — на мой погляд, менавіта так і павінен выглядаць рок-журналіст.
Ён выклікаў давер, і яму было цікава з людзьмі. Нават кароткія размовы з ім былі глыбокімі, бо ты адказваў на яго пытанні, а гледзячы ў ягоныя вочы міжвольна хацелася сказаць як мага болей.
Мы бачыліся мала, але ён нам добра запомніўся. Мяркую, ён запомніўся ўсім, хто бачыў яго хоць раз і хоць раз з ім размаўляў.
Алег Хаменка (беларускі музыка, культурны дзеяч)
— Вітаўт Мартыненка адыграў у беларускай музычнай журналістыцы надзвычайна значную ролю. На мой погляд, куды больш значную, чым, напрыклад, той жа Арцём Троіцкі ў расейскай. Я добра памятаю газету «Чырвоная Змена» — дзе, напэўна, упершыню з’явілася сапраўдная аналітыка замежнай музыкі яго аўтарства. І гэта ў часы панавання савецкай ідэалогіі і камсамольскага «цэнтралізму»! Менавіта прэса, звязаная з мастацтвамі, у той час ішла ў авангардзе барацьбы за свабоду слова.
Інфармацыйная падтрымка выдання нашых гуртоў на плытах «Мелодыі», першы афіцыйны рок-клуб «Няміга», першая кніжка пра беларускую рок музыку ў Ню-Ёрку, фэст «Тры колеры» (на мяне, відавочна, паўплываў), чалец «Тутэйшых і «Талакі», аналітычныя артыкулы, проза, вершы, тэксты песень… усяго не пералічыць. Вітаўт насіў куртку з надпісам «Я — беларус»… цяпер гэта празаічна, а тады гэта быў вельмі смелы выклік грамадству. Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй да апошніх дзён аддана служылі беларускай непадцэнзурнай музычнай культуры. Калі нехта думае ці разважае пра тое «які ён, вобраз сучасных герояў?» — то для мяне гэта відавочна.
Сяргей Сахараў (галоўны рэдактар журнала пра Менск CityDog):
— Вітаўт Мартыненка — адна з ключавых фігур у станаўленні майго прабеларускага, лаяльнага да беларускай музыкі светапогляду. На пачатку 90-х яго імя было ключавым у беларускай музычнай журналістыцы. Ён меў каласальны ўплыў на людзей, быў сапраўднай легендай. Мартыненка спрабаваў зрабіць з рокавых беларускіх музыкаў, якіх у той час фактычна не было, гучных «поп-зорак» у заходнім значэнні гэтага слова. Праўда, гэта заўжды выглядала трохі ўтапічна, таму што для гэтага патрэбна, каб у краіне быў хоць нейкі шоубіз. Але тады, на пачатку 90-х, было адчуванне, што нешта можа змяніцца, і неўзабаве з’явіцца нацыянальная музыка.
Мартыненка пастаянна казаў, што нацыянальная музыка = беларуская музыка, яна не можа быць руска- ці англамоўнай. Магчыма, канешне, што гэта толькі мая інтэрпрытацыя, але я запомніў яго чалавекам, які цвёрда адстойваў такую пазіцыю. Часам пэўныя яго погляды выклікалі, мякка кажучы, непаразуменне. Але фактычна яму было пляваць, таму што для яго гэта была прынцыповая рэч. Дзякуючы Вітаўту шмат чаго істотнага адбылося ў станаўленні менавіта беларускамоўнай рок, поп, метал і нават рэп музыкі, якая тады толькі ледзь квола спрабавала прабіцца ў масы.
Калі мы сустрэліся з Мартыненкам у сярэдзіне 90-х, ён ужо адчуваў сябе расчаравана. Было відавочна, што беларусізацыя спыніцца і беларуская музыка развіваецца не так, як ён сабе ўяўляў. Але тут ужо дзякуючы Віталю Супрановічу, Мартыненка пачаў наноў займацца музычнай журналістыкай і працягваў рабіць розныя цікавыя праекты. І калі ў той час гэта выглядала як нейкая бязглуздзіца, то зараз мінаюць часы — і ты разумееш, што яго кнігі, рэцэнзіі, сумесныя з Супрановічам складанкі — каштоўны культурны падмурак беларускай музыкі, які назаўжды застанецца ў гісторыі. Прычым Мартыненка — чалавек, які не проста спрычыніўся да агульнага руху, а дзякуючы якому гэты падмурак увогуле стварыўся. Ён быў культурным імпульсам, і толькі за адно гэта мы мусім калі не вуліцы і помнік яму прысвяціць, то прынамсі зладзіць у яго гонар урачысты канцэрт.
Віталь Супрановіч (арганізатар канцэрта ў памяць Вітаўта Мартыненкі):
— Для мяне Вітаўт Мартыненка — не проста сябар, настаўнік, але і чалавек, які спрычыніўся да з’яўлення беларускага року. Гэты чалавек разам з Анатолем Мяльгуём у 80-х гадах рабіў сапраўдную музычную рэвалюцыю, засноўваючы першыя беларускія рок-клубы і фестывалі.
Невядома, як бы сёння выглядала наша музыка, калі б не было Вітаўта. Але ён быў, і мы маем выбітных беларускіх артыстаў, аншлагавыя канцэрты і беларусаў, якія ведаюць і слухаюць сваё. Вітаўта Мартыненкі няма з намі ўжо тры гады. Увесь час мы думалі, як ушанаваць яго памяць, і вось вырашылі гэта зрабіць да юбілею. Сёлета Вітаўту споўнілася б 60 гадоў.
***
29 верасня беларускія музыкі ўшануюць памяць спадара Вітаўта Мартыненкі вялікім акустычным канцэртам.
У мерапрыемстве возьмуць удзел Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Алесь Лютыч, Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Андрэй Плясанаў, Алесь Камоцкі і іншыя героі кніг аўтара.
Спецыяльна да канцэрта будзе выдадзены зборнік песень, напісаных на вершы Мартыненкі або перакладзеных ім.
29 верасня, 19:00
Палац Культуры імя Шарко (Мінск, вул. Уральская, 3)
Даведкі: (44) 551-77-06, (29) 851-77-06