Канстанцін Ельскі — славуты даследчык Паўднёвай Амерыкі

17 лютага спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння ўраджэнца Беларусі Канстанціна Міхайлавіча Ельскага, славутага вучонага-біёлага, географа, геолага і падарожніка. Ён увайшоў у гісторыю навукі як першапраходзец і даследчык паўночных тэрыторый Паўднёвай Амерыкі.

Навуковец удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863 – 1864 гг. Каб пазбегнуць арышту, эмігрыраваў за мяжу. 

Навуковец удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863 – 1864 гг. Каб пазбегнуць арышту, эмігрыраваў за мяжу. 

Нарадзіўся будучы вучоны ў в. Ляды Смілавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні (пасёлак Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці) у сям’і Міхала Ельскага і Клацільды, якая даводзілася цёткай вядомаму кампазітару Станіславу Манюшку. Належаў да багатага на адукаваных і таленавітых людзей шляхецкага роду Ельскіх герба “Пелеш”. 

hierb_pieliesh_2.jpg

У 1853 г. Канстанцін скончыў на “выдатна” Мінскую гімназію. У 1853— 1856 гг. вучыўся на медыцынскім факультэце Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта, затым перавёўся на матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Імператарскага Кіеўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1860 г. Працаваў выкладчыкам Кіеўскай гімназіі, Імператарскага Кіеўскага ўніверсітэта, адначасова наведваў педагагічныя курсы, публікаваў першыя навуковыя працы ў Санкт-Пецярбургу, Парыжы і Кіеве.

У 1862 г. за даследаванне анатоміі малюска К. Ельскі атрымаў ступень магістра заалогіі. На абароне сваёй працы выступіў у якасці аднаго з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна.

jelski_k_1.jpg

У час паўстання 1863 г. эмігрыраваў у Турцыю, дзе займаўся геалагічнымі і прыродазнаўчымі даследаваннямі. Праз два гады апынуўся ў Францыі, працаваў у Прыродазнаўчым інстытуце ў Парыжы, дзе сумесна з прафесарам Дэйролем праводзіў эксперыменты ў галіне заалогіі. Неўзабаве атрымаў прапанову паехаць у Гвіяну (паўднёваамерыканскую калонію Францыі), каб рыхтаваць і дасылаць у Парыж для музеяў калекцыі насякомых, чучалы і шкуры звяроў і птушак. Спачатку быў памочнікам фармацэўта ў адной з аптэк у Кайене (сталіцы Гвіяны), потым займаўся абследаваннем зняволеных на астравах Выратавання. Адначасова вывучаў фаўну, збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Па меры папаўнення калекцыі частку яе адсылаў у Еўропу, адных толькі павукоў даслаў каля 300 экзэмпляраў. У 1869 г. з-за неспрыяльнага для здароўя клімату Канстанцін Міхайлавіч быў вымушаны пакінуць гэтыя мясціны. 

jan_shtolcman_5.jpg

У выніку, ён апынуўся ў Ліме, сталіцы Перу (Паўднёвая Амерыка), дзе плённа працаваў каля дзесяці гадоў, займаўся вывучэннем фаўны. Перайшоў Кардыльеры, даследаваў усходнія схілы гэтых гор, наведаў вярхоўе Амазонкі. Разам з вядомым польскім арнітолагам, заолагам і падарожнікам Янам Штольцманам у 1875— 1878 гг. даследаваў паўночныя раёны Перу на мяжы з Эквадорам, даліну ў вярхоўях ракі Мараньён. К. Ельскі ўдзельнічаў у стварэнні прыродазнаўчага музея ў Ліме (1875), да 1879 г. быў яго захавальнікам.

jelski_k_3.jpg

Матэрыялы яго падарожжаў і даследаванняў у Амерыцы былі апублікаваны ў кнізе “Перу, Ліма” (1880) і незавершаных успамінах “Popularno-przyrodnicze opowiadania z pobytu w Gujanie francuzkiej i po części w Peru: (od roku 1865— 1871)” (“Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу”; Кракаў, 1898).

jelski_k_6.jpg

У канцы 1879 г. Канстанцін Ельскі вярнуўся ў Еўропу, жыў у Варшаве. З 1880 г. працаваў захавальнікам натуральных калекцый ў Фізіялагічным музеі Кракаўскай акадэміі навук, прафесарам заалогіі на Вышэйшых жаночых курсах прыродазнаўства пры мясцовым Прамыслова-тэхнічным музеі імя Адрыяна Баранецкага. Як заолаг і геолаг працаваў таксама ў Германіі. Удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях: у 1886 г. — на паўвостраве Брэтань, у 1890 г. — у Далмацыі.



Заслугі даследчыка ў вывучэнні фаўны Паўднёвай Амерыкі вельмі значныя. Ён удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, адкрыў сакрэт кітайскай чорнай тушы, многія новыя віды раслін і жывёл. Музеі і навуковыя цэнтры Еўропы папоўніліся сабранымі ім калекцыямі насякомых, раслін; чучаламі птушак і інш. Некаторыя еўрапейскія вучоныя давалі апісанне жывёльнага свету менавіта па яго калекцыях.

Паводле www.nlb.by