Экс-прэзідэнт Украіны: «Сёння ўлада ў Беларусі на чале з Лукашэнкам — гэта зло»

Першы прэзідэнт незалежнай Украіны Леанід Краўчук лічыць, што цяпер бессэнсоўна заклікаць Лукашэнку спыніць гвалт і што міжнародная супольнасць павінна дапамагчы ў вырашэнні палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі.

0a069d64_a450_4700_a385_979855e9b6e6_w1023_r1_s.jpg


У інтэрв’ю Свабодзе Краўчук называе сітуацыю ў Беларусі чалавечай і палітычнай трагедыяй.


«Ён верыць, што Расія заўсёды дапаможа яму асабіста, а не Беларусі»

— Спадар прэзідэнт, мінулым разам мы з вамі размаўлялі 13 жніўня, у перыяд вельмі жорсткіх рэпрэсій у Беларусі, і вы вельмі эмацыйна заклікалі Аляксандра Лукашэнку спыніць гвалт і праліццё крыві. Прайшло амаль чатыры месяцы… Якая ваша ацэнка таго, што адбываецца ў суседняй краіне — як чалавека і як першага прэзідэнта Украіны?

— Мне шкада, што ў Беларусі адбываецца такая трагедыя — чалавечая і палітычная. Я вельмі добра ведаю Беларусь. За савецкім часам бываў там вельмі часта. У нас былі вельмі глыбокія і сяброўскія дачыненні з Беларуссю, з яе тагачасным кіраўніцтвам. Была і Белавежская сустрэча са спадаром Шушкевічам у 1991 годзе. Я гэта добра ўспрымаў тады і цяпер. Але тое, што адбылося на маіх вачах... Нават я, які добра ведае дыктатарска-адміністрацыйны стыль працы Лукашэнкі, яго выхаванне на прынцыпах таталітарнасці, а не дэмакратыі, свабоды і міжнародных нормаў, нават я не чакаў такога нечалавечага стаўлення да беларусаў, сваіх грамадзянаў з боку беларуса, выхаванага ў Беларусі, які жыве ў Беларусі. Я проста не магу зразумець гэтага, але факт ёсць факт.

Я думаю, што Лукашэнка за 26 гадоў пры ўладзе пераўтварыўся ў саму ўладу. Чалавечага ў ім фактычна не засталося. Ён увесь сатканы з улады, таму ён не бачыць, не можа асэнсаваць сваё жыццё без улады. Гэтая сутнасць прыводзіць да таго, што ён губляе чалавечае, застаецца толькі адміністрацыйна-ўладнае. І для яго людзі — проста матэрыял для кіравання, а не грамадзяне, якіх трэба паважаць, якія з’яўляюцца крыніцай улады, якія выбіраюць.

Тут яшчэ і ўплыў Расіі. Ён верыў і верыць, што Расія заўсёды дапаможа яму асабіста, а не Беларусі, і гэтым ён скарыстаецца ў крытычных сітуацыях, што, уласна, мы і бачым сёння. Гэтыя два моманты зрабілі з яго кіраўніка, які страціў чалавечыя якасці гуманнасці, дабрыні і павагі, нават спачування да людзей. Самае цяжкае ў мяне ўражанне…


«Цяпер бессэнсоўна заклікаць Лукашэнку да нечага»

— Ці бачыце вы зараз сэнс у закліках да Лукашэнкі і яго сілавікоў спыніць гвалт? Якія міжнародныя механізмы могуць быць задзейнічаныя ў такой сітуацыі? Што можа зрабіць Украіна, людзі і ўлада?

— Я думаю, што цяпер бессэнсоўна заклікаць Лукашэнку да нечага. У ім, акрамя адміністрацыйна-дыктатарскага, з’явіліся страх і жаданне пакараць тых, хто наважыўся выступіць супраць яго. Усё гэта разам ужо не дае ніякіх падставаў верыць, што яго можна ў нечым пераканаць. Я думаю, тут можа спрацаваць толькі адно (чаго нельга чакаць) — каб Расія афіцыйна заявіла і адмовілася ад усялякай дапамогі Лукашэнку. Але гэта, на мой погляд, не адбудзецца, і Пуцін будзе яго падтрымліваць.

1b8afe1b_6456_49d8_ba83_afa7a998d204_w1023_r1_s.jpg


Таму патрэбныя толькі агульныя намаганні сусветнай супольнасці, еўрапейскіх дзяржаваў. У тым ліку і Украіны, на што ён вельмі негатыўна і хваравіта рэагуе, часта дазваляе сабе выпады супраць Украіны, хаця ў нас да Беларусі і беларусаў вельмі паважлівае стаўленне. Цяпер многія беларусы, журналісты, палітыкі выступаюць ва Украіне на нашых тэлеканалах. Мы кантактуем з імі, адчуваем іх дух. Не толькі на карцінках, мы бачым жывых людзей, якія прыйшлі з гэтага нечалавечага рэжыму. Толькі агульныя намаганні. Я маю на ўвазе, што павінен быць ціск на Расію паралельна з ціскам на Беларусь. Ціск на Расію можа дапамагчы і Украіне спыніць вайну на Данбасе і будаваць мірнае жыццё ва ўсіх рэгіёнах. Сусветная супольнасць павінна дзейнічаць рашуча, таму што гэтыя ачагі антыдэмакратыі, ачагі канфліктаў, якія стварае Расія, вельмі небяспечныя не толькі для Украіны і Беларусі, яны небяспечныя для Еўропы, для свету, для ўсіх нас.


«Гэта трэба вырашаць не праз мяккі, а праз жорсткі падыход»

— Многія ўкраінскія назіральнікі, кажучы пра падзеі ў Беларусі, праводзяць паралелі з украінскім Майданам і кажуць, што ва Украіне, калі б столькі людзей выйшла на вуліцы, як у Беларусі ў другой палове жніўня, то ад умоўнага ўкраінскага Акрэсціна нічога б не засталося. Але беларусы выбралі іншы і доўгі шлях — мірнай рэвалюцыі. Як вы ацэньваеце гэты выбар?

— Каб у Беларусі пры ўладзе быў чалавек дэмакратычнага складу, ад якога беларусы стаміліся проста па-чалавечы, то такі шлях быў бы найбольш слушным. Добры чалавек, стаміўся ён, стаміліся беларусы, хочацца нечага новага. Як кажуць ва Украіне, «нехай гірше, аби інше». У дадзеным выпадку гэтага не адбудзецца. Мне прыемна было глядзець, калі жанчыны выйшлі з кветкамі. Але супраць каго гэтыя кветкі? Каму гэтыя кветкі? Людзі ад улады былі з аўтаматамі насупраць кветак. На мой погляд, тут патрабуецца жорсткая пастаноўка праблемы. І тыя палітыкі Беларусі, кандыдаты на прэзідэнта, прэтэндэнты, якія набралі дастатковую колькасць галасоў, павінны звярнуцца да сусветнай супольнасці і паставіць пытанне карэнным чынам.

Гэта трэба вырашаць не праз мяккі, а праз жорсткі падыход. Канечне, ніхто не хоча, каб пацярпеў беларускі народ праз санкцыі і іншыя захады. Але калі няма іншага шляху, што рабіць? Не вяртацца ж да таго, што было, як хоча Лукашэнка. Ён заяўляў: маўляў, пацярпіце адзін тэрмін, на наступную кадэнцыю я не пайду. Гэта ён сёння кажа. А заўтра, калі прыйдзе час, ён скажа, што яшчэ хоча. Улада стала для яго як наркотык. Гэта вельмі небяспечная справа.

Я думаю, што беларускі народ справіцца з гэтым. Наш шлях больш рэвалюцыйны, але ён таксама не даў ідэальнага выніку, прывёў да канфлікту ў многіх раёнах, гэтым скарысталася Расія, узняла Данбас, анэксавала Крым. Па-рознаму можна падыходзіць, але так ці інакш вынік будзе станоўчы, бо час іншы, свет іншы. Людзі з амбіцыямі таталітаршчыкаў (я б так іх назваў) — як белыя вароны. Іх людзі не ўспрымаюць. Бо людзі іншыя, думаюць па-іншаму. Свет змяніўся, у ім з’явіліся новыя факты, часам непрыемныя, але яны не накіраваныя супраць чалавека фізічна, яны не прыводзяць да смерці людзей праз гвалт.


«І беркутаўцы стралялі ў людзей, і гэтыя “людзі ў чорным”»

— У Беларусі цяпер часта параўноўваюць з фашызмам дзеянні ўладаў і сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. У Беларусі пахаваны ваш бацька, які ваяваў з нацыстамі. Якая ваша рэакцыя, калі людзі ў Беларусі называюць амапаўцаў або іншых сілавікоў на беларускіх вуліцах фашыстамі, карнікамі?

— Гэта эпітэт. Не ў гэтых людзях прычына, яны — вынік і выкананне. З людзей, якія вымушаныя былі ўдзельнічаць у гвалце, многія прызвычаіліся да гэтага, ёсць і такія, якія жывуць гэтым, і іх трэба ізаляваць, але большасць людзей проста выконваюць.

— Чым беркутаўцы адрозніваюцца ад «людзей у чорным» на вуліцах беларускіх гарадоў?

— Вялікай розніцы няма. І беркутаўцы стралялі ў людзей, забівалі, і гэтыя «людзі ў чорным». Іх таксама адбіраюць адпаведным чынам. Лукашэнка і каманда не бяруць любога чалавека, каб запоўніць імі вуліцы. Яны іх вывучаюць. Нехта пагаджаецца, іншы адмовіўся б. Я разумею, што ёсць прысяга, тым не менш у нашай Канстытуцыі запісана, што нельга выконваць злачынныя загады і законы, а толькі тыя, якія ў інтарэсах краіны, грамадства і народу.


«Наўрад ці ў яго будзе нармальнае жыццё, калі застанецца ў Беларусі»

— Ва Украіне жывуць чатыры былыя прэзідэнты — вы, Леанід Кучма, Віктар Юшчанка, Пятро Парашэнка, і кожны адыгрывае важную ролю ва ўкраінскім грамадстве. Яшчэ адзін былы прэзідэнт Віктар Януковіч хаваецца ў Расіі. Як вы думаеце, ці ёсць яшчэ шанец у Лукашэнкі пабыць на ганаровай і паважанай пазіцыі былога прэзідэнта, ці засталася толькі такая дарога, як у Віктара Януковіча?

— Наўрад ці ў яго будзе нармальнае жыццё, калі застанецца ў Беларусі. Можа, недзе ў глыбінцы будзе менш варожасці (я і па Украіне мяркую), але актыўнае, гарадское грамадства не зможа змірыцца, каб гэты чалавек, які прынёс так шмат няшчасця.... У свой час ён нешта і добрае зрабіў, не кажу, што ён усё толькі дрэннае зрабіў для Беларусі. Але тое, што ён робіць апошнім часам, трыманне за ўладу насуперак здароваму сэнсу, і ахвяры, якія з’явіліся праз гэтае жаданне ўлады, — не думаю, што яму проста даруюць. Яму будзе цяжка жыць у гэтым асяроддзі, і ён вымушаны будзе з’ехаць з Беларусі.

267a7d5b_9740_4c36_86ee_ae7bea43ab25_w1023_r1_s.jpg



«Я разумею беларускіх пенсіянераў»

— За некалькі гадзін да нашага інтэрв’ю скончыўся марш пенсіянераў у Мінску, на якім адбыліся затрыманні. Што б вы маглі сказаць не толькі пенсіянерам, але ўсім беларускім людзям, якія, нягледзячы на рэпрэсіі і пагрозы, працягваюць выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю?

— Мне нямала гадоў. На пачатку наступнага году споўніцца 87. Я перажыў польскую, нямецкую і маскоўскую акупацыі. Цяпер я перажываю вельмі складаную сітуацыю, калі частка ўкраінскай тэрыторыі акупаваная Расіяй. У мяне ўнутры выспеў глыбокі непрымірымы пратэст супраць гвалту, супраць нечалавечага, варожага стаўлення лідара, улады да чалавека. Канечне, я разумею беларускіх пенсіянераў. Менавіта таму назваў свой узрост.

Колькі патрабуецца ўнутранага разумення, як трэба ламаць сябе, перажыўшы столькі, і саспець да пратэсту ў імя народу, у імя будучыні... Яны разумеюць, што жыццё не вечнае, і прыйшлі абараніць беларусаў, дзяцей, унукаў, праўнукаў. Прыйшлі, ахвяруючы здароўем, таму што і каронавірус, і сіл не так і шмат у іх.

Я хачу ўсім астатнім беларусам сказаць — паслухайце гэтых людзей ва ўзросце, паглядзіце ў іх твары, задайце кожнаму пытанне — чаму яны прыйшлі. Яны прыйшлі дзеля таго, каб абараніць жыццё рэшткамі сваёй сілы волі і свайго жыццёвага досведу, разумеючы, наколькі гэта важна для Беларусі. Я хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў. Я вельмі хачу, каб у вас усё завяршылася без вялікай крыві. Сказаць «бяскроўна» не магу, бо кроў ужо пралілася. Але безь вялікай крыві. Я шчыра гэтага хачу. Я ведаю, што гэта такое.

У нядзелю мы адзначалі дзень памяці Галадамору. Мільёны ўкраінцаў загінулі. Я палічыў, што ў цэлым за гэтыя гады загінула 12 мільёнаў украінцаў. Гэта больш, чым увесь беларускі народ. Можаце ўявіць, што ў нас у кожнага ўнутры. Мы разумеем, якія гэта неверагодныя ахвяры. Тое ж адбываецца сёння ў Беларусі. Я не хачу, каб гэта скончылася вялікім праліццём крыві. Я прашу, проста прашу па-чалавечы беларусаў. Паслухайце сябе, паслухайце голас розуму, паверце ў дабро, але не верце ўладзе. Уладзе верыць ужо нельга. Улада вам здрадзіла. Улада ў Беларусі, якую вы абралі, якой вы давяралі, вам здрадзіла дзеля сваіх карыслівых, эгаістычных, дыктатарскіх мэтаў.

Нельга дзейнічаць законам супраць тых, хто парушае закон і зрабіў гэтыя парушэнні нормай паводзінаў. Так казалі ў старажытнасці. Закон і дабро не можа прымяняцца да чалавека, які творыць беззаконне і зло. Зло трэба спыніць абавязкова. Сёння ўлада ў Беларусі на чале з Лукашэнкам — гэта зло.