Дзве беларускі дапамаглі вывезці на лячэнне ў Чэхію каля 40 параненых
У Чэхіі працуе праграма дапамогі тым, хто ў
Беларусі пацярпеў ад гвалту. На лячэнні
ў гэтай краіне цяпер каля 40 чалавек. Ініцыятаркі дапамогі Вольга Буракевіч і
Крысціна Шыянок расказалі Радыё Свабода пра чэскую падтрымку і пра беларусаў.
Паводле ўмоваў праграмы на некаторыя пытанні яны не мелі права адказваць.
«Надзея змянялася апатыяй, а потым зноў надзеяй»
Крысціна Шыянок: Першыя дні пасля выбараў былі для мяне як вір: звароты журналістаў, сустрэчы з палітыкамі, акцыі пратэсту, каардынацыя з іншымі беларускімі дыяспарамі... Нязменны быў толькі боль унутры. Боль за тых, хто пацярпеў у першыя дні і ночы пасля выбараў. За тых, хто прайшоў праз здзекі і катаванні. І калі з Беларусі вярнулася Вольга, мая паплечніца па ініцыятыве беларусак Чэхіі BLRČR, яна агучыла патрэбу, якую мы абедзве адчувалі: мы павінны дапамагчы параненым.
Вольга Буракевіч: У 2010 годзе на Плошчы я ўпершыню сваімі вачыма бачыла, як АМАП збівае людзей. У такі момант цябе пранізвае татальнае пачуццё бездапаможнасці перад сілай, якая чыніць гвалт, а ты нічога не можаш зрабіць. Частка цябе хоча бегчы дапамагчы, але розумам ты ўсведамляеш, што нічога зрабіць ня можаш. У 2010-м таксама была хваля салідарнасці са збітымі і арыштаванымі, але нашмат меншая, чым тое, што мы назіраем цяпер. Тады я ездзіла па турмах і вазіла перадачы зняволеным. Але агульнае пачуццё паразы і той самай паралізуючай бездапаможнасці скавала мяне надоўга.
Падзеі гэтага лета ўсё ж паказалі, што грамадзтва гатовае да зменаў і нейкіх супольных дзеянняў. Была надзея, якая змянялася апатыяй, а потым зноў надзеяй. Я была ў Беларусі 9–12 жніўня, і хоць ня ўдзельнічала ў вулічных акцыях, але бачыла, як змяніўся мой горад Ліда. Бачыла, што людзі выходзяць на вуліцы, яны не абыякавыя і іх шмат.
Пасля выбараў мы апынуліся ў інфармацыйнай блакадзе. Праз Тэлеграм і проксі ўдавалася сачыць за навінамі з Менску і іншых гарадоў, і было пачуццё, што ты пасярод вайны ці ў акупаванай краіне. Мяне зноў ахоплівала гэтае пачуццё бездапаможнасці. Гэтым разам яно ўзмацнілася яшчэ й тым, што я была цяжарная і з малым дзіцем, таму не магла сабе дазволіць быць сярод тых, хто выходзіў на пратэсты, хаця б у той жа самай Лідзе.
Пасля вяртання ў Прагу я не пераставала задавацца пытаннем — што я магу зрабіць? І я ўспомніла, што падчас Майдану і вайны ва Ўкраіне Чэхія аказвала медычную дапамогу параненым украінцам. Тады я падумала, што было б цудоўна нешта падобнае арганізаваць для пацярпелых падчас пратэстаў у Беларусі.
Далей гэтую думку Крысціна агучыла на сустрэчы беларускай дыяспары з прэм’ер-міністрам Чэхіі.
«Чыноўніцы чэскага МУС разам з намі не спалі па начах»
Шыянок: 19 жніўня прэм’ер Чэхіі Андрэй Бабіш прыняў беларускую дыяспару — на сустрэчы былі Віталь Цімошчанка ад суполкі «Пагоня», Алена Ціхановіч як прадстаўніца беларускай меншасці ў Чэхіі, і я ад BLRČR. Адной з нашых просбаў было, каб Чэхія ўзяла на лекаванне пацярпелых. Прэм’ер нас запэўніў, што паспрыяе.
Потым быў круглы стол у Міністэрстве замежных спраў Чэхіі, дзе мы заручылася падтрымкай міністра Томаша Петршычка. Праз пару дзён адбылося пасяджэнне ўраду, на якім міністар унутраных спраў Ян Гамачэк прапанаваў аказаць дапамогу пацярпелым беларускам і беларусам у межах ужо існуючай праграмы Medevac. Далей нас чакалі працоўныя сустрэчы (бо праграму давялося перафарматоўваць) і паўтара месяца інтэнсіўнай працы. Чыноўніцы з чэскага Міністэрства ўнутраных спраў разам з намі ня спалі па начах.
Medevac — гэта праграма медычнай эвакуацыі параненых з краінаў, дзе адбываюцца войны, канфлікты і прыродныя катастрофы. Праграма існуе з 1993 году і мае сталы бюджэт — каля 60 мільёнаў чэскіх крон на год (больш за 2,5 мільёна даляраў). З ёй супрацоўнічае 8 чэскіх шпіталяў. Нам у нейкім сэнсе пашчасціла, бо эпідэмія каранавірусу прыпыніла многія запланаваныя рэчы — перадусім выезды чэскіх дактароў у іншыя краіны. Таму частка бюджэту захавалася, і нам ня трэба было займацца пошукам фінансавання. Упершыню ў гісторыі Medevac супрацоўнічаў не з дзяржавай, а з грамадзянскай супольнасцю. Дакладней, другі бок быў прадстаўлены дыяспарай, а не дзяржавай. Гэта быў новы досвед для ўсіх.
Буракевіч: Мы стварылі нешта кшталту кансіліюму, куды ўвайшлі беларускія медыкі і фармацэўты, што жывуць і працуюць у Чэхіі. Пацярпелыя могуць канфідэнцыйна звяртацца на электронны адрас czhelp2020@gmail.com.
На гэты ж адрас пачалі пісаць і чэскія беларусы, якія хацелі неяк дапамагчы. Прапаноўвалі жытло, дапамогу ў суправаджэнні, кампутарную тэхніку. Стаматолагі прапанавалі бясплатна палячыць зубы нашым пацярпелым. А зусім нядаўна (пасля інфармацыі ў чэскіх медыя пра знаходжанне ў Чэхіі параненых з Беларусі) з намі звязаўся чэскі фізіятэрапеўт і прапанаваў бясплатную рэабілітацыю для нашых пацыентаў. Такая салідарнасць і жаданне дапамагчы вельмі цешаць і даюць адчуванне, што мы не адны ў гэтай барацьбе і ў гэтым болі.
«Яны ўсе для нас гераіні і героі»
Шыянок: Наймаладзейшаму з пацярпелых, якіх удалося вывезці, — 15 гадоў, найстарэйшаму — 56. Сярэдні ўзрост — 20–30 гадоў. Пераважна хлопцы, але ёсць і дзяўчаты. Яны ўсе для нас гераіні і героі, мужныя, смелыя, светлыя.
Большасць параненых ужо атрымалі першасную медычную дапамогу ў Беларусі. Але, на жаль, ня ўсіх лячылі добра, таму тут яны праходзяць дадатковы медагляд. Некаторым прызначаюць лячэнне ў чэскім шпіталі, іншым — рэабілітацыю (фізіятэрапію). Перажытае не магло прайсці бясследна для псіхікі, таму ідзе і псіхалагічная дапамога — праца з чэскімі і беларускімі псіхолагамі, арт-тэрапія, рэлаксацыі. Часам патрэбная крызісная інтэрвэнцыя.
Былі выпадкі, калі чэскія дактары даваліся дзіву, што ў целе пацыента пакінулі аскепкі альбо не заўважылі нейкі дыягназ. А часам выказвалі захапленне працай беларускіх хірургаў.
Буракевіч: На самым пачатку мы адбіралі людзей з цяжэйшымі раненнямі. Потым ужо везлі тых, каго лічылі лягчэйшымі выпадкамі. Былі й тыя, хто баяўся звяртацца да лекараў у Беларусі ці даваў нам няпоўную інфармацыю, і ў рэальнасці праблемы са здароўем аказаліся цяжэйшыя, чым нам падавалася напачатку. Трэба было таксама ўлічваць факты ціску і пераследу.
Раненні людзей, якіх лечаць у Чэхіі ў рамках праграмы Medevac:
Самыя цяжкія выпадкі — раненні ад куляў (грудзі, жывот, вока), раны па ўсім целе ад святлашумавых гранат. Гэтыя раны вельмі дрэнна гояцца. Разрыў барабанных перапонак ад тых жа святлашумавых гранат. Пераломы рук, ног, пазванкоў, закрытыя і адкрытыя чэрапнамазгавыя траўмы.
У аднаго хлопца куля засталася ў лёгкім, і яго адмовіліся апераваць у Беларусі. У выніку яго аперавалі ў Чэхіі, але, па іроніі лёсу, ягоным хірургам быў беларус.
Другому хлопцу куля трапіла ў вока, якое, на жаль, так і не ўдалося выратаваць. Для мяне гэта быў горкі момант усведамлення, што ня ўсім мы можам дапамагчы, як бы ні стараліся.
Адной з першых прыехала маладая дзяўчына з мноствам ранаў па ўсім целе ад разрыву шумавой гранаты. Нашая калега, якая яе суправаджала на аглядзе ў чэскага доктара, казала, што той ледзь не расплакаўся, калі яе ўбачыў. Медсястра хацела сысці, а ён яе спыніў і сказаў: «Не, даражэнькая, глядзіце, што можа здарыцца, калі людзі тут перастануць хадзіць на выбары».
Ёсць таксама мужчына з цяжкай чэрапнамазгавой траўмай, якога ў Беларусі фактычна не лячылі. Усе спробы трапіць да нэўрахірурга ў Беларусі на агляд канчаліся нічым, як толькі дактары дазнаваліся, дзе і калі ён атрымаў пашкоджанне галавы.
Быў і хлопец, якому выкруцілі з сустава руку і моцна збівалі толькі за тое, што знайшлі ў ягонай сумцы аптэчку з медыкаментамі, каб дапамагаць параненым. Ён шэсць гадзін прабыў без медычнай дапамогі, пакуль руку ўправілі. Выявілася, што ён дапамагаў і дзяўчыне, якую мы прывезлі пазней, — ад святлашумавой гранаты яна атрымала асколачныя раненні па ўсім целе, адкрытую чэрапнамазгавую траўму і разрыў барабанных перапонак.
Шыянок: Мне давялося перакладаць для яго тут. Я, здавалася б, судовая перакладчыца з досведам, але пасля нашага з ім першага супольнага візіту да доктара я доўга плакала каля шпіталя. Мая калега, якая перакладала на чэскую мову беларускую медычную дакументацыю пацярпелых, супакойвала мяне тады праз тэлефон, што цяпер яны ў бяспецы, пра іх клапоцяцца, што мы зрабілі ўсё, што маглі, што на іншае немагчыма паўплываць. Хоць і яна, нягледзячы на свой шматгадовы досвед працы ў сфэры медычнага перакладу, нямела з таго, што бачыла ў тэчках, якія мы дасылалі.
Міністэрства дамовілася са сваім штатным псіхолагам, каб мы мелі да каго звярнуцца ў такія моманты.
«Было адчуванне, што вывозіш параненых з вайны»
Шыянок: Я разумела, што нас чакае ня толькі сутыкненне з тэмай гвалту, з чужым болем, але і трансфармацыя нас саміх. Гэта як добраахвотна пайсці туды, дзе вайна. Сямейнікі ня ведалі, але здагадваліся, чым я занялася, і з разуменнем паставіліся да таго, што мне не хацелася ніякай камунікацыі. Мы проста давалі знаць адно аднаму, што ў парадку. Гаварыць я магла, па сутнасці, толькі з Вольгай, якая разам са мной усе гэтыя гісторыі чытала, бачыла гэтыя жахлівыя здымкі.
Буракевіч: Напачатку цяжка было чытаць гісторыі, дыягназы, бачыць фатаздымкі раненняў і збітых да сінявы людзей. Было адчуванне, што вывозіш параненых з вайны. Да таго ж шмат хто з параненых апасаўся за сваю бяспеку. Скаргі, якія яны падавалі ў Следчы камітэт, абарочваліся справамі, якія заводзіліся на іх саміх, а не на тых, хто іх збіваў.
Тут цяпер людзі, якія атрымалі раненні ня толькі ў Менску, але і ў Горадні, Наваполацку, Берасці, Баранавічах, Гомлі, Магілёве, Маладэчне. Што яшчэ раз паказвае, як жорстка рэагавала ўлада на мірныя пратэсты, якія адбываліся па ўсёй краіне.
Шыянок: Нягледзячы на тое, праз што прайшлі пацярпелыя, нягледзячы на свой посттраўматычны стан, па прыездзе многія казалі: вы мне дапамаглі, а як я магу дапамагчы вам?
Сярод людзей, якіх мы прывезлі, ёсць прафэсійны масажыст. Дык вос ён адразу папрасіў здабыць масажны стол, каб рабіць масажы іншым удзельнікам праграмы. І яны ўсе вельмі дбаюць пра нас. Я была да глыбіні ўражаная, калі даведалася, што яны стварылі другі чат, каб у наш асноўны ніхто не пісаў паведамленні па начах, каб мы і ўсе нашыя валантэркі і валантэры маглі высыпацца.
Буракевіч: Мяне моцна ўразіла, што ўсе пацярпелыя, з кім я бачылася, казалі, што хочуць нечым дапамагчы. Літаральна кожны пытаўся: што я магу зрабіць, каб дапамагчы астатнім, хто ўжо тут ці хто яшчэ прыедзе?
Спачатку мяне гэта бянтэжыла — гэта ж мы вас сюды прывезлі, каб лячыць, і мы вам будзем дапамагаць. Падаецца — адпачывайце, лячыцеся. Але не, усе хацелі нейкай дзейнасці, хацелі хоць неяк дапамагаць самі.
І потым я зразумела, што гэта ўсё ад таго ж пачуцця, якое кіравала і мной, калі я пачала займацца гэтай дапамогай, — ад перажытага пачуцця бездапаможнасці перад гвалтам. Магчыма, таму мы і бачым такую хвалю актыўнасці і салідарнасці ў беларускім грамадзтве. За 26 гадоў людзі стаміліся адчуваць «я тут нічога не вырашаю». Хочацца зрабіць нешта, што мае сэнс, што дапаможа спыніць нарэшце гэтае зло, якое беспакарана чыніцца ў Беларусі.