Алег Трусаў: «25 гадоў таму мяне ледзь не забілі за мову»

Легендарны старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў пра сваю першую беларускую кнігу, 80-я, стварэнне «Пагоні» і вышыванкавы бум.

tbm_trusov_vas_tutby_phsl_08092015_img_5959.jpg



Пра беларускую мову ў 60-я

Я нарадзіўся ў Мсціславе, за 8 кіламетраў, ад расійскай мяжы, памятаю, як закрывалі апошнюю беларускамоўную школу. У 1961 годзе хадзілі па хатах людзі ад улады, збіралі подпісы, мая бабуля, якая мяне гадавала, спачатку не хацела падпісваць заяву, але тады апошнім аргументам стала: “Вы ж разумееце, што ён не паступіць у Магілёўскі педуніверсітэт”. Беларускую мову ў выніку мы пачалі вучыць з пятага класа, але мне пашанцавала, у мяне была цудоўная настаўніца, якая ў свой час слухала лекцыі Якуба Коласа. Яна ж стварыла школьны тэатр, са сцэны якога я чытаў вершы па-беларуску і па-нямецку. Напрыклад, “Пахне чабор”.


Пра першую беларускую кнігу

Першую кнігу па-беларуску, якую я прачытаў сам, мне падарылі дзяўчаты на 23 лютага. Гэта было ў восьмым класе, а кнігай была “Новая зямля” Коласа. У мяне падчас чытання тады ўзніклі пытанні, на халеру дзядзька папёрся ў Вільню і чаму ўвогуле Вільня, а не Вільнюс.


Пра БДУ і беларусізацыю Гомеля


Я скончыў школу з залатым медалём і паступіў у БДУ, разам са мной вучыўся хлопец Алесь, які прынцыпова размаўляў па-беларуску, што тады было амаль неверагодна. У выніку яго выгналі з універсітэта. Ён вярнуўся ў Гомель, скончыў гомельскі філфак. Урэшце стаў кіраўніком аддзела адукацыі ў Гомелі і цалкам перавёў горад на беларускую мову.

 

Пра пераход на беларускую мову

У 1980 годзе я, працуючы на рэстаўрацыі, вырашыў перавесці ўсю дакументацыю на беларускую мову. Ад 82-га прынцыпова пачаў размаўляць па-беларуску. Гэта ў тыя часы было небяспечна. Бабуля, калі даведалася, пачала плакаць, казала “цябе заб’юць”. Маці, якая лічыла сябе полькай і жыла асобна ў Кобрыне, паўгода са мной не размаўляла – была катэгарычна супраць майго пераходу. А вось жонка, якая скончыла журфак, ставілася нашмат больш прыхільна – яна валодала мовай нават лепей, чым я.


trusau_1.jpg


Пра беларускую мову сёння


У нас цяпер адбываецца гэткі паўтор канца 80-х, толькі атмасфера нашмат лепшая. Адчуваю сябе як на выбарах у 90-м годзе, як 25 гадоў скінуў. Цяпер на нашыя выступы прыходзяць, вітаюцца, размаўляюць. 25 гадоў таму мяне спрабавалі забіць – кінулі сякерай. Таму цяперашняе стаўленне да мовы – гэта проста цуд.

У Мінску ў познія савецкія часы было проста варожае стаўленне да мовы: “Говорі со мной на нормальном языке”. Лічылася ж як: што пры камунізме ўвесь свет пачне размаўляць па-руску. У войску ў літаральным сэнсе выбівалі беларускі акцэнт. Апошняе паляванне на нацыяналістаў адбылося ў 1973 годзе, у Мінску добра калі сто чалавек размаўляла на мове не дома (дома пісьменнікі размаўлялі з сям’ёй па-беларуску, напрыклад).

Такім чынам, цяпер мы жывем проста ў ідэальных умовах. За час нашых сёлетніх пікетаў толькі адзін маладзён 26 гадоў падышоў, нешта пачаў наконт мовы абурацца, а калі мы спыталі, чаму ён сам не размаўляе, ён проста адказаў: “Мне сорамна”.

 

Як зрабіць Беларусь беларускай за 2-3 гады


Янка Брыль казаў: “Калі беларусу загадаюць быць беларусам – ён будзе”. Рэч у тым, што ў нашай краіне прынята размаўляць на “мове начальства”. Калі ў свой час я стаў дэканам, а гэта быў 1996 год, памятаеце, якія там былі падзеі, я чытаў лекцыі выключна па-беларуску і з калегамі размаўляў таксама па-беларуску. І, што цікава, усе пачалі выкладаць па-беларуску, хоць я, дальбог, нікога не прымушаў, толькі казаў, што сам заўжды буду чытаць лекцыі па-беларуску, бо мы – беларускі ўніверсітэт.

Такім чынам, калі кіраўніцтва краіны пяройдзе на беларускую мову, два-тры гады – і па-беларуску будуць размаўляць усе. І закон пра дзве дзяржаўныя мовы ніяк гэтаму не будзе перашкаджаць. Ты ж маеш права размаўляць на той мове, на якой хочаш, з дзвюх. І калі ўсе навокал будуць размаўляць па-беларуску, краіна сама беларусізуецца.

 

Просты спосаб загаварыць па-беларуску


Трэба чытаць беларускія кніжкі перад сном паўгадзіны, праз паўгода вам будуць сніцца беларускамоўныя сны. Гэта добры прынцып па вывучэнні любой мовы. Чытаць перад сном кнігі альбо слухаць музыку. Мозг жа ў сне будзе працаваць. Я так вывучыў іспанскую мову за два гады. Цікава, што часам мне сняцца сны на іншых мовах – напрыклад, прачнуўся і не разумееш, на якой мове ў сне размаўляў, мо па-польску?


Пра “лупіце на трасянцы”


20130710_mogilev_trusov_011.jpg

Нельга пачаць размаўляць на любой мове без пераходнага этапу. Трасянка таксама розная бывае: руска-беларуская і беларуска-руская. І паступова пры пераходзе на мову вы з першай трасянкі пераходзіце да другой, а там ужо пачынаеце размаўляць на чыстай мове. Тым больш у нас варыянтаў трасянак вельмі шмат – ёсць і з польскімі слоўцамі, і з украінскімі.

 

Пра ТБМ


Ролю Таварыства беларускай мовы для беларускай гісторыі яшчэ давядзецца ацаніць: заснавальнікам ТБМ быў Ніл Гілевіч, і некаторыя ўспрымалі ідэю варожа і з асцярогай, нават Васіль Быкаў. Лічылася, што камуністы вырашылі стварыць сваю беларускую арганізацыю.

А пасля высветлілася, што калі б не ТБМ не было б ні Пазняка, ні мяне, ні апазіцыі – менавіта дзякуючы ТБМ мы вылучыліся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета. Ад ТБМ прайшло 13 чалавек, у мясцовыя саветы – сотні. Таму роля ТБМ у гісторыі вельмі значная.

 

Як стваралася “Пагоня”


alieh_trusau_na_mitynhu_supracj_putcu.jpg

“Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг зацвярджаліся без малюнкаў. Пасля была створаная камісія з найлепшых мастакоў краіны. Наша задача была ў тым ліку, каб наша “Пагоня” на сто адсоткаў адрознівалася ад літоўскай. Літоўцы, дарэчы, спецыяльна памянялі герб – да вайны “Пагоня” ў іх была іншай. Мы за ўзор узялі “Пагоню” з магілы Ягайлы – самую старажытную з вядомых. З крыжам Ефрасінні Полацкай. Літоўцы – “Пагоню” XVI стагоддзя з іншым крыжам. Атрымліваецца, што наш герб больш адносіцца да готыкі, літоўскі – да барочнага Рэнесансу. Цяпер зблытаць іх не змагло б нават дзіця.

 

Пра беларускую мову ў рэкламе


Глядзіце, як беларуская мова скарае бізнес-прастору: бізнесоўцы пачалі разумець важнасць мовы. Колькі цяпер рэкламы па-беларуску? Ці афармлення этыкетак? Калі мы ў рэкламнай паўзе якога-небудзь расійскага крымінальнага фільма раптам чуем, як Вольскі і Курган разам рэкламуюць па-беларуску “Лідскае” піва, – гэта ж выдатна. Беларушчына расце як трава з-пад асфальту.

 

Пра вышыванкавы бум


Гэта такі чарговы рымэйк моды на вышыванку і таксама з’ява пазітыўная. Табе размаўляць усё яшчэ сорамна, а вышыванку ўжо надзеў. Насамрэч моду на вышыванку ўводзіў у свой час яшчэ Хрушчоў, які яе надзяваў. Уся інтэлігенцыя за познім Сталіным і за Хрушчовым насіла вышыванкі. А гэта зноў рымэйк – Радзівілы пазычылі ў французскіх Людовікаў так званы “пейзанскі стыль” яшчэ ў XVIII стагоддзі. Але гэта для нас сёння гэткая станоўчая мода.

 

Пра новую кнігу


gdb.rferl.org__bdaf25ee_1c7b_4_61e546031681921e1ea9172832c1686a.jpeg

Я год ствараў дапаможнік для студэнтаў і моладзі “Гісторыя Еўропы. Эпоха Сярэднявечча V–X ст.”. У выніку я напісаў гісторыю Еўропы з беларускага пункту гледжання, акцэнты там зробленыя на Беларусі. Пры тым, што пісаў пра ўсю Еўропу, пра качэўнікаў – хазараў, авараў… Гэта такі беларускі погляд на гісторыю. Калі я пішу пра Расію ці Літву, я прыводжу таксама і іх погляды – даю спасылкі на літаратуру. Пішу, прыкладам, як ставяцца літоўцы да ВКЛ і як ставімся мы. Кніга з’явіцца ў кастрычніку недзе, добра было б перакласці яе пасля на англійскую: хай бы і на Захадзе даведаліся пра беларускі погляд на гісторыю Еўропы.

 

Юрась Ускоў, budzma.by