ЗША выявілі расійскую падлодку ў берагоў Аляскі. У Расіі растлумачылі, што гэта вучэнні
Паўночнае камандаванне Узброеных Сіл ЗША абвясціла, што выявіла паблізу ад берагоў Аляскі расійскую падводную лодку.
«Камандаванне вядзе ўважлівы маніторынг расійскай падлодкі, што ўсплыла сёння каля Аляскі», — заявілі амерыканскія вайскоўцы ў твітары.
Як удакладнілі ў ведамстве, падлодка ўсплыла ў міжнародных водах, за межамі тэрытарыяльных водаў ЗША. Яна не падавала якіх-небудзь запытаў пра аказанне дапамогі, але ў выпадку неабходнасці амерыканскія вайскоўцы гатовыя аказаць дапамогу, дадалі ў Паўночным камандаванні.
Расійскія вайскоўцы пакуль афіцыйна не каментавалі тое, што адбылося, аднак крыніца РІА Новости ў Ціхаакіянскім флоце заявіла, што ніякай няштатнай сітуацыі з падлодкай няма. Па словах суразмоўцы агенцтва, гэта падводная лодка ля берагоў Аляскі — атамны падводны крэйсер «Омск», які ўдзельнічае ў вучэннях.
27 жніўня Мінабароны РФ паведамляла пра тактычныя вучэнні Ціхаакіянскага флоту ў акваторыі Берынгава мора пры ўдзеле ракетнага крэйсера «Вараг» і атамнага падводнага крэйсера «Омск».
Паводле meduza.io