ЗША паставілі ва Украіну больш за 90 тон зброі
Уначы 22 студзеня ва Украіну прыбыла першая партыя амерыканскай зброі, накіраванай туды паводле загаду прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, паведамляе амбасада ЗША ў Кіеве.
«Гэтая пастаўка — як і 2,7 млрд долараў дапамогі з боку ЗША з 2014 года — дэманструе прыхільнасць ЗША ў дапамозе Украіне і ва ўмацаванні яе абароны перад расійскай агрэсіяй, якая нарастае», — гаворыцца ў паведамленні амерыканскай амбасады.
Пастаўка ўзбраення адбылася на фоне паведамленняў пра магчымае ўварванне Расіі ва Украіну. Паводле звестак заходніх СМІ, да мяжы краіны перакінулі больш за 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў. 10-20 лютага на паўднёвых і заходніх межах Беларусі маюць адбыцца пазапланавыя расійска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022».
21 студзеня Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расія не хочуць вайны, але калі супраць Саюзнай дзяржавы пачнуць разгортваць арміі, ставіць на мяжу выжывання санкцыямі, запалохваць і пагражаць, то Беларусь і Расія тады «ламануць так, што мала не здасца».