ЗША. Маскі як падстава для вайны
Заакіянская прэса б’е ў званы. Амерыканская нацыя, якая і так палярызаваная па многіх тэмах, імкліва дзеліцца на прыхільнікаў рэкамендацый медыкаў насіць маскі і іх праціўнікаў.
Як правіла, маскі носяць прыхільнікі прагрэсіўных поглядаў, дэманструючы тым самым сур’ёзнае стаўленне да пагрозы пандэміі. Іх апаненты-кансерватары разглядаюць маскі як «сімвал празмернай рэакцыі на вірус», і таму адмаўляюцца насіць іх нават у месцах, дзе шмат людзей.
Яшчэ далей ідуць правадыры правых партый, для якіх маскі — гэта «змова супраць народа» і «татэм кантролю». Пры гэтым усё часцей маскі выклікаюць адкрытую грамадзянскую канфрантацыю. Напрыклад, у Оклендзе рабочыя адной з фірмаў узнялі страйк супраць нашэння масак.
Пішуць, што ў бедных кварталах, дзе шмат прыхільнікаў кансерватараў, чалавек з маскай успрымаецца як прадстаўнік багатай эліты, што робіць яго патэнцыйнай ахвярай злачынцаў. На думку каментатараў, тэма масак імкліва становіцца яшчэ адным прадметам культурнай вайны ліберальнай і кансерватыўнай Амерыкі, якая рана ці позна можа раскалоць краіну.
Паводле амерыканскай прэсы