Зяленскі папярэдзіў аб ашуканцах, што выкарыстоўваюць яго імя
Людзі, якія заяўляюць пра паўнамоцтвы, нібыта прадастаўленыя Уладзімірам Зяленскім, — аферысты, заявіў пераможца прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Ён заклікаў звяртацца ў праваахоўныя органы.
Уладзімір Зяленскі, які атрымаў перамогу на выбарах прэзідэнта Ўкраіны, папярэдзіў украінцаў аб аферыстах, якія дзейнічаюць «ад яго імя». Паводле слоў будучага кіраўніка дзяржавы, такія людзі ходзяць «да мэраў, у аблсаветы, да суддзяў, пракурораў, да прадстаўнікоў бізнесу» і заяўляюць ім пра свае паўнамоцтвы, нібыта прадастаўленыя Зяленскім.
«Ніякіх "вырашалаў" ад Зяленскага ва Ўкраіне няма і быць не можа. Будзьце пільнымі, не верце аферыстам ў розных гарадах краіны. Толькі разам мы можам разбурыць сістэму "дагаварнякоў" і карупцыі», — заявіў Зяленскі ў відэазвароце, апублікаваным у мікраблогу Twitter у суботу, 27 красавіка.
«Я нікога ні на што не ўпаўнаважваў. І ў будучыні не збіраюся», — падкрэсліў ён. Зяленскі заклікаў суграмадзян паведамляць пра падобныя эпізоды ў праваахоўныя органы.
21 красавіка ва Ўкраіне завяршыўся другі тур выбараў прэзідэнта. Па дадзеных ЦВК Украіны, Уладзімір Зяленскі набраў 73,22 працэнта галасоў, а дзеючы кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка — 24,45 працэнта. Афіцыйныя вынікі выбараў могуць быць абвешчаныя 30 красавіка.
dw.com