Украіна паказала: магчыма ўсё!

Украіна можа стаць своеасаблівым палігонам для будучай Беларусі

kaupak_1_logo.gif

Да гэтага часу няма больш цікавай навіны, чым перамога Уладзіміра Зяленскага на выбарах прэзідэнта Украіны. Ён набраў 75% галасоў і стане новым гарантам нашай паўднёвай суседкі.

Сам Зяленскі пракаментаваў сваю перамогу проста: «Усё магчыма». А дакладней, яго словы гучалі так: «Пакуль я яшчэ не прэзідэнт, павінен сказаць як грамадзянін Украіны ўсім краінам, экс-рэспублікам Савецкага Саюза — паглядзіце на нас, усё магчыма».

Праўда, у тое, што ўсё магчыма, гэтыя экс-рэспублікі Савецкага Саюза пакуль не вераць. Ці самі кпяць з сябе. Вельмі папулярны зараз жарт, калі адзін чалавек выстаўляе ў сеціва навіну: «Ва Украіне ў другім туры Уладзімір Зяленскі перамог Пятра Парашэнку». Пад гэтай навіной каментары: «Патлумачце, што такое “другі тур” — прашу прабачэння, я з Расіі». «А што, можна два кандыдаты? Выбачаюся, я з Беларусі».

Мой добры сябар з Кіеву пасля першага туру прэзідэнцкіх выбараў, калі Зяленскі выйшаў у фінал прэзідэнцкай гонкі, запытаў мяне: «А што ў вас у Беларусі з моладдзю? Яна паўсюдна такая, як у нас, што галасуе за Зяленскага?» У Зяленскага нібыта не было эканамічнай, палітычнай і знешнепалітычнай праграмы. І, тым не менш, Украіна прагаласавала за яго…

Адказаў я на пытанне сябра проста: «За Зяленскага ваша моладзь галасуе, бо ў яе ёсць выбар. Чаго пра беларускую сітуацыю не скажаш». Выбар, свабоднае волевыяўленне грамадзян — гэта галоўнае, што прадэманстравала Украіна. І таму Зяленскі мае права казаць: «Магчыма ўсё».

Нездарма старшыня беларускага ЦВК Лідзія Ярмошына, высока ацаніўшы першы тур галасавання, на пытанне, што б яна ўзяла з украінскіх выбараў для досведу Беларусі, адказала: «Нічога». Свабода, адкрыты падлік галасоў, вольнае назіранне, калі журналісты швэндаюцца па выбарчым участку, як па сваёй хаце, — наўрад ці ўкладаецца ў яе галаве.

Нешта ёсць у Зяленскім ад маладога Лукашэнкі. На голым папулізме прарвацца на вышыню ўлады… Дый маладога Лукашэнку старая наменклатура не ўспрымала ўсур’ёз — для іх ён таксама быў комікам. Гэтая памылка дорага абыходзіцца Беларусі.

Зараз усе кажуць, што Украіна галасавала не столькі за Зяленскага, колькі супраць Парашэнкі і яго старой наменклатуры. Тое ж можна казаць і пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ўзору 1994 года — галасавалі не за Лукашэнку, а супраць тагачаснага прэм’ера Кебіча. Выйграй Кебіч, які падпісаў з Чарнамырдзіным пакт пра пераход Беларусі на расійскі рубель, — невядома, дзе б мы былі зараз. Як адгукнецца Украіне галасаванне «супраць Парашэнкі» — яшчэ паглядзім.

Наўрад ці, канешне, будзе нешта, падобнае на Беларусь. Украіна — не Расія і не Беларусь. Калі новы ўкраінскі кіраўнік паспрабуе разагнаць парламент, перапісаць Канстытуцыю ці ўчыніць нешта такое — тамтэйшым грамадзянам нішто не перашкодзіць наладзіць новы Майдан. І ад дыктатарскіх амбіцый коміка застануцца толькі рожкі ды ножкі.

Дарэчы, за тое, што «ўсё магчыма», новы ўкраінскі прэзідэнт павінен шчыра дзякаваць мінуламу. Пётр Парашэнка — прыклад таго, як сыходзіць годна. Як толькі стала дакладна вядома, што ён не выйграе, Парашэнка не проста павіншаваў Зяленскага з перамогай — ён прапанаваў яму дапамогу, калі тая спатрэбіцца. Але і папярэдзіў, што не сыходзіць з палітыкі, ідзе ў апазіцыю, і гэтая апазіцыя будзе вельмі моцнай, аднак — на карысць краіне.

Прыняць волевыяўленне народа, такое, як яно ёсць, не фальсіфікуючы вынікі выбараў, не падладжваючы галасаванне на сваю карысць, не граючы ў «пераемнікаў», не перапісваючы Асноўны закон «пад сябе», — гэта таксама мужна і годна.

Гэта тое, чаго не хапіла нашаму «гаранту». І ў гісторыі ён застанецца не як «першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь», а як чалавек, які ўсімі сіламі трымаўся за ўладу.

Украінскія выбары паказалі, наколькі далёка — пры гэтым усяго за пяць гадоў і ва ўмовах вайны, — можа прайсці краіна ў дэмакратычных пераўтварэннях, калі яна гэтага жадае.

Калі-небудзь Беларусь таксама будзе абіраць другога прэзідэнта, другога кіраўніка дзяржавы. Безумоўна, у нас таксама ўзнікнуць кандыдаты-комікі. Таму зараз нам трэба прыглядацца да паўднёвай суседкі як да палігона. Трэба бачыць і асэнсоўваць, што будзе, калі да ўлады прыходзяць людзі, якія слаба ўяўляюць, што з той уладай рабіць. Калі ў Зяленскага не атрымаецца — гэта будзе і нам «прышчэпка ад папулізму». І тады казаць: «Вы хочаце, каб было, як ва Украіне?», мы бу­дзем зусім з іншым кантэкстам.

А калі атрымаецца, будзе важны доказ: калі людзі вольныя, калі іх чуюць, калі галасы на выбарах сапраўды лічаць, а вышэйшыя асобы дзяржавы за ўладу не чапляюцца і прызнаюць выбар народа — магчыма ўсё. Нават неверагоднае.