Замежныя СМІ пра Беларусь: 13–19 чэрвеня
У Беларусі стыхійна ўзнікаюць забастоўкі, удзельнікі якіх не вылучаюць палітычных патрабаванняў. Працоўныя заводаў хочуць толькі аднаго — атрымаць зарплату. Працадаўцы не заўсёды могуць задаволіць гэта патрабаванне. Прычына — у скарачэнні аб’ёмаў продажаў і росце неплацяжоў.
Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што разглядае цяжкасці, якія склаліся на прадпрыемствах, як часовыя, якія працягнуцца максімум да восені, а таму іх трэба проста перажыць. Праўда, мясцовыя аналітыкі
кажуць, што самі ўлады ў гэта не вераць. Перанос прэзідэнцкіх выбараў на больш ранні тэрмін яны лічаць доказам гэтага.
«Независимая газета» (Расія)
Упершыню за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў электаральны год характарызуецца крызісам нацыянальнай эканомікі. Такім чынам кіруючая эліта пазбаўленая магчымасці «пагуляць у
папулізм» — ініцыяваць істотнае павышэнне ўзроўню заробкаў і сацыяльных выплат. Выбары праходзяць на фоне магутнага знешнепалітычнага крызісу, які па сваіх выніках можа
змяніць баланс сіл у рэгіёне. Агрэсіўная пазіцыя Расійскай Федэрацыі нясе прамую пагрозу правядзенню выбараў «у беларускай стылі». Такое спалучэнне ўнутраных і знешніх фактараў
стварае ўнікальную сітуацыю для змены ўнутранага і знешнепалітычнага курсаў Беларусі.
«Хвиля» (Украіна)
Змена даты галасавання наўрад ці звязана з нейкімі сур’ёзнымі пагрозамі дзеючай уладзе з боку апазіцыі або саміх народных мас. Тут аднадушныя ўсе — эксперты, актывісты,
апазіцыянеры — Майдан ва Украіне і падзеі пасля яго настолькі ўразілі беларусаў, што аб масавых пратэстах ніхто і не падумвае. Тады, як можна заўважыць па выніках дыскусій у сацыяльных
сетках, прычынай становіцца эканоміка. Напрыклад, у інтэрнэце папулярны жарт пра прызначаную на наступны дзень пасля выбараў дэвальвацыю, што цалкам лагічна з-за некалькіх абвалаў рубля ў папярэднія
гады пры пастаянных запэўненнях улады напярэдадні, што ў гэты раз ніякай валютнай ліхаманкі не прадбачыцца.
«RFI» (Францыя)
Старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта, міністрам абароны і ўнутраных спраў Беларусі 2 чэрвеня ўручана распараджэнне кіраўніка дзяржавы аб праверцы сістэмы ўзмацнення аховы дзяржаўнай мяжы на
паўднёвым напрамку і тэрытарыяльнай абароны Гомельскай вобласці. Пра гэта паведамляюць беларускія СМІ. Кантрабанда была і будзе. Іншая справа, якія формы яна прымае. Калі гэта свайго роду дробная
прыработка для адных і асноўны даход для нямногіх іншых — адна справа. Калі «кантрабас» становіцца адзінай сур’ёзнай крыніцай даходу для цэлага рэгіёну —
справа зусім іншая. З восені мінулага года «нефармальныя гандлёвыя адносіны» паміж Беларуссю і Украінай змяніліся карэнным чынам. Калі раней танныя і якасныя прадукты везлі з
Беларусі на Украіну, то зараз танныя, але сумнеўнай якасці, вязуць ужо ў Беларусь.
«Однако» (Расія)
З’яўленне адзінай праваслаўнай царквы ва Украіне аўтаматычна прывядзе да перадзелу сфер уплыву ў праваслаўным свеце. Менавіта таму Крэмль рабіў і робіць усё магчымае для недапушчэння
прызнання любой іншай праваслаўнай царквы ва Украіне, акрамя свайго ўласнага структурнага падраздзялення — УПЦ МП. Калі яна «страціць Украіну», то наступнымі будуць
Беларусь і Малдова. Лукашэнка яшчэ 3 гады таму казаў пра неабходнасць уласнай памеснай царквы. У адказ Крэмль даслаў кіраваць Беларускім экзархатам аднаго з самых рэакцыйных іерархаў, прыхільніка
«рускага свету», ураджэнца Караганды, былога слесара, Панамарова Георгія Васільевіча (мітрапаліта Паўла). Лукашэнка ўзяў паўзу. Але гэта не значыць, што ён не скарыстаецца выгаднай
сітуацыяй пры паслабленні РПЦ.
«Политика» (Украіна)