На Віцебшчыне вызначылі самыя беларускія CМІ (фотарэпартаж)

Сёлета Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднаньня «ТБМ імя Францыска Скарыны» правяла агляд-конкурс «З беларускім словам». Рэдактараў газет-пераможцаў запрасілі на ўзнагароджанне, якое адбылося падчас ўрачыстай імпрэзы, прысвечанай Васілю Быкаву.



vitebsk_0620_f3_1_.jpg

Паводле Іосіфа Навумчыка, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА «ТБМ імя Францыска Скарыны», конкурс для мясцовых СМІ праводзіўся, каб заклікаць журналістаў і рэдакцыйныя калектывы да шырэйшага ўжываньня роднай мовы ў друку.

Ён праходзіў на працягу 2014 году. Спачатку ў рэдакцыйныя калектывы даслалі лісты, што ГА «ТБМ імя Францыска Скарыны» абвяшчае конкурс, і актывісты будуць знаёміцца са зместам газет, каб вызначыць, ці шмат друкуецца беларускамоўных матэрыялаў.

baj.by__sites_default_f_e1a65e98c31a984a3cceb98e3ad96238.html

І.Навумчык віншуе рэдактара "Вольнага Глыбокага", сябра ГА БАЖ Уладзіміра Скрабатуна

Арганізатары конкурсу аглядалі ўсе выданні, што выходзяць у Віцебскай вобласці — як у абласным цэнтры, так і ў рэгіёнах. Паводле І.Навумчыка, ні гарадская газета "Витьбичы", ні абласная "Витебские вести" не прадэманстравалі памкнення да папулярызацыі роднага слова — матэрыялаў па-беларуску ў гэтых выданнях заўжды вельмі мала.

baj.by__sites_default_f_e1b717746cadce2b9d1e45bd5e915d3f.html

Дыплом і падарункі для рэдакцыі "Каталіцкага весніка" атрымаў Дзмітрый Лупач

У ліку пераможцаў апынулася недзяржаўная абласная газета "Каталіцкі веснік", а таксама рэгіянальнае незалежнае выданне "Вольнае Глыбокае". Што да дзяржаўных СМІ, то першае месца, паводле Іосіфа Навумчыка, падзялілі адразу чатыры раённыя газеты: "Браслаўская звязда" (Браслаў), "Герой працы" (Шуміліна), "Патрыёт" (Ушачы) і "Міёрскія навіны" (Міёры). Другое месца заняла "раёнка" Докшыччыны "Родныя вытокі", а трэцяе — адразу дзве раённыя газеты — "Пастаўскі край" (Паставы) і "Кліч Радзімы" (Шаркаўшчына).

Прадстаўнікі рэдакцый, якія прыехалі ў вёску Бычкі Вушацкага раёну на святкаванне 91-х угодкаў Васіля Быкава, атрымалі ад ГА «ТБМ імя Францыска Скарыны» зборы твораў пісьменніка ды іншую мастацкую літаратуру. Добрыя кнігі на роднай мове атрымаюць і асобныя аўтары, якія ў сваіх газетах найчасцей друкуюць артыкулы па-беларуску.

baj.by