Брэст: у адносінах да незалежнага журналіста Алеся Ляўчука рыхтуецца новая адміністрацыйная справа
Гэтым разам яна тычыцца рэпартажу пра вядомага брэсцкага футбаліста Рамана Васілюка, які з’явіўся у эфіры тэлеканала “Белсат”.
Паводле словаў Алеся Ляўчука, увечары 18 чэрвеня яму патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі з Ленінскага РАУС Брэста і паведаміў, што супраць фрылансера распачаты адміністрацыйны працэс на падставе часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях.
З паведамлення міліцыянта вынікае, што нагодай з’явіўся рэпартаж на тэлеканале “Белсат”, прысвечаны новаму дасягненню футбаліста брэсцкага “Дынама” Рамана Васілюка, які зрабіў 100 галявых перадач падчас гульняў чэмпіяната Беларусі. Сам Васілюк нібыта ўжо апытаны па гэтай справе, і зараз у міліцыі рыхтуюць у адносінах Алеся Ляўчука новы пратакол, які фактычна тычыцца абвінавачвання ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Нагадаем, што незалежнага журналіста з Брэста на падставе згаданага артыкула Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях судзілі ўжо двойчы: напрыканцы 2014 года Ляўчук был пакараны штрафам памерам 40 базавых велічынь, а сёлета ў сакавіку — штрафам на 21 базавую велічыню.