Замежныя СМІ пра Беларусь: 24 мая — 31 мая

Зніжэнне таваразвароту з Еўрасаюзам і Расіяй можа негатыўна адбіцца на эканоміцы краіны. Эксперты не выключаюць вяртання да крызісу 2011 года, калі беларускі рубель абясцэніўся ў тры разы. Пазбавіўшыся магчымасцяў бяспошліннага экспарту ў Еўропу растваральнікаў, Беларусь не далічыцца ў 2013 годзе мільярдаў долараў. Скараціліся таксама пастаўкі беларускай тэхнікі ў Расію. Падзенне экспарту ў сукупнасці з неабгрунтаваным павышэннем заробкаў можа балюча ўдарыць па беларускай эканоміцы, папярэджваюць эксперты. «Deutsche Welle» (Германія)



smi4.jpg

Нягледзячы на высокую даходнасць па ўкладах у нацыянальных банках, беларусы аддаюць перавагу трымаць грошы ў замежнай валюце. Насельніцтва мае вопыт, калі два гады таму яно практычна страціла свае зберажэнні з-за дэвальвацыі беларускага рубля. Плюс ёсць тэндэнцыя росту даходаў насельніцтва, тэндэнцыя актыўнай працы друкаванага станка. Тэндэнцыя на куплю замежнай валюты будзе ў бліжэйшыя месяцы ўзмацняцца. Гэта, вядома, прывядзе да пэўнай нагрузкі на валютны курс. Нацыянальны банк будзе вымушаны штучна падтрымліваць гэты курс. Альбо валютны курс будзе падаць, альбо банк яго будзе падтрымліваць.

«Голос России» (Расія)

 

Калі ў залежнасці ад міжнароднай сітуацыі ЕС пачынае рознымі спосабамі ціснуць на Мінск, той заўсёды можа разлічваць на Расію. Масква ўмела гэтым карыстаецца: яна ператварыла Беларусь у сваю базу, прывозячы туды ўсё больш узбраенняў і ваеннай тэхнікі. Абедзве арміі рэгулярна адпрацоўваюць сцэнар нападу на Польшчу і краіны Балтыі. Хоць у апошні час адносіны паміж дзвюма дзяржавамі сталі халаднаватыя, Расія застаецца найважнейшым саюзнікам Беларусі, і тая, здаецца, не збіраецца адмаўляцца ад гэтага супрацоўніцтва.

«WPolityce» (Польшча)
 

Аб’яднанне МАЗа і КАМАЗа, пра якое вядуць перамовы кіраўнікі прадпрыемстваў, апынулася пад пагрозай з-за прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка, імкнучыся паказаць, як ён клапоціцца пра краіну і народ, выгандлёўвае найлепшыя ўмовы, і такім чынам зацягвае справу. Акрамя палітычных балаў, яго гульня мае на мэце атрыманне больш спрыяльных умоў па пастаўках нафты і газу. Як лічаць спецыялісты, для МАЗа зліццё значна важней. Калі час будзе страчаны, прадпрыемства можа проста збанкрутаваць. На ўсе роздумы застаўся максімум год.

«MoneyJournal» (Расія)
 

Вядома, Беларусь не так важная для ЕС, як для Расіі, аднак краіны-суседкі зацікаўленыя прыцягнуць яе да еўрапейскай інтэграцыі і гатовыя на гэтым шляху зноў выпрабаваць варыянт дыялогу. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што папярэдні такі дыялог сапраўды прынёс некаторыя змены, нягледзячы на тое, што большая частка анансаваных рэформаў была імітацыяй. У дачыненні да новага дыялогу эксперты таксама кажуць, што ён будзе безвынiковы — улады Беларусі зноў толькі зробяць выгляд, што рэфармуюць эканамічную і палітычную сістэму, а на самай справе ўсё захаваюць у ранейшым выглядзе, паколькі рынак і дэмакратыя супярэчаць логіцы цяперашняй улады. У экспертным асяроддзі выказваецца меркаванне, што даклад Палецкіса — вынік дыпламатычных намаганняў афіцыйнага Мінска. Яны нагадваюць, што цяперашні дакладчык згадваецца ў плане лорда Бэла па выратаванні рэпутацыі Беларусі і прэзідэнта Лукашэнкі. Нагадаем, што ён на камерцыйнай аснове абяцаў аказаць PR-паслугі беларускім уладам.

«Независимая газета» (Расія)